Tribuna/Футбол/Блогі/Сын напарніка Шчэрбы, трэнерка фаварыткі – гэтыя беларусы едуць на АГ за іншыя краіны (і нават у футболе!)

Сын напарніка Шчэрбы, трэнерка фаварыткі – гэтыя беларусы едуць на АГ за іншыя краіны (і нават у футболе!)

Цалкам магчымы медаль.

Аўтар — bytribuna com
2 траўня, 12:21
1
Сын напарніка Шчэрбы, трэнерка фаварыткі – гэтыя беларусы едуць на АГ за іншыя краіны (і нават у футболе!)

Не так даўно «Трыбуна» расказвала, ці варта чакаць на Алімпіядзе беларускіх спартсменаў, якія зʼехалі з краіны пасля 2020-га.

Але фармальна ні ў кога з іх пуцёўкі ў Парыж яшчэ няма. Затое ёсць допускі ў іншых беларускіх спартсменаў і трэнераў, якія выступаюць і працуюць у іншых краінах. Раскажам пра іх шлях і шанцы на алімпійскі поспех.

Ганна Пракацень

31-гадовая вяслярка нарадзілася і вырасла ў Мінску, дзе з дзяцінства стала займацца акадэмічным веславаннем. Поспехі былі, але ў 2016-м праз канфлікт з трэнерам Пракацень не працягнулі кантракт. Скончваць карʼеру спартсменка не хацела і перабралася ў Расію, дзе ў канцы 2020-га паклікалі замежных трэнераў для аптымізацыі складу перад АГ – і па выніках тэстаў яны вырашылі, што Пракацень дарэмна ставяць у лодкі на некалькі чалавек. Вяслярку перасадзілі ў «адзіночку» – і ўлетку 2021-го яна ўзяла алімпійскае срэбра.

Менш чым праз год расійскіх весляроў у ліку іншых адхілілі ад міжнародных турніраў у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Пракацень нейкі час спаборнічала на лакальным узроўні, але вясной 2023-га зладзіла яшчэ адну змену грамадзянства – расійскі бок не стаў патрабаваць «каранціну».

Новай краінай Пракацень стаў Узбекістан. За яго яна нечакана правалілася на ЧС-2023 – заняла толькі 15-е месца, а пуцёўкі на АГ атрымлівала толькі дзявятка найлепшых. Аднак ліцэнзіі таксама разыгрываліся на кантынентальных рэгатах – азіяцка-акіянійская прайшла ў Карэі ў красавіку 2024-га, і там Пракацень без праблем стала пераможцай і ўзяла сваю пуцёўку. Праўда, калі яе час (7:31,28) падставіць у пратакол фіналу таго ж ЧС-2023, то будзе толькі шостае месца, але да Парыжа яшчэ ёсць час разагнацца.

Аляксей Шостак

29-гадовы спартсмен нарадзіўся ў Мінску ў сямʼі спартыўнага гімнаста Аляксандра Шостака, які стаў чацвёртым у складзе беларускай каманды (з Віталём Шчэрбам) на АГ-1996. У пачатку 2000-х Шостак-старэйшы завяршыў карʼеру і пераехаў з сямʼёй у ЗША.

Аляксей Шостак абраў іншую гімнастычную дысцыпліну – скачкі на батуце, якімі ў Амерыцы пачынаў займацца ў таксама эмігранта з Беларусі, шасціразовага чэмпіёна свету Дзмітрыя Паляруша. На сёння ў Шостака ў скарбонцы таксама россып узнагарод ЧС – праўда, ні адной асабістай: срэбра ЧС-2023 у сінхронных скачках і золата плюс два срэбра ў складзе амерыканскай каманды.

На АГ-2024, дзе будуць, як звычайна, толькі індывідуальныя скачкі, Шостак адабраўся па выніках у Кубку свету (былі і іншыя спосабы атрымаць ліцэнзію), дзе прыдумалі дастаткова складаны рэйтынг. У залік ішла сума пунктаў з двух найлепшых для кожнага атлета этапаў з пяці, а з пераліку тых, каго адбіралі ў Парыж менавіта па выніках Кубка свету, выкінулі мноства спартсменаў: людзей з алімпійскімі пуцёўкамі па выніках ЧС-2023, іх суайчыннікаў, якія не трапілі ў топ-3 рэйтынга КС, а яшчэ ўсіх, хто ў межах гэтага рэйтынгу быў не першым ад сваёй краіны.

Без усіх гэтых выключэнняў Шостак быў бы ў спісе толькі 19-м – але дзякуючы правілам стаў шостым, а пуцёўкі на АГ атрымлівала першая дзясятка. Зрэшты, і з апісанымі ўмовамі беларускі амерыканец рызыкаваў не прабіцца на Гульні – але на апошнім этапе КС у Германіі ўпершыню за сезон выйшаў у фінал, што прынесла патрэбныя пункты.

На Алімпіядзе Шостак зусім не будзе фаварытам – у асабістым заліку ЧС-2023 ён стаў толькі 12-м. Але хай хоць бы не паўтарылася нешанцаванне з АГ-2020, калі спартсмен не прайшоў у фінал праз тое, што нага патрапіла паміж батутам і мацаваннем.

Аляксандр Чупеніч

Гэты спартсмен узяў бронзу АГ-2020. Фехтавальшчык на рапірах прадстаўляе Чэхію, дзе 27 траўня 1994 года нарадзіўся ў беларускай сямʼі. Яго бацькі ў 1992-м пераехалі з Мінска дзеля опернага тэатра – бацька спартсмена Іван Шупеніч ужо тады быў вядомым тэнарам і знайшоў месца ў чэшскім Брно, дзе і асеў, крыху «змяніўшы» прозвішча праз памылку транслітарацыі. Цікава, што жонка дзеда Аляксандра Чупеніча таксама фехтавала на рапіры і дабілася значных поспехаў.

У фехтаванні асабістыя ліцэнзіі атрымлівалі ўдзельнікі васьмі найлепшых зборных (на кожную па тры), таксама па адной-дзве пуцёўкі на кантынент выдаваліся топам сусветнага рэйтынгу, які складаўся па выніках спаборніцтваў пэўнага ўзроўню з 3 красавіка 2023-га па 1 красавіка 2024-га. Таксама па адной пуцёўцы заставалася для пераможцаў спецыяльных занальных турніраў.

Чупеніч прайшоў па асабістым рэйтынгу: увогуле выступаў не найлепшым чынам, але ў лютым 2024-га на этапе Гран-пры ў Турыне дайшоў да фіналу і значна ўмацаваў сваё становішча. У выніковым топе прадстаўнік Чэхіі стаў 12-м, але тыя, хто стаяў вышэй, або ўваходзілі ў найлепшыя каманды, або былі з іншых кантынентаў – за выключэннем венгра Даніэля Досы з 10-га месца. Але ў Еўропе па рэйтынгу давалі дзве пуцёўкі, так што ў спіс удзельнікаў АГ трапілі і Доса, і Чупеніч.

З часоў Токіа вялікіх медалёў беларускі чэх не браў – шанцы 30-гадовага атлета на ўзнагароду Парыжа бачацца нязначнымі. Зрэшты, не быў ён фаварытам і ў Японіі.

Міхаіл Ерамчук

Ерамчук – шосты справа ў ніжнім радзе

43-гадовы ўраджэнец Рэчыцы нямала пагуляў у футбольнай «вышцы» – галоўных поспехаў дамогся з МТЗ-РІПА, у складзе якога ў 2005-м і 2008-м атрымліваў «дуплеты» з Кубка Беларусі і бронзы ЧБ. Скончыўшы карʼеру, трэнаваў у «міноры», а ў 2018-м стаў часткай штаба «Энергетыка-БДУ», дзе атрымаў добры досвед працы з моладдзю.

Улетку 2021-га зʼехаў ва Узбекістан – увайшоў у штаб «Сагдыяны» з Д1. Тым часам у краіне заклапаціліся алімпійскай зборнай – на Гульнях у футболе спартсмены павінны быць не старэйшыя за 23 гады – і склалі з маладых выканаўцаў каманду «Алімпік», якую заявілі ў Д2. Яна адразу павысілася ў класе, у 2022-м дэбютавала ў Д1 – а Ерамчук выявіўся ў ёй памочнікам мясцовага коўча Цімура Кападзэ. У красавіку 2023-га беларускі трэнер сышоў у «Бухару», але застаўся асіставаць Кападзэ ў зборнай Узбекістана U-23.

Тая ў кастрычніку 2023-га ўзяла бронзу Азіяцкіх гульняў, а ў красавіку 2024-га паспяхова выступіла на Кубку Азіі U-23, тры найлепшыя зборныя якога атрымліваюць пуцёўкі на Алімпіяду. Узбекістан вельмі ўпэўнена прабіўся ў фінал, выйграўшы пяць матчаў з агульным лікам 14:0 – і ўпершыню ў гісторыі выйшаў на Гульні. А адразу пасля паўфіналу ў Францыю адправіўся асноўны абаронца каманды Абдукадыр Хусанаў – экс-гулец «Энергетыка-БДУ» патрэбны свайму цяперашняму клубу, «Лансу», які адпусціў футбаліста дзеля алімпійскай мэты і адклікаў, як толькі яна была дасягнутая. Фінал Кубка Азіі U-23 Узбекістан ужо без Хусанава правядзе 3 траўня супраць Японіі.

Што тычыцца АГ, моладзевы футбол прадказваць складана. Але ў 2016-м у паўфінале гуляў Гандурас, а ў 2021-м туды толькі праз няўдачу ў серыі пенальці не патрапіла Новая Зеландыя – чаму б не пашумець і Узбекістану?

Юлія Раскіна

Раскіна – першая злева ў ніжнім радзе

42-гадовая мінчанка – дачка экс-гімнасткі Наталлі Раскінай, па шляху якой пайшла і сама. І дабілася поспехаў, нягледзячы на пастаянныя траўмы і выступленні праз боль. На рахунку Раскінай-малодшай срэбра ЧС-1999 і ЧЕ-2000 у мнагаборстве, а галоўны медаль – срэбра АГ-2000.

У 2003-м пасля чарговай чарады траўмаў Раскіна скончыла карʼеру, на нейкі час далучалася да Цырка дзю Салей, потым працавала ў цырку ў Мінску, а затым зʼехала ў Германію акрабаткай у варʼетэ. Але з сакавіка 2015-га экс-гімнастка трэнуе – тады яе маці ўзначаліла федэральны гімнастычны цэнтр у нямецкім Шмідэне, а дачка стала працаваць з моладдзю. І ў 2019-м да яе патрапіў дыямент – ураджэнка Расіі з нямецкімі каранямі Дарʼя Варфаламееў. Раскіна аграніла талент – і на ЧС-2022 Варфаламееў пад кіраўніцтвам беларускі стала другой у мнагаборстве. У Нямеччыне гэтым так уразіліся, што прызналі Раскіну трэнерам года.

Але і гэта было не ўсё: на ЧС-2023 Варфаламееў проста задамінавала – узяла золата як у мнагаборстве, так і ва ўсіх чатырох асобных практыкаваннях. Можна было б спісаць гэта на адсутнасць расійскіх і беларускіх гімнастак, якія былі забаненыя ў адказ на вайну ва Украіне. Але цяпер, прынамсі, беларускі вярнуліся – але нават лідар зборнай Аліна Гарнасько на этапе КС адстала ад падапечнай Раскінай на вялізныя 11,550 балы.

З прычына таго, што расіянкі на АГ увогуле не прэтэндуюць, Варфаламееў застаецца галоўнай фаварыткай на золата Парыжа, куды дэ-факта адабралася яшчэ дзякуючы поспеху з 2022-га. Няма сумненняў, што разам з гімнасткай на АГ паедзе і Раскіна, якая ўвесь час суправаджае вучаніцу на вялікіх турнірах.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты