Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Дзе будзе гуляць Шкурын: калыска польскага супраціву, Качура забіваў на рынку-стадыёне, гук самалёта пасля стартавага свістка
Блогі

Дзе будзе гуляць Шкурын: калыска польскага супраціву, Качура забіваў на рынку-стадыёне, гук самалёта пасля стартавага свістка

«Тут распраўляюцца крылы».

Аўтар — Скай Волк
8 ліпеня, 13:00
3
Дзе будзе гуляць Шкурын: калыска польскага супраціву, Качура забіваў на рынку-стадыёне, гук самалёта пасля стартавага свістка

Мелец – невялікі горад на поўдні Польшчы, дзе ў новым сезоне будзе гуляць Ілля Шкурын. Ён памерам са Слуцк, які месцамі нават выглядае падобна на беларускі горад. Шматлікай гістарычнай забудовы тут не захавалася, але не архітэктура з’яўляецца галоўнай фішкай населенага пункта.

Мелец у першую чаргу знакаміты сваім авіяцыйным заводам, заснаваным у 1934 годзе. Напрыклад, тут будавалі ў тым ліку культавыя для палякаў бамбавікі «Лось», якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях супраць нацыстаў на пачатку Другой Сусветнай вайны. Частка «Ласёў» была накіраваная ў рэзерв на аэрадром каля Брэста.

Авіяцыйны завод пасля сканчэння вайны адбудавалі. Спачатку там рэмантавалі савецкія знішчальнікі і штурмавікі, пасля – будавалі грамадзянскія самалёты. У ліпені 1980-га менавіта ў Мелецу пачаліся першыя стачкі і пратэсты супраць прасавецкага рэжыма Войцэха Ярузельскага – за месяц да стачкі на гданьскай судаверфі і з’яўлення «Салідарнасці».

Словам, горад наскрозь прасякнуты авіяцыйнай тэмай. І дэвіз Мелеца адпаведны – «Тут распраўляюцца крылы».

І, канечне, вы не здзівіцеся, калі даведаецеся, што футбольны клуб «Сталь» з’явіўся менавіта пры авіяцыйным заводзе.

Што за клуб

Мелецкая «Сталь» была заснаваная ў 1939 годзе, але выйшла ў першы дывізіён толькі ў 1960 годзе. Наступнае дзесяцігоддзе стала самым славутым у гісторыі клуба – у першую чаргу дзякуючы Гжэгашу Лята, Яну Дамарскаму і Хенрыку Касперчаку. Напэўна, вы чулі пра гэтых футбалістаў, бо яны пакінулі яркі след у гісторыі – асабліва Гжэгаш Лята, які стаў найлепшым бамбардырам чэмпіяната свету-1974. Палякі тады сенсацыйна заваявалі бронзавыя медалі.

Гэтая тройка прыносіла медалі ды перамогі і свайму клубу. У 70-х «Сталь» двойчы станавілася чэмпіёнам Польшчы, знішчала «Легію» з лікам 6:0, даходзіла да фінала Кубку краіны ды чвэрцьфінала Кубка УЕФА. Аднак з сярэдзіны 80-х пачаўся спад. Спачатку «Сталь» выпала з медалёў, пасля вылецела з вышэйшай лігі. Пазней клуб вярнуўся ў Д1, але ў 1997-м абанкруціўся. Новую каманду заявілі ў пяты дывізіён, адкуль «Сталь» паступова пачала вяртанне ў эліту, якое здзейснілася ў 2016 годзе. З тых часоў клуб праводзіць ужо восьмы сезон запар у Экстракласе.

Пікам можна назваць 1976 год, калі «Сталь» стала чэмпіёнам, а ў Мелец на Кубак УЕФА прыехаў мадрыдскі «Рэал». За гэтым матчам назіралі 40 тысяч заўзятараў – пры тым, што ў горадзе тады жылі 35 тысяч чалавек. Зараз гэта немагчыма, бо «Сталь» гуляе на невялікім 7-тысячніку.

Што за стадыён

Гарадскі стадыён у Мелецы на сучасным месцы з’явіўся ў 1953 годзе. У 1972-1976-м яго паступова рэканструявалі і павялічылі ўмяшчальнасць да 30 тысяч чалавек (крыху менш, чым жыло ў горадзе ў тыя часы). Але на трох еўракубкавых матчах «Сталь» здолела сабраць звышаншлаг – 40 тысяч гледачоў.

Заняпад, які пачаўся ў клуба з 80-х, адбіўся і на стадыёне. З 1990 года там працаваў рынак – прам як на мінскім «Дынама». Не гледзячы на гэта, у Мелец нават прыехала зборная Польшчы – 1 траўня 1996 года на стадыёне адбыўся таварыскі матч паміж зборнымі Польшчы і Беларусі. Каманды згулялі 1:1, а Пётр Качура з тых часоў можа расказваць, што ў сваёй кар’ёры забіваў мячы на двух розных рынках.

У 2010-2013-м стадыён рэканструявалі. Умяшчальнасць моцна знізілася, бо 60-тысячнаму гораду 30-тысячны стадыён ужо быў не патрэбны. З двух бакоў поля пабудавалі новыя бела-сінія трыбуны. Непрыемна толькі тое, што на мелецкім «Гарадскім» захаваліся бегавыя дарожкі – рэдкі выпадак у польскай Экстракласе.

Але ёсць у арэны і больш цікавая фішка. Як ужо пісаў вышэй, Мелец – горад авіяцыі. І на стадыёне «Сталі» гэта эфектна падкрэсліваюць. Пасля свістка арбітра, які пачынае гульню (у тым ліку ў пачатку другога тайма), над арэнай нібыта пралятае стары маторны самалёт – гэты гук уключаюць у дынаміках арэны.

Яшчэ адна цікавая фішка «Сталі» – гэта яе фан-шоп. У гэтай краме можна набыць практычна ўсё што захочаш. Заўзятыя каваманы будуць шчаслівыя ўбачыць у фан-шопе «стальную каву», прычым як молатую, так і ў зернях. Я не вытрымаў і набыў сабе, і дакладна магу сказаць, што яна вельмі смачная.

Акрамя звычайных для фан-шопаў тавараў кшталту вопраткі, сувеніраў ці атрыбутыкі, ёсць там і посуд з эмблемай клуба, падушкі, парфума, ёсць нават лекі, якія можна набываць без рэцэпта. Нават па польскіх мерках асартымент у фан-шопе «Сталі» вельмі вялікі і разнастайны.

Дарэчы, побач са стадыёнам знаходзіцца гандбольная арэна.

Да сваёй рэканструкцыі яна была чарговым доказам таго, што Мелец – гэта пра авіяцыю. Бо гандбольная арэна – гэта былы ангар з аэрадрома. Яго перанеслі ў Мелец пасля сканчэння Другой Сусветнