Tribuna/Футбол/Блогі/«Дзверы зачыняюцца». Месі не хоча працягваць кантракт з «ПСЖ» – незадаволены зацыкленасцю на Мбапэ

«Дзверы зачыняюцца». Месі не хоча працягваць кантракт з «ПСЖ» – незадаволены зацыкленасцю на Мбапэ

Зорнае трыа, магчыма, праводзіць апошні сезон разам.

20 лютага 2023, 09:13
«Дзверы зачыняюцца». Месі не хоча працягваць кантракт з «ПСЖ» – незадаволены зацыкленасцю на Мбапэ

Калі ў студзені выходзіў матэрыял «35 найлепшых гульцоў, чый кантракт заканчваецца праз паўгода», было страшна, што да моманту выхаду тэксту сітуацыя з галоўным футбалістам з гэтага спісу стане вырашанай. Гаворка пра Ліянеля Месі. У пачатку года здавалася, што аргенцінец вось-вось падоўжыць кантракт з «ПСЖ», парыжане збяруць некалькі мільёнаў лайкаў у інстаграме пад гэтай навіной, а ў фанатаў Леа адродзіцца надзея, што іх кумір усё ж такі выйграе Кубак Францыі – адзіны трафей, які пакуль што не пакарыўся легендзе футбола.

Хаця ў тым жа матэрыяле ў канцы расповеду пра сітуацыю з кантрактам было асцярожна дапісана: «Хаця ў гэтым свеце ўсё можа хутка змяніцца, таму пакуль што ўсё ж такі заносім Месі ў гэты спіс». Як у ваду глядзелі – зараз новае пагадненне Леа з парыжанамі пад вялікім пытаннем. Больш за тое – усё ідзе да таго, што ўлетку аргенцінец пакіне клуб.

Распавядаем галоўнае.

Леа незадаволены стратэгіяй клуба – будаваць праект вакол Мбапэ і жаданнем пазбавіцца ад Нэймара. Атмасфера ў раздзявальні зноў сапсавалася

Diario Sport, CBS Sports, іншыя выданні і розныя аўтарытэтныя футбольныя інсайдэры пасля ЧС-2022 з упэўненасцю казалі, што клуб і гулец блізкія да падаўжэння кантракту (дзеючая дамова разлічана да канца чэрвеня гэтага года), заставалася толькі абгаварыць дэталі. Паведамлялася пра варыянты 1+1 або проста кантракт на 2 гады. Адной з прычын згоды Месі падоўжыць кантракт называлі той факт, што ні адзін іншы клуб не зрабіў яму годнай прапановы.

За апошнія тыдні не з'явілася інфармацыя пра тое, што нейкі клуб усё ж такі здолеў зацікавіць аргенцінца, аднак інсайды пра перамовы па працягу кантракта сталі менш аптымістычнымі для фанатаў парыжан.

Выданне L'Équipe паведаміла, што галоўнай прычынай стала незадаволенасць футбаліста стратэгіяй клуба. Месі не разумее, чаму «ПСЖ» будуе праект толькі вакол Кіліяна Мбапэ, тады як у клубе таксама ёсць зоркі маштабу Леа і Нэймара. Аргенцінцу таксама не спадабалася, што кіраўніцтва спрабавала пазбавіцца ад бразільца мінулым летам, гулец лічыць, што гэта недапушчальна для клуба, які мае мэтай перамогу ў Лізе чэмпіёнаў.

Босы «ПСЖ», па чутках, найбліжэйшым летам сапраўды зноў паспрабуюць развітацца з бразільцам. Іх не задавальняе серыя няўдалых выступаў Нэймара пасля чэмпіянату свету, а таксама канфліктнасць футбаліста. Больш за тое, у «ПСЖ» нават гатовы адпусціць бразільца бясплатна, каб не плаціць яму 36 млн еўра ў год аж да 2027-га.

Адзначаецца таксама, што пасля ЧС-2022 атмасфера ў раздзявальні парыжан значна пагоршылася, і гэта яшчэ адна прычына, чаму Месі не спяшаецца падпісваць новае пагадненне.

Нягледзячы на ўсе гэтыя інсайды, асяроддзе аргенцінца працягвае сцвярджаць, што Леа шчаслівы ў Парыжы. Аднак факт, што аргенцінец да гэтага часу не працягнуў дамову арэнды асабняка, у якім пражывае са сваёй сям'ёй, гуляе на руку тым, хто сцвярджае, што новага кантракту не будзе.

15 лютага адбылася сустрэча паміж Хорхе Месі, бацькам футбаліста, і кіраўнікамі «ПСЖ». Па інфармацыі L'Équipe, бакі не змаглі прыйсці да пагаднення. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя дні адбудзецца яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў Леа і «ПСЖ», аднак выданне са спасылкай на сваякоў Месі піша, што «дзверы, шырока адчыненыя падчас чэмпіянату свету, павольна зачыняюцца». А ананімныя крыніцы ў парыжскім клубе адказваюць: «Працягненне кантракта з ім выглядае ўсё больш праблематычным».

У клубе ўзнікла адчуванне, што аргенцінец проста цягне час, што таксама стала прычынай негатыўнай атмасферы ў працэсе перамоў. Адзначаецца, што «ПСЖ» дакладна не гатовы пайсці на ўсё, каб утрымаць Месі. Тым не менш, перамовы будуць працягвацца.

Праўда, асяроддзе аргенцінца ўжо вывучае іншыя варыянты працягу кар'еры Леа.

А куды ён можа пайсці?

Здавалася б, на гульца, які толькі некалькі месяцаў таму выдаў неймаверны ЧС, стаўшы найлепшым гульцом турніру, і які знаходзіцца на мяжы таго, каб пакінуць цяперашні клуб бясплатна, павінен быць попыт. Аднак нават чутак пра цікавасць да Месі пакуль вельмі мала – усяго тры.

«Інтэр Маямі»

Пра жаданне клуба МЛС падпісаць Леа ўпершыню загаварылі яшчэ восенню, да чэмпіянату свету. Паведамляецца, што зараз і сам гулец не супраць працягнуць кар'еру за акіянам, хоць яшчэ ў лістападзе прадстаўнікі гульца паведамлялі, што не разглядаюць такі варыянт.

Пры гэтым у амерыканскім клубе разумеюць, што здзейсніць трансфер будзе цяжка. Галоўны трэнер «Інтэра» Філ Нэвіл, адказваючы на пытанні журналістаў, так пракаментаваў магчымы пераход: «Для нас сітуацыя зусім не змянілася. Пагадненне з гульцом такога ўзроўню – гэта вельмі складана і патрабуе часу. Будзьце ўпэўненыя, мы працуем кожную секунду кожнага дня, каб прывабіць найлепшых гульцоў, і я думаю, што ён адзін з найлепшых».

«Аль-Хіляль» або «Аль-Іціхад»

Варыянт, якога баяцца некаторыя прыхільнікі Ліянеля – тыя, хто смяяўся над пераходам Раналду ў «Аль-Наср». У студзені Marca паведамляла, што «Аль-Хіляль» або «Аль-Іціхад» гатовыя плаціць Месі 350 мільёнаў еўра за сезон (на 150 больш, чым у партугальца ў новым клубе), але для гэтага яны маюць намер звярнуцца да ўладаў краіны па фінансавую дапамогу.

Хаця журналіст Гільем Балаге заяўляў, што аргенцінец не атрымліваў прапаноў ад саудаўскіх клубаў: «Ён фаварыт на заваяванне «Залатога мяча», ён усё яшчэ выступае ў Лізе чэмпіёнаў, мае вялікія мэты пасля перамогі на чэмпіянаце свету. Мала таго, што звяртацца да яго з гэтай прапановай няма сэнсу, дык гэтай прапановы нават не было».

Увогуле такі варыянт пакуль што здаецца фантастыкай. Як мінулым летам, калі з'явіліся першыя чуткі пра шалёную прапанову для Крышціяну з боку саудаўцаў.

«Барселона»

Яшчэ менш шанцаў на прыгожую гісторыю з вяртаннем легенды ў родны клуб. Многія хацелі б зноў убачыць Месі ў сіне-гранатавай футболцы, але больш верыцца ў папярэднія два варыянты.

Прэзідэнт каталонскага клуба Лапорта прызнаваўся блізкім сябрам, што марыць вярнуць Месі ў «Барсу» ў найбліжэйшыя месяцы. Жаан лічыць яго найлепшым гульцом свету пасля яскравага выступу на ЧС-2022. Прэзідэнт лідара Ла Лігі лічыць, што Леа зможа яшчэ некалькі гадоў гуляць на высокім узроўні, а лепш, калі б гэта рабіў у клубе, з якім заўсёды будзе асацыявацца.

Аднак пасля выказванняў брата Ліянеля такое развіццё падзей амаль немагчыма. Адзначаецца, што да скандальных слоў Лапорта хацеў наладзіць адносіны з Месі, але зараз у клубе злуюцца і хочуць, каб Леа пракаментаваў словы свайго сваяка.

Але адзіны каментар, якога яны дачакаліся – ад бацькі футбаліста пра варыянт з вяртаннем на «Камп Ноу»: «Не думаю, што Леа вернецца ў «Барселону». Умоў няма. Няма ніякай прапановы, мы не размаўлялі з Лапортам».

***

У наступныя некалькі месяцаў чакаем яшчэ шмат інсайдаў пра будучыню гуляючай легенды футбола. Прама зараз складана ўявіць, за кошт чаго атмасфера ў перамовах паміж Леа і «ПСЖ» зменіцца да лепшага.

Хаця ў гэтым свеце ўсё можа хутка змяніцца, таму пакуль што ўсё ж такі не ставім крыж на варыянце, што аргенцінец застанецца ў Парыжы.

Фота: Sven Hoppe/Global Look Press, Daisuke Nakashima/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты