Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Грамыка мог застацца ў «Тарпеда», але не падабаўся статус, вяртанне ў Беларусь – крайні варыянт

Грамыка мог застацца ў «Тарпеда», але не падабаўся статус, вяртанне ў Беларусь – крайні варыянт

У мiнскае «Дынама» экс-гулец БАТЭ не спяшаецца.

Аўтар — bytribuna com
29 лютага, 18:00
Грамыка мог застацца ў «Тарпеда», але не падабаўся статус, вяртанне ў Беларусь – крайні варыянт

16 лютага беларускі паўабаронца Валерый Грамыка пакінуў маскоўскае «Тарпеда» з расiйскага Д2. У клуб 27-гадовы футбаліст перайшоў 8 верасня 2023 года з БАТЭ, заключыўшы кантракт на тры гады – але пратрымаўся крыху больш за пяць месяцаў. Пакуль пра наступнае месца працы футбаліста не аб’яўлялася – былі толькі чуткі пра магчымае вяртанне ў ЧБ.

«Трыбуна» расказвае, чаму Грамыка аказаўся не патрэбны масквічам і якія ў яго кар’ерныя перспектывы.

Да моманту трансферу за 2023-ы Грамыка правёў за барысаўчан 29 матчаў, у якіх забіў 11 мячоў і аддаў пяць асістаў. Па даных «Трансфермаркт», БАТЭ атрымаў за гульца 150 тысяч еўра, журналіст Уладзіслаў Татур увогуле меў даныя пра ўсяго 100 тысяч долараў. Пры гэтым заробак футбаліста павялічыўся ў разы.

Грамыка прыйшоў у «Тарпеда» пад кіраўніцтвам іспанскага трэнера Хасэпа Клатэта, які выпусціў гульца ў пяці матчах, але пасля гэтага быў звольнены. 3 кастрычніка в. а. галоўнага стаў расійскі трэнер Арцём Горлаў, які таксама давяраў Грамыку – той правёў яшчэ шэсць сустрэч. Але ў цэлым поспеху не было ні ў футбаліста (адзін асіст за ўсе матчы), ні ў каманды (восьмае месца да зімовага перапынку з адставаннем у сем балаў ад зоны стыкаў за Д1).

16 студзеня Горлаў пакінуў «Тарпеда», а клуб узначаліў Алег Конанаў, які пачаў перабудову пад сябе. Ужо на першым зімовым зборы каманды ў ААЭ трэнер не асабліва давяраў Грамыку ў кантрольных матчах і нярэдка пакідаў гульца на лаўцы. Хаця ў матчы з «Урарту» Грамыка, які выйшаў на поле ў перапынку, вызначыўся прыгожым пераможным голам з-за межаў штрафной.

Зрэшты, як удалося даведацца, яшчэ падчас першых збораў у футбаліста адбылася размова з трэнерамі і кіраўніцтвам клуба. Грамыку было сказана, што ў другой частцы сезона ён будзе запасным, таму што Конанаў не бачыць яго ў асноўным складзе – маўляў, у паўабароне хапае тых, хто глядзяцца мацней. Клуб не ініцыяваў скасаванне кантракту – у такім выпадку гульцу належыла кампенсацыя. Але Грамыка пасля некаторых роздумаў вырашыў, што лепш знайсці сабе новы клуб, чым атрымліваць грошы, але не мець нармальнай гульнявой практыкі. У выніку кантракт быў скасаваны «па дамове бакоў».

Далей два тыдні Грамыка трэніраваўся індывідуальна. Тым часам інсайдары паведамілі пра цікавасць да гульца з боку мінскага «Дынама». Трэнер клуба Вадзім Скрыпчанка прызнаваў, што клуб не адмовіўся б ад паслуг футбаліста ўзроўню Грамыкі.

Аднак, як удалося даведацца «Трыбуне», «Дынама» ўвогуле не выходзіла на футбаліста і не прапаноўвала яму вярнуцца ў ЧБ. Перамовы з гульцом клуб спрабаваў весці ў пачатку 2023-га, аднак тады Грамыка працягнуў пагадненне з БАТЭ.

Цяпер футбаліст знаходзіцца ў Маскве i мае намер прадоўжыць кар’еру за межамі Беларусі. Па нашых даных, Грамыка мае некалькі канкрэтных прапаноў ад клубаў з Расіі і Д1 Казахстана. Праўда, на зарплату ўзроўню 17-20 тысяч долараў, як у «Тарпеда», пры цяперашніх варыянтах разлічваць не даводзіцца.

Мінскае «Дынама» ж для Грамыкі бачылася варыянтам на крайні выпадак, калі б іншых не было наогул. Пра гэта клубу прэвентыўна паведаміў агент гульца Аляксандр Перапечка, які працуе і з некалькімі футбалістамі «Дынама».

Што тычыцца заявы галоўнага трэнера БАТЭ Ігара Крывушэнкі, што ў клубе, маўляў, «разгледзелі б кандыдатуру Грамыкі, калі б у яго было жаданне», то, паводле нашых звестак, барысаўчане былі не асабліва зацікаўленыя ў паслугах паўабаронцы. На справе пра вяртанне гульца ў БАТЭ размовы не заходзіла.

Іншыя пасты блога

Усе пасты