Tribuna/Футбол/Блоги/35 найлепшых гульцоў, чый кантракт заканчваецца праз паўгода. Месі, Бензема, Гюндаган, Фірміна і іншыя тут

35 найлепшых гульцоў, чый кантракт заканчваецца праз паўгода. Месі, Бензема, Гюндаган, Фірміна і іншыя тут

Улетку чакаем мора зорных вольных агентаў.

10 января 2023, 07:49
35 найлепшых гульцоў, чый кантракт заканчваецца праз паўгода. Месі, Бензема, Гюндаган, Фірміна і іншыя тут

Галоўнае адрозненне паміж летнім і зімовым трансферным акном – колькасць падпісанняў свабодных агентаў. Наўрад ці ў студзені мы ўбачым шмат такіх выпадкаў, аднак ужо цяпер можна скласці спіс гульцоў, якія ўжо разважаюць над тым, дзе ім працягваць кар'еру. З 1 студзеня яны могуць пачаць весці перамовы пра сыход свабодным агентам. А кіраўнікі клубаў будуць думаць, як утрымаць гульца, які можа пайсці бясплатна - можа, лепей проста зараз прадаць яго?

Кагосьці спрабуюць утрымаць любым коштам, у некаторых выпадках ідуць напружаныя перамовы, ну а хто лёгка працягне кантракт без лішніх скандалаў. Іншыя ў выніку ціха і спакойна ўсё ж развітаюцца з цяперашняй камандай.

Сабралі ажно 35 топавых гульцоў, у якіх кантракт заканчваецца ўжо наступным летам.

Ліянэль Месі, ПСЖ

Падчас ЧС-2022 з'явілася інфармацыя, што пасля завяршэння кантракту з парыжскім клубам легендарны аргенцінец адправіцца ў Штаты. Аднак бліжэй да новага года стала ясна, што, хутчэй за ўсё, Месі застанецца ў ПСЖ. Як паведамляе Marca, Леа падоўжыць пагадненне з парыжанамі яшчэ на адзін сезон – да 2024 года. Засталося ўдакладніць дэталі.

Карым Бензема, Рэал Мадрыд

Журналіст Нікола Скіра яшчэ ў верасні паведамляў, што цяперашні ўладальнік самай прэстыжнай індывідуальнай узнагароды вядзе перамовы пра новы кантракт, і яны знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Паводле яго інфармацыі, бакі абмяркоўвалі пагадненне да 2024 года. Але з таго часу афіцыйнага пацверджання не было. Хіба што Relevo апублікавала інсайдэрскую інфармацыю пра тое, што ў цяперашнім кантракце Карыма ёсць пункт, па якім здзелка будзе аўтаматычна падоўжана на адзін сезон, калі француз выйграе «Залаты мяч». Але і гэтая інфармацыя не была афіцыйна пацверджана.

НʼГало Кантэ, Чэлсі

У канцы снежня зʼявілася інфармацыя, што «Аль-Наср» разглядае магчымасць падпісання Кантэ ў якасці вольнага агента, а сам гулец не супраць пераезду ў Саудаўскую Аравію. Але толькі ў тым выпадку, калі яму не ўдасца дамовіцца пра падаўжэнне з лонданцамі. А праз некалькі дзён стала вядома, што «Чэлсі» і НʼГало прасунуліся ў перамовах. Але лонданцы ўсё роўна паспрабуюць узмацніць паўабарону, так што месца французу ў стартавым складзе не гарантаванае.

Лука Модрыч, Рэал Мадрыд

А вось Лука Модрыч адмовіўся пераходзіць у «Аль-Наср». Хаця пра падаўжэнне пагаднення з Мадрыдам пакуль афіцыйна не паведамляецца. Проста чуткі: маўляў, мадрыдскі «Рэал» лічыць харвата ключавым гульцом будучай каманды, а Лука не мае намеру пакідаць калектыў улетку. Пабачым.

Анхель Дзі Марыя, Ювентус

А вось у Анхеля далёка не ўсё вырашана. Паводле інфармацыі La Gazetta dello Sport, «Ювентус» паспрабуе падоўжыць кантракт з паўабаронцам. У Турыне спадзяюцца, што поспех на ЧС-2022 можа падштурхнуць гульца застацца яшчэ на год. Але Дзі Марыя планаваў па заканчэнні кантракту вярнуцца ў родны «Росарыё Сентраль». І ў снежні з'явіліся прапановы з Бразіліі, ААЭ і МЛС.

Мілан Шкрыньяр, «Інтэр»

Адны з самых напружаных перамоваў ідуць паміж «Інтэрам» і Міланам Шкрыньярам. «ПСЖ» хацеў купіць абаронцу яшчэ мінулым летам, але італьянцы не адпусцілі лідара. Ужо амаль паўгода міланскі клуб і Шкрыньяр кантактуюць па новай дамове. Апошняя прапанова – 6,5 млн еўра ў год з бонусамі. «Інтэр» чакае адказу да 20 студзеня.

Раберта Фірміна, «Ліверпуль»

«Ліверпуль» пачаў дамаўляцца з Фірмінам яшчэ ў лістападзе. Паведамлялася, што ў бакоў ёсць прагрэс, а новае пагадненне бразільца можа быць разлічана да 2025 года. На патэнцыйную пралангацыю паўплывае будучыня галоўнага трэнера каманды Юргена Клопа, з якім у Фірміна выдатныя адносіны. Але Раберта жадаюць перахапіць «Барселона» і... «Аль-Наср». Хоць апошнім зараз прыпісваюць цікавасць да ўсіх гульцоў свету.

Ілкай Гюндаган, «Манчэстэр Сіці»

Адзін з самых жаданых гульцоў на рынку патэнцыйных вольных агентаў. Ілкаю прыпісвалі цікавасць з боку мадрыдскага «Атлетыка», «Баварыі», «Барсы». Хаві быў зацікаўлены ў пераходзе Гюндагана, які павінен быў замяніць Серджы Бускетса. Але нядаўна стала вядома, што кіраўніцтва каталонцаў не задавальняе ўзрост немца, якому ў кастрычніку споўнілася 32. Цяпер Ілкай можа вярнуцца да магчымасці застацца ў англійскім клубе, хаця яшчэ ў пачатку лістапада паведамлялася, што перамовы па новым кантракце ідуць са скрыпам.

Тоні Кроас, «Рэал»

Яшчэ перад ЧС немец адхіліў прапановы «Баварыі» і «Сіці». Тоні разглядае варыянт завяршэння кар'еры або падаўжэння пагаднення з «Рэалам». Другі варыянт будзе залежаць ад таго, ці будзе Карла Анчалоці разлічваць на футбаліста. Падобна, што будзе. Цяпер бакі вядуць перагаворы пра падаўжэнне пагаднення яшчэ на сезон. Хоць Marca паведамляла, што Кроас прыме канчатковае рашэнне па сваёй будучыні толькі ў лютым.

Адрыен Раб'ё, «Ювентус»

А вось у «Ювентуса» і Рабʼё адносіны сапраўды не складаюцца. Маці і агент футбаліста просяць у «бʼянканеры» павышэнне зарплаты да 10 млн еўра. Па дзейным кантракце Адрыен зарабляе 7 млн еўра ў год плюс 2 млн бонусаў. Так што клуб гатовы прадаць паўабаронцу ўжо зімой за 10-15 мільёнаў еўра. Сярод прэтэндэнтаў «Ньюкасл», «Арсенал», «Чэлсі» і «Тотэнхэм».

Жаржыньё, «Чэлсі»

Агент паўабаронцы ў лістападзе заявіў, што яны хочуць падоўжыць кантракт з «Чэлсі», але да гэтага часу бакі не могуць дамовіцца. Чакаецца, што італьянец усё ж пакіне клуб у статусе свабоднага агента. Жаржыньё зацікаўлены ў пераходзе ў «Барселону» або вяртанні ў «Напалі» (хоць неапалітанцы не змогуць плаціць на ўзроўні з «Чэлсі»). Таксама ён з'яўляецца прыярытэтам «Ньюкасла» ў зімовае трансфернае акно.

