Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Дынама» вярнула ў Беларусь замежнiка, які тут дзіўна ажаніўся з дачкой трэнера. Цяпер прыехаў з дзiцем і іншай беларускай

«Дынама» вярнула ў Беларусь замежнiка, які тут дзіўна ажаніўся з дачкой трэнера. Цяпер прыехаў з дзiцем і іншай беларускай

Былы напарнiк Шкурына, якi быццам хацеў змянiць зборную.

Аўтар — Pam-pam
23 сакавіка, 15:30
«Дынама» вярнула ў Беларусь замежнiка, які тут дзіўна ажаніўся з дачкой трэнера. Цяпер прыехаў з дзiцем і іншай беларускай

20 сакавіка мінскае «Дынама» абвясціла пра падпісанне кантракта з 26-гадовым казахстанскiм паўабаронцам Уладзіславам Васільевым. У мінулым сезоне ён стаў чэмпіёнам Казахстана ў складзе «Ардабасы» – за каманду беларускага трэнера Аляксандра Сяднёва правёў 20 матчаў, у якіх па разу забiў i асiставаў. У 2024-м Васiльеў атрымаў некалькi хвiлiн у матчы за Суперкубак Казахстана, які «Ардабасы» прайграў «Таболу» ў серыі пенальці (у ёй гулец не бiў), а ў матчах чэмпiяната заставаўся на лаўцы.

Цяпер Васiльеў вяртаецца ў ЧБ, дзе ў яго немалы досвед. У 2018-м годзе паўабаронца прыехаў у «Энергетык-БДУ», якi даўно славiцца ўменнем знайсцi i раскрыць гульцоў з усходняга накiрунку. Казахстанец стаў адным з лідараў каманды і дапамог падняцца ў элітны дывізіён. Там Васiльеў набраў 2+7 за 15 матчаў сезона-2019 – дарэчы, адзiн з асiстаў быў на Iллю Шкурына, якi ў тым годзе стаў найлепшым бамбардзiрам ЧБ з 19 мячамi.

Ужо летам 2019-га Васiльева набыло брэсцкае «Дынама», якое тады iшло да чэмпiёнства. А яшчэ пераход суправаджаўся iнфармацыяй, што Васiльеў адмовiўся ад выкліку ў зборную Казахстана нiбыта з-за таго, што разлiчваў атрымаць права выступаць за зборную Беларусi. Праўда, сам гулец тады адмовiўся адказваць на пытаннi наконт сiтуацыi.

Тады ў дакументах FIFA знайшлася зноска, што ў некаторых выпадках гулец можа атрымаць права выступаць за зборную новай краiны не праз пяць гадоў пражывання там, як звычайна, а ўжо праз два гады (дарэчы, цяпер такiх выключэнняў няма). А ў жнiўнi 2019-га журналiсты даведалiся, што Васiльеў зрабiў моцны ход для гэтага – яшчэ ў 2018-м ажанiўся з грамадзянкай Беларусi Iрынай Бяляўскай, студэнткай медунiверсiтэта i дачкой трэнера «Энергетыка-БДУ» Уладзіміра Бяляўскага.

Але ж гэты шлюб ад пачатку быў вельмi падобны да фiктыўнага. Вяселле ніяк не афішавалася, пра наяўнасць у Васiльева адносiн, тым больш афiцыйных, да паведамленняў прэсы не ведалi нават яго таварышы па камандзе, а ў сацсетках казахстанца i яго жонкi не было нi аднаго сумеснага фотаздымка. Усе бакi тады адмаўлялiся ад каментарыяў наконт жанiцьбы.

Васiльеў правёў усяго 8 матчаў за чэмпiёнскае «Дынама» i сышоў у другi брэсцкi клуб «Рух» (дарэчы, да трэнера Сяднёва). Там футбалiст зноў паказаў свае ўменнi – 8+6 за 26 матчаў сезона-2020. А ў кастрычніку 2020-га Васiльеў дэбютаваў на ўзроўнi зборных у матчы ў Мiнску. Адно «але»: гуляў паўабаронца ўсё ж такi за Казахстан – прыняў чарговы выклiк перад гасцявым матчам супраць зборнай Беларусi, якая тады яшчэ гуляла ў межах краiны. Васiльеў правёў на полi 79 хвiлiн, але не дапамог казахстанцам – Беларусь выйграла 2:0. А матч на амаль пустым стадыёне ў пару пратэстаў супраць рэжыму запомнiўся найбольш нецвярозымi крычалкамi былога ахоўнiка Лукашэнкi з пасадай намкiраўнiка АБФФ Мiхаiла Ботнiкава.

Васільеў з таго часу правёў за Казахстан яшчэ 11 матчаў, у якіх вызначыўся адным асiстам. Апошні свой матч за зборную футбалiст згуляў у чэрвені 2022-га таксама супраць Беларусі – паўабаронца зʼявіўся на полі на 77-й хвіліне сустрэчы, якая завяршылася з лікам 1:1. Больш Васiльева пакуль не вызываюць.

У пачатку 2021-га паўабаронца вярнуўся ў «Энергетык». Потым былi арэнда ва ўзбекістанскі «Андыжан», а на сезон-2022 Васiльеў паехаў у казахстанскi «Табол». Там у сярэдзiне года проста на футбольным полi гулец даведаўся пол свайго будучага дзiцяцi.

Але ж да дачкi Бяляўскага гэта падзея нiякага дачынення не мае (хаця пра развод таксама нiчога невядома). Сужыцелькай Васiльева да таго часу ўжо была Аляксандра Буляк – iншая дзяўчына, якую футбалiст сустрэў у Беларусi. Калiсьцi яна працавала ў караоке-клубах Мінска, а цяпер суправаджае Васiльева па клубах футбольных.

Цi ёсць тут шлюб – гэта з сацсетак зразумець не атрымалася. Затое ў акаўнтах Булак нямала фота з дачкой – Валерыя нарадзiлася ў вераснi 2022-га.

Няма нiякай прыватнай інфармацыі і ў сацсетках Ірыны Бяляўскай. Дзяўчына перастала дзяліцца нават асабістымі здымкамі са жніўня 2019-га, усе абнаўленні апошніх гадоў – рэпосты матэрыялаў на медыцынскую тэматыку.

Яе бацька, Уладзімір Бяляўскі, летам 2022-га ўзначаліў «Аланію» з расійскага Д2, але прапрацаваў там толькі да сакавіка 2023-га. Як зазначаў сам беларускі спецыяліст, яму хацелася скончыць супрацоўніцтва, бо стала зразумела, што клуб не атрымае павышэнне ў класе. Акрамя таго, Бяляўскі супрацоўнічаў з акадэміяй Адыла Ахмедава ва Узбекістане (сацсеткі праекта не абнаўляюцца апошнія некалькі месяцаў) і, са слоў самога спецыяліста, мае дачыненне да развіцця маладзёжнага футбола ў казахстанскім Жэзказгане.

Што да Васільева ў «Дынама», то галоўны трэнер мінчан Вадзім Скрыпчанка хацеў «сталага гульца сярэдзіны поля», але там у камандзе немалая канкурэнцыя. Паглядзiм, цi пераможа ў ёй казахстанец.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты