Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/У Вільні на хакей ходзяць, амаль як у Жлобіне, а зборная не такая кволая, як мы прывыклі думаць. Вось якія ў суседзяў арэны і чэмпіянат

У Вільні на хакей ходзяць, амаль як у Жлобіне, а зборная не такая кволая, як мы прывыклі думаць. Вось якія ў суседзяў арэны і чэмпіянат

Абыходзяцца без Расіі.

Аўтар — Скай Волк
11 студзеня 2023, 11:52
У Вільні на хакей ходзяць, амаль як у Жлобіне, а зборная не такая кволая, як мы прывыклі думаць. Вось якія ў суседзяў арэны і чэмпіянат

Літоўскі хакей – гучыць крыху дзіўнавата, так? Хаця беларускія заўзятары могуць прыгадаць літоўскіх хакеістаў Даруса Каспарайціса і Дайнюса Зубруса, якія гулялі ў НХЛ. Яны выступалі за зборную Расіі, але Зубрус у 2005-м вярнуўся ў зборную Літвы, нягледзячы на тое, што гэта значыла не барацьбу за медалі, а выступ у трэцім па сіле дывізіёне. Больш за 10 гадоў ён прадстаўляў у НХЛ Літву – у 2013 годзе прэзідэнтка Грыбаўскайтэ нават узнагародзіла хакеіста за папулярызацыю роднай краіны.

Каспарайціс таксама вярнуўся выступаць у джэрсі з Пагоняй, але значна пазней – у 2018 годзе. Яму трэба было адбыць каранцін, таму алімпійскі чэмпіён заявіўся за літоўскіх «Хакейных Панкаў» з Вільні і «Энергію» з Электрэная, дзе за пяць сезонаў правёў 8 матчаў (6+17). Цікава, што «Энергія» гуляла ў беларускай вышэйшай лізе (Д2), але Каспарайціс у Беларусь так і не даехаў.

У 2018 годзе ў Каўнасе прайшоў чэмпіянат свету ў дывізіёне 1В. У гэтым турніры зборная Літвы з 46-гадовым Каспарайцісам і 40-гадовым Зубрусам перамагла. Дзякуючы гэтаму ў 2019 годзе літоўцы гулялі ў дывізіёне 1А – і беларускія заўзятары мусяць памятаць, як зборная Літвы выратавала каманду Сідарэнкі. Тады яны перамаглі зборную Паўднёвай Карэі, дзякуючы чаму беларусы вярнуліся ў элітны дывізіён.

Ну а самыя-самыя алдфагі ці статыстычныя гікі могуць узгадаць, што найбуйнейшай перамогай зборнай Беларусі з’яўляецца менавіта перамога над зборнай Літвы ў алімпійскай кваліфікацыі ў Рызе-1996 – 21:1. Тым больш, што і закідвалі досыць вядомыя гульцы: Кавалёў (3), Скабелка (2), Матушкін (2), Занкавец (1), Андрыеўскі (1).

Каспарайціс, Зубрус, «Энергія», «Панкі», зборная Літвы – хутчэй за ўсё гэтым і абмяжоўваюцца веды беларускіх заўзятараў пра хакей суседняй краіны. Як і мае год таму. То давайце крыху распавяду пра літоўскі хакей, які спрабуе дагнаць беларускі.

Кажам «літоўскі хакей» – уяўляем «Энергію»

Літоўскі хакей у гэтым годзе святкаваў юбілей – у 1922 годзе ў Каўнасе згулялі першы хакейны матч на прафесійным узроўні. У 1925 годзе адбыўся першы чэмпіянат Літвы – у ім удзельнічалі чатыры каманды, адна з якіх – «Макабі» – была выключна габрэйскай. Развіццё хакея працягвалася, а пікам стаў удзел у чэмпіянаце свету па хакеі ў 1938 годзе. Зборная Літвы прыехала ў Прагу на цягніку з Каўнаса, перамагла ў першым матчы румын (1:0), але ў далейшым атрымала тры паразы з агульным лікам 2:33.

Цікава, што чэхі ахвотна заўзелі за літоўцаў, бо ў абедзвюх краінаў былі аднолькавыя, як сказалі б цяпер, геапалітычная ворагі. 16 лютага 1938 года, калі Літва святкавала 20-годдзе незалежнасці, чэхі запрасілі літоўцаў на матч Чэхаславакія – ЗША і ў перапынку паміж перыядамі ўручылі ім сцяг і крыштальную вазу, павіншаваўшы такім чынам з нацыянальным святам.

Хакейныя каманды «Каўнас» і «Караляўчус» перад матчам. Каўнас, 1937

Літоўцы сталі 11-мі на чэмпіянаце свету з 14 камандаў. Дарэчы, на 10-м месцы апынулася зборная Латвіі, а на 9-м – Польшча. У 1939-м літоўцы на ЧС ужо не прыехалі. Краіне было не да хакея – нацысты нагняталі сітуацыю ў Клайпедзе з канца 1938 года і ў хуткім часе анексавалі горад.

А вось латышы і палякі на ЧС-1939 занялі 10-е і 6-е месца адпаведна. Чэмпіянат свету ў 1940-м мусіў прайсці ў Польшчы, але пачалася Другая сусветная вайна. Нацысты разбамбілі недабудаваную арэну ў Катавіцах і захапілі Польшчу, а Літва і Латвія на палову стагоддзя былі акупаваныя СССР.

Зборная Літвы па хакеі на ЧС-1938

Падчас савецкай акупацыі хакею ў Літве амаль не надавалі ўвагі. Чэмпіянат ЛітССР звычайна складаўся з некалькіх матчаў, якія каманды праводзілі ў адным горадзе. У 1977 годзе ў Літве нарэшце з’явілася выдатная хакейная арэна – яе пабудавалі ў Эляктрэнаі.

Гэта невялічкі горад паміж Вільнюсам і Каўнасам (па 50 км да кожнага горада), які ўзнік як пасёлак пры будаўніцтве цеплавой электрастанцыі. Так з’явілася каманда «Энергія». З яе школы выйшлі на свет дзясяткі моцных хакеістаў, у тым ліку Каспарайціс і Зубрус.

Да 2010-х сітуацыя з літоўскім хакеем была такая: кажам «літоўскі хакей» – уяўляем «Энергію». Пасля вяртання незалежнасці «Энергія» дамінавала ў нацыянальным першынстве (25 чэмпіёнстваў) – і гэта не дзіўна, улічваючы адсутнасць канкурэнцыі. Узровень уласнага чэмпіянату быў надзвычай нізкім, таму кіраўніцтва каманды шукала больш моцныя лігі. Так «Энергія» далучылася да Усходнееўрапейскай хакейнай лігі (УЕХЛ), якая стартавала ў сезоне 1995/1996.

Гэтая ліга стала, можна сказаць, чэмпіянатам Рэчы Паспалітай, бо ў турніры «ад мора да мора» ўдзельнічалі каманды з Латвіі, Літвы, Беларусі, Польшчы і Украіны. У першым сезоне УЕХЛ перамог гродненскі «Нёман». «Энергія» была шостай – вышэй за мінскае «Юнацтва», напрыклад. Але яшчэ вышэй клуб ужо не падымаўся, звычайна знаходзячыся бліжэй да дна табліцы.

Сезон-2002/03 стаў апошнім для «Энергіі» ва УЕХЛ і перадапошнім для ўсёй лігі. Гэта быў сезон трыумфу «Кераміна», праз год перамагло «Юнацтва» і на гэтым лігу закрылі – у Беларусі ўжо было дастаткова камандаў для ўласнага чэмпіянату, а ездзіць з Віцебска ў Кіеў ці з Гомеля ў Ліепаю было дорага і нязручна.

Літоўская ж каманда «пераехала» ў чэмпіянат Латвіі, дзе гуляла да 2011-га, а з 2013-га заявілася ў вышэйшую лігу Беларусі – на той момант гэта быў другі дывізіён беларускага хакея, дзе ў асноўным гулялі моладзевыя склады камандаў Экстралігі. У 2019-м «Энергія» ўвогуле знікла праз фінансавыя праблемы, вярнуўшыся ў літоўскі хакей праз год.

Што сабой уяўляе чэмпіянат Літвы па хакеі?

«Деловая Русь» з Калінінграда і чэмпіёнскі кубак з надпісам AKROPOLIS

У 2010-х у чэмпіянаце звычайна гулялі ад чатырох да сямі камандаў, большасць з якіх былі аматарскімі. Акрамя «Энергіі» ў гэтыя гады выступалі «Хакейныя Панкі», аматарскія «Ракішкіс» з невялікага гарадка на паўночным усходзе краіны, некалькі камандаў з Вільні і Каўнаса. З 2011-га па 2015-ы ў чэмпіянаце Літвы гуляла каманда «Деловая Русь» з Калінінграда, якая нават двойчы стала чэмпіёнам.

Матчы турніра маглі праводзіць нават на катках у мясцовых «Акропалісах». Напрыклад, так рабілі «Клайпеда» ці віленскія «Жалезныя ваўкі». У Клайпедзе мне давялося схадзіць на хакей у «Акропаліс». Выглядае гэта незвычайна – ты проста сядзіш з кубачкам кавы за брамай і назіраеш за гульнёй нібыта з першых шэрагаў.

Хакей у клайпедскім Akropolis

Колькасць гульняў невялікая: у апошнія гады каманды праводзілі па 20 матчаў, бо ў чэмпіянаце было пяць калектываў. «Деловая Русь» у 2013/14 згуляла толькі дзевяць матчаў у рэгулярцы – і пасля перамагла ў чэмпіянаце. Вядома, з такой колькасцю матчаў цяжка заставацца прафесіяналам і падтрымліваць форму.

Цікавы факт: у лізе гулялі некалькі беларусаў. Напрыклад, за «Хакейных Панкаў» некалькі сезонаў правялі Аляксей Кувека і Сяргей Маркоўскі (чэмпіён Беларусі-2017 у складзе «Нёмана»). Яны наўпрост прыязджалі з Мінска ў Вільню на матчы і пасля вярталіся дадому.

Сяргей Маркоўскі, чэмпіён Беларусі-2017 у складзе «Нёмана»

Маркоўскі тлумачыў, што цалкам заканчваць кар’еру не хацелася, а так была магчымасць яшчэ крыху атрымаць хакейнага адрэналіну і азарту. Ён расказваў, што чэмпіянат Літвы хоць і лічыцца прафесійным, узровень тут, насамрэч, досыць невысокі і для большасці хакеістаў гульня не з’яўляецца галоўным заробкам.

З ім цяжка спрачацца: у Кантынентальным кубку-2023/23 «Хакейныя Панкі» прайгралі ў першым раўндзе «Льежскім Бульдогам» і турэцкаму «Бузадаму» – перамаглі ў групе толькі іспанскую «Барселону». У мінулым сезоне «Панкі» выляцелі ад эстонскай каманды таксама ў першым раўндзе (беларусы пачынаюць з трэцяга). Але і гэта ўжо поспех, бо апошнія 12 гадоў літоўскія каманды ўвогуле не гулялі ў хакейных еўракубках.

Пасля 24 лютага 2022 года беларусаў (як і расіян) у літоўскім хакеі не засталося. І нават пераход трох літоўскіх камандаў у чэмпіянат Латвіі сітуацыю не выратоўвае, бо і там расійцам і беларусам забаранілі гуляць у хакей.

Літоўскія каманды ў чэмпіянаце Латвіі

З сезона-2022/23 «Энергія», «Хакейныя Панкі» і «Каўнас Сіці» гуляюць у адкрытым чэмпіянаце Латвіі па хакеі. Камандаў у Латвіі таксама не тое каб хапае – з улікам трох літоўскіх іх цяпер 9. У тым ліку рыжскае «Дынама», якое сышло з КХЛ. Вы, напэўна, здзівіцеся, але пасля 24 матчаў рэгуляркі рыжане толькі на трэцім радку (-15 ад першага месца). На апошнім месцы даўгаўпілская «Дынабурга» з 1 перамогай у 25 матчах і розніцай шайбаў 57:236. Ад рыжскага «Дынама» даўгаўпілсцы ўвогуле атрымалі 0:19.

Вышэй за «Дынабургу» якраз літоўскія каманды. Хаця за плэй-оф яны зачапіцца яшчэ могуць – туды выходзіць 4 каманды, і чацвёрты радок якраз выглядае досыць вакантным.

Але не трэба думаць, што ад літоўскіх камандаў няма аніякай карысці для латышоў. Літоўцы значна ўзнялі сярэднюю наведвальнасць па лізе, бо з гэтым паказчыкам у Латвіі бяда. Лідара рэгуляркі «Мога» ў сярэднім наведваюць 105 гледачоў, чэмпіёна «Земгале» – 255, «ХС Рыга» – 127. Нават у рыжскага «Дынама» толькі 247 гледачоў у сярэднім.

І калі «Каўнас» недалёка адышоў ад латышскай наведвальнасці (104 чалавекі), бо камандзе літаральна два гады і фан-базы няма, то ў «Энергіі» з 10-тысячнага горада паказчык удвая вышэй, чым у Латвіі – 576 гледачоў. Але яшчэ лепш у Вільні, дзе на матчы «Панкаў» ходзяць у сярэднім 1011 чалавек, а на гульню з «Рыгай» увогуле прыйшлі 2111 чалавек.

Параўнаем з Экстралігай?

Чэмпіён краіны «Металург» – 1081, лідар рэгуляркі «Шахцёр» – 1201, «Юнацтва» – 578, «Дынама-Маладзечна» – 343. Сярэдняя наведвальнасць Экстралігі – 885 чалавек. У Беларусі, такой вось ашалела хакейнай краіне, на хакей ходзяць менш, чым у Вільні. Можаце сабе гэта ўявіць? Вось і мне складана. А гэта факт.

Арэны

Гуляюць «Панкі» ў лядовым палацы «Прамогу Арэна» на 2500 гледачоў, які быў пабудаваны ў 2002 годзе. Не магу назваць яго досыць камфортным, бо месца для ног наўпрост не хапае і даводзіцца пастаянна сядзець неяк убок. Штосьці падобнае ёсць у Мінску – той самы лядовы палац на Прытыцкага, дзе калісьці гуляў «Керамін», а пасля «Юнацтва» праводзіла матчы ў ВХЛ.

Пры гэтым атмасфера на «Панках» даволі цікавая, мясцовыя заўзятары (фанатамі ці ўльтрас іх складана назваць) ахвотна скандуюць і лупяць у барабаны. А яшчэ тут ёсць буфет, дзе можна набыць піва і спакойна прайсці з ім на трыбуны – але больш высокім попытам карыстаецца гарачы глінтвейн за 5 еўра. Не так ужо дорага, калі ўлічваць, што квіток за ўваход (яны тут без месцаў) каштуе 10 еўра анлайн і 12 – у касе.

«Каўнас» гуляе ў невялікім, але досыць камфортным лядовым палацы. Аналагам у Беларусі можна назваць гродненскі «Нёман» з папраўкай на маштаб – у Каўнасе арэна ўсё ж утрая меншая па ўмяшчальнасці.

У лістападзе 2022-га тут праводзілі Балтыйскі кубак з удзелам зборных Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы, а ў снежні прайшоў моладзевы чэмпіянат свету ў дывізіёне 2А. Арэна, адкрытая ў 2021 годзе, разлічаная на 800 гледачоў, але «Каўнасу» больш і не трэба. Цікава, што ў 2021 годзе – адразу пасля адкрыцця – тут уладкавалі найбуйнейшы ў Літве цэнтр вакцынацыі, які мог прымаць да 10 тысячаў чалавек штодня.

Квіткі на матч каштуюць 10 еўра, а свайго буфета тут няма. Ён і не патрэбны, бо наўпрост у будынку палаца знаходзіцца кавярня. Дзяўчаты, якія вараць каву, ужо даўно не здзіўляюцца, калі да іх прыходзяць людзі з уласнымі тэрмакубкамі і просяць наліць туды гарбату.

А вось аналага Эляктрэнайскаму палацу ў Беларусі дакладна няма, бо гэта сапраўдны помнік архітэктуры.

Высокі дах крыху нагадвае «Чыжоўку», але ўнутры арэна зусім іншая – гэта хутчэй Орша ці Бабруйск.

Эляктрэнайскі палац адзін з найпрыгажэйшых, што я бачыў. Шкада толькі, што арэна ўжо даўно не ведае аншлагаў, бо запоўніць палац на 4000 чалавек у 10-тысячным горадзе вельмі складана.

Мо таму тут самыя танныя квіткі – усяго 5 еўра. Але ўнутры яшчэ ёсць дзе пакінуць грошы – фактычна гэта невялічкі рэстаран, які пастаянна працуе на арэне. Проста ў дзень матча там больш наведвальнікаў. Таму можна прыйсці на трыбуны наўпрост з шаўрмой, дранічкамі ці смажанай куркай з бульбай. У залежнасці ад таго, што вы замовіце.

Зборная Літвы

1938 год я ўжо ўзгадваў – тады зборная Літвы ўпершыню згуляла на чэмпіянаце свету. Пасле савецкай акупацыі ў турніры ІІХФ Літва вярнулася толькі ў 1995 годзе. У 2000-х і 2010-х Літва курсавала паміж другім і трэцім па сіле дывізіёнамі. Толькі ў 2006-м зборная Літвы спынілася за крок да выхаду ў элітны дывізіён, але параза ад аўстрыйцаў перакрэсліла ўсе намаганні.

У сярэдзіне 2010-х літоўскім хакеем заняліся дзве легенды – Дайнюс Зубрус і Дарус Каспарайціс. Адзін узначаліў федэрацыю хакея, другі – мясцовую лігу. За гэты час літоўцы правялі ЧС у дывізіёне 1В, дзе збіралі больш за 7 тысячаў на матчах зборнай Літвы (10 170 на гульні з Эстоніяй!), і паступова замацаваліся ў дывізіёне 1А. А клубы спачатку вярнуліся ў Кантынентальны кубак ІІХФ, а пасля далучыліся да больш моцнага чэмпіяната Латві.

У 2022 годзе зборная Літвы ўсяго пяты раз у сваёй гісторыі згуляла ў дывізіёне 1А – і дамаглася гістарычнага дасягнення. Літоўцы занялі трэцяе месца, хаця раней змагаліся толькі за выжыванне.

Аснову гэтай каманды складаюць маладыя хлопцы, якія нарадзіліся ўжо ў незалежнай Літве. Яны гуляюць у еўрапейскіх чэмпіянатах – Швейцарыі, Нарвегіі, Славакіі, Германіі, Фінляндыі, Польшчы ці Латвіі.

Цікава, што пры гэтым з усіх літоўцаў толькі ў Алешаўскаса ёсць досвед выступу ў чэмпіянатах Расіі – у КХЛ за рыжскае «Дынама» і ВХЛ за казахскую «Сарыарку». Пры гэтым амаль палова зборнай гуляла ў Экстралізе ці Вышэйшай лізе Беларусі. Выснова гэтага абзаца не ў тым, што чэмпіянат Расіі – зло. Выснова ў тым, што і без Расіі можна дасягаць добрых вышыняў – у тым ліку калі ты пачынаў у чэмпіянаце Беларусі.

Калісьці гэта зразумеюць і беларускія хакеісты.

Цяпер у Беларусі 34 каткі і зарэгістравана 7053 хакеісты (з іх 6457 – маладзейшыя за 20 гадоў). У Літве 12 каткоў і 1340 хакеістаў (1100 да 20 гадоў). Пры гэтым апошні турнір зборнай Беларусі быў максімальна ганебным і ад вылету да літоўскай зборнай ўратавала толькі тое, што ніхто не вылятаў. Зборныя, безумоўна, не знаходзяцца на адным узроўні, але паміж імі ўжо няма прорвы, як было 10 гадоў таму.

З 2010-х літоўскі хакей прагрэсуе. Безумоўна, пакуль гэта яшчэ больш нізкі ўзровень, чым у Беларусі. Але ў 2000-х так казалі пра зборныя Швейцарыі і Германіі, у 2010-х – Францыі і Аўстрыі. Цяпер гэтыя каманды ў эліце і нават бяруць медалі, маюць сваіх хакеістаў у НХЛ і моцныя чэмпіянаты. А вось зборная Беларусі, як і мясцовы чэмпіянат, увесь гэты час толькі дэградуе. Замест чэмпіянату свету зборная здабывае «гістарычныя перамогі» на расійскіх турнірах, а клубы не могуць гуляць у Лізе чэмпіёнаў і Кантынентальным кубку.

І прычыны гэтай дэградацыі відавочныя: масавыя фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах, масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў, саўдзел рэжыму ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Толькі праз гэта беларускі хакей, які толькі-толькі ачуняў у 2020 годзе пасля правальных пяці гадоў, не мае будучыні. У адрозненні ад Літвы, якая ўжо амаль дагнала суседзяў.

Калісьці беларускія хакеісты зразумеюць і гэта.

Фота: delfi.lt, delfi.ee, Energija Elektrenai, 15min.lt, Польскі дзяржаўны лічбавы архіў, grodno.in, Hockey Punks, visit-elektrenai.lt, Прэсбол.

Іншыя пасты блога

Усе пасты