Уілфрыд Заа, «Крыстал Пэлас»

Так, гэта можа адбыцца – разрыў «Крыстал Пэлас» і Заа. З 2010-га Уілфрыд адыграў за лонданцаў амаль 500 матчаў (хоць не ўвесь гэты час правёў у клубе), але ў 30 гадоў зацікавіў «Барусію» Д, «Тотэнхэм», «Барселону», «Ювентус» і «Ліверпуль». Івуарыйскі форвард плануе пакінуць свой бягучы клуб пасля сезона, таму чакаем яго ў топ-камандзе.

Юры Цілеманс, «Лестэр»

Гэты паўабаронца таксама карыстаецца попытам. Сярод галоўных прэтэндэнтаў фігуравалі «Барселона», «Арсенал» і «Ліверпуль». Хоць кіраўніцтва «Лестэра» верыць, што ўсё ж атрымаецца дамовіцца па новым кантракце з Цілемансам, нягледзячы на тое, што перамовы ўжо цягнуцца амаль два гады.

Маркус Цюрам, «Барусія» М

Адно з найбольш часта сустракаемых прозвішчаў па тэгу «Трансферныя чуткі ў футболе». Француз марыць згуляць за «Баварыю», «Інтэр», «Манчэстэр Юнайтэд» ці «ПСЖ», таму разглядае патэнцыйны пераход толькі ў гэтыя клубы. «Барусія» М гатовая прадаць Цюрама ўжо ў гэтае зімовае трансфернае акно.

Тома Лемар, «Атлетыка»

Вось хто сапраўды пакіне свой клуб. «Атлетыка» хацеў прадаць вінгера яшчэ мінулым летам, таму што футбаліст не згаджаўся падпісаць новую дамову, якую прапаноўвалі мадрыдцы. Падобна, яны пазбавяцца яго, не атрымаўшы і аднаго еўра. Клуб знаходзіцца ў пошуках дадатковых крыніц даходаў, каб збалансаваць фінансавае становішча пасля вылету з Лігі чэмпіёнаў, так што цалкам магчыма, што Лемар сыдзе ўжо ў студзені хаця б за нейкія грошы.

Леандра Трасард, «Брайтан»

Адзін з найлепшых гульцоў «Брайтана» ў гэтым сезоне. Трасард ужо зрабіў 7+2, ды яшчэ прыцягнуў увагу тым фактам, што ўлетку стане вольным агентам. «Чэлсі» – галоўны фаварыт на падпісанне бельгійца. Сам жа гулец у верасні казаў: «Хацеў бы перайсці да Потэра ў «Чэлсі», але гуляць, а не сядзець у запасе».

Юсуфа Мукако, «Барусія»

Перамовы паміж дортмундцамі і юнай зоркай – гэта той яшчэ серыял. На Мукако прэтэндуюць амаль усе топ-клубы Еўропы, а «Барусія» пакуль не можа пераканаць яго прадоўжыць пагадненне. Гулец адхіліў прапанову з заробкам 3 млн еўра ў год плюс бонусы, таму клуб падрыхтаваў новую прапанову, перамовы адбудуцца ў бліжэйшыя дні. Сам футбаліст хацеў бы перайсці ў «Барселону».

Марка Асенсіа, «Рэал»

У кастрычніку была інфармацыя, што «Рэал» прапануе Асенсіа новы кантракт на тры гады з палепшанымі ўмовамі, але з таго часу з'явіліся толькі чуткі пра зацікаўленасць з боку іншых клубаў. «ПСЖ», «Арсенал» і «Ньюкасл» сярод галоўных прэтэндэнтаў. А выданне As паведамляла, што Марк – адзін з пяці гульцоў, з якімі мадрыдскі клуб гатовы развітацца зімой за грошы.

Мэмфіс Дэпай, «Барселона»

Сапраўдны цуд, што нідэрландзец не пакінуў сталіцу Каталоніі яшчэ летам 2022-га. Цяпер ідуць чуткі пра інтарэс з боку «МЮ», «Ромы» і таго ж «Ньюкасла». Але пакуль толькі «Галатасарай» звярнуўся ў каталонскі клуб з фінансавай прапановай. Сам Дэпай не жадае пераходзіць у чэмпіянат Турцыі, але і «Барселона» не жадае адпускаць яго бясплатна.

Набі Кейта, «Ліверпуль»

Улетку Набі Кейта быў незадаволены сваім становішчам у «Ліверпулі». Яшчэ год таму паміж хаўбекам і клубам былі перамовы, але з таго часу ніякіх зрухаў. «Барусія» Д разглядае магчымасць падпісання паўабаронцы. Нагадаем, што ў 2017 годзе мерсісайдцы набылі гульца з Лейпцыга за 48 млн фунтаў стэрлінгаў.

Марка Ройс, «Барусія» Д

А вось у гэтым выпадку нават нейтральным балельшчыкам хочацца, каб клуб і гулец знайшлі кампраміс. Пакуль ніякай інфармацыі аб перамовах няма. Толькі чуткі пра зацікаўленасць з боку «Аль-Насра», але да іх пакуль ставімся скептычна. Чамусьці хочацца, каб Ройс завяршыў кар'еру менавіта ў Дортмундзе.

Давід дэ Хеа, «Манчэстэр Юнайтэд»

У гэтым матэрыяле магло быць вельмі шмат гульцоў «МЮ», але клуб у канцы снежня актываваў опцыю падаўжэння кантракту з Рэшфардам, Фрэдам, Шоу і Далотам. Але не з Дэ Хеа. Іспанец нядаўна згуляў 510-ы матч за клуб (увайшоў у топ-10 па гэтым паказчыку), але ўсё яшчэ не атрымаў новую дамову. Перамовы ідуць. Давід можа пагадзіцца застацца на паменшаных фінансавых умовах, але не жадае быць запасным.

Стэфан дэ Врэй, «Інтэр»

Мінулым летам «Інтэр» прапаноўваў «Арсеналу» абмяняць дэ Врэя на Габрыэла. Нідэрландзец, які ў мінулым сезоне адыграў 41 матч, зараз не заўсёды асноўны ў складзе міланцаў. Таму яго сыход не стане вялікай стратай для каманды. Сам жа гулец можа знайсці сабе добры варыянт, бо 30 гадоў – нішто для абаронцы.

Эктар Бельерын, «Барселона»

У лістападзе Эктар заявіў, што хацеў бы прадоўжыць кантракт з каталонцамі. Улетку ён падпісаў гадавы кантракт, бо з дзяцінства марыў гуляць за «Барселону», але клуб не настроены на супрацу пасля сезона. Трэнерскі штаб на чале з Хаві пераканаўся, што 27-гадовы іспанец не зусім задавальняе ўсе патрэбнасці каманды. Футбаліст недастаткова працуе на абарону, асабліва ў вялікіх матчах. Хаця і Лапорта заявіў, што «Барселона» не будзе прадаваць Бельерына зімой. Ён амаль сапраўды стане вольным агентам.

Адама Траарэ, «Вулвергемптан»

Адзін з самых хуткіх футбалістаў планеты ўжо адчуў смак выступленняў за топ-клуб, пагуляўшы ў арэндзе за «Барселону» ў мінулым сезоне. Улетку ж Траарэ можа падпісаць ужо паўнавартасны кантракт з новай камандай. Галоўны прэтэндэнт пакуль – «Напалі». Але паведамлялася, што ў гульца яшчэ некалькі варыянтаў працягу кар'еры.

Серхіа Рамас, «ПСЖ»

«ПСЖ» яшчэ не вызначыўся з нагоды будучага Рамаса. Футбольны дарадца клуба Луіш Кампуш чакае ўбачыць, на якім узроўні 36-гадовы іспанец правядзе другую частку сезона, тады і вырашаць, ці прапаноўваць іспанцу пралангацыю. Ужо ёсць чуткі пра «Аль-Наср».

Сэрджы Бускетс, «Барселона»

А вось будучыня ветэрана каталонцаў будзе залежаць ад... Ліянэля Месі. Mundo Deportivo паведамляла, што Бускетс пакіне «Барселону» у канцы сезона, сам гулец ужо меў намер пераехаць у МЛС (прапанова ад «Інтэра Маямі»), але гатовы адкласці ад'езд, паколькі Месі застаецца ў «ПСЖ». Хаві просіць Сэрджы застацца ў «Барсе» да студзеня 2024-га, хаця тады хаўбэку давядзецца скараціць заробак удвая.

Алекс Окслейд-Чэмберлен, «Ліверпуль»

Алекс амаль напэўна застанецца без каманды ўлетку. Як паведамляе журналіст Фабрыцыа Рамана, зараз паміж Ліверпулем і Чэмберленам няма перамоваў аб падаўжэнні кантракту. Чутак пра будучы клуб паўабаронцы – таксама шмат.

Эдзін Джэка, «Інтэр»

«Інтэр» хоча падоўжыць кантракт з форвардам, але з памяншэннем заробку. 36-гадовы Джэка ў бягучым сезоне правёў 21 матч за «Інтэр» ва ўсіх турнірах, забіў 9 галоў і аддаў 4 выніковыя перадачы. Можа пашукаць варыянт з добрым заробкам, хоць і сам хоча застацца ў клубе.

Матс Хумельс, «Барусія» Д

34-гадовы абаронца, здаецца, ужо зараз можа заняцца пошукам новага клуба. Інфармацыі пра перамовы з дортмундцамі па новым кантракце няма, таму Матс таксама стане свабодным агентам.

Аліўе Жыру, «Мілан»

Фабрыцыа Рамана паведамляў, што 36-гадовы француз дасягнуў вуснай згоды на падаўжэнне кантракту, таму сыход Жыру выглядае малаверагодным, асабліва пасля ЧС-2022. Але будзем сачыць за развіццём падзеяў.

Златан Ібрагімавіч, «Мілан»

Нават не ведаем, што мусіць здарыцца, каб «Мілан» працягнуў супрацу яшчэ і з 41-гадовым Ібрагімавічам. Хіба той сам захоча, і тады ў кіраўніцтва проста не будзе выбару.

Ян Зомер, «Барусія» М

Адзін з найлепшых кіпераў Бундэслігі прыцягнуў увагу «Баварыі» і «МЮ». Трансфер у Мюнхен, здавалася, адбудзецца ўжо ў студзені, але спартыўны дырэктар менхенгладбахцаў Роланд Віркус паведаміў, што Зомер застанецца ў клубе. Ну што ж, улетку страцяць яго, не атрымаўшы грошай.

Рафаэл Герэйру, «Барусія» Д

29-гадовы партугалец рыхтуецца пакінуць Дортмунд. «Барусія» ужо прыступіла да пошуку новага левага фулбека на выпадак, калі Герэйру не падоўжыць кантракт. Прапаноў у гульца будзе шмат, можна не сумнявацца.

Ціяга Сілва, «Чэлсі»

Ветэран, які, здаецца, можа яшчэ пару гадоў гуляць на самым высокім узроўні, пакуль не падоўжыў пагадненне з лонданцамі. Больш за тое, пакуль няма інфармацыі пра перамовы паміж клубам і Сілвай. Хаця тут цалкам можна разлічваць мінімум на гадавы кантракт.

***

Таксама свабоднымі агентамі могуць стаць такія гульцы, якія не ўвайшлі ў спіс: Дані Себальос («Рэал»), Начо Фернандэс («Рэал»), Давід Сільва («Рэал Сосьедад»), Маркас Алонса («Барселона»), Джэсі Лінгард («Нотынгем Форэст»), Віліян ( «Фулгэм»), Хуан Куадрада («Ювентус»), Махмуд Дауд («Барусія» Д), Эрык-Максім Шупо-Мацiнг («Баварыя»), Конрад Лаймер («РБ Лейпцыг»), Алексіс Санчэс («Марсель»); Хамес Радрыгес («Алімпіякас»).

Фота: Global Look Press, Fabio Ferrari/Global Look Press, Daniel Bearham/Global Look Press, Antonio Pozo/Global Look Press, Massimo Pica/Global Look Press

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты пользователя

Все посты