Tribuna/Баскетбол/Блогі/Шматпакутны «Мінск» нарэшце атрымаў першую перамогу і перапыніў жахлівую серыю з 34 паражэнняў

Шматпакутны «Мінск» нарэшце атрымаў першую перамогу і перапыніў жахлівую серыю з 34 паражэнняў

У няўдачніках «Астана».

Аўтар — Pam-pam
27 сакавіка, 22:30
Шматпакутны «Мінск» нарэшце атрымаў першую перамогу і перапыніў жахлівую серыю з 34 паражэнняў

«Мінск», які ўстанавіў антырэкорд Лігі ВТБ па колькасці паражэнняў (34 запар), нарэшце атрымаў сваю першую перамогу – у напружанай канцоўцы дома абгуляў «Астану» (60:58).

Экс-«драконы» падышлі да матчу не ў самым аптымальным складзе – у аўторак каманда афіцыйна абвясціла аб растанні з самым выніковым гульцом каманды Джарэдам Агунбемі-Джэксанам, які ў сярэднім за гульню набіраў па 19,1 балаў. Акрамя таго, з-за траўмы гульню прапускалі цэнтравы Зак Сміт, і форвард Данііл Каско.

У адсутнасць звыклых лідараў на першыя ролі ў гаспадароў выйшлі Якаб Чабашак і Рыгор Матавілаў, якія набралі ў першай чвэрці 14 ачкоў на дваіх. Напад «Мінска» быў больш паспяховы да таго часу, пакуль «Астана» не звярнулася да зоннай абароны, пры якой на першы план выходзіць індывідуальны ўзровень майстэрства, з чым у беларусаў відавочная праблема. Тым не менш, мінчане ўмудрыліся пайсці на вялікі перапынак з невялікай перавагай у чатыры ачкі – 36:32.

Пасля перапынку «Мінск» здолеў адарвацца на дзесяць пунктаў, але тыя, хто яшчэ глядзіць гульні каманды, не раз бачылі, як каманда за пару атак прымудралася страціць сваю перавагу. Здарылася гэта і ў сераду, калі «Астана» намаганнем Маркела Джэксана арганізавала камбэк і зраўняла лік – 55:55.

Здавалася, мінчане зноў наступілі на свае граблі, але «Астана» літаральна падарыла гаспадарам вікторыю – за восем секунд да фінальнай сірэны яна саступала два ачкі (58:60), але мела права на валоданне. У апошняй атацы госці змаглі давесці мяч да адкрытага Карвела Андэрсана, але яго кідок на авертайм аказаўся недакладным.

А вось яшчэ некалькі фактаў аб пераможным матчы «Мінска»:

– Перамога над «Астаной» стала першай у Лізе ВТБ для трэнера беларускай каманды Аляксея Сухавецкага ў ролі галоўнага.

– Апошняя перамога «Мінска» у Лізе здарылася 26 сакавіка 2023-га года і таксама над «Астаной».

– Беларусы прынеслі ў скарбонку «Мінска» 25 ачкоў, казахстанскія гульцы «Астаны» набралі 19 ачкоў на ўсіх.

– «Астана» выкінула ў гэтай гульні больш трохачковых, чым двухчковых – 28 супраць 26. У «Мінска» гэты паказчык роўны – каманда здзейсніла па 29 кідкоў.

– «Астана» ні секунды ні вяла ў гэтай сутсрэчы.

– Для грэчаскага трэнера «Астаны» Фатыёса Такіянаса, які ўзначаліў каманду ў лютым гэтага года, паражэнне ад «Мінска» стала шостым у васьмі матчах.

– «Мінск» ідзе на апошнім радку ў групе Б. Гэта адзіная каманда, якая не мае нават тэарэтычных шанцаў зачапіцца за плэй-ін.

– нягледзячы на доўгую серыю няўдач па пратаколах 927 чалавек убачылі доўгачаканую перамогу ў жывую.

Наступную гульню «Мінск» правядзе 31 сакавіка супраць каманды «Уралмаш», якую ўзначальвае экс-коуч Расціслаў Вергун.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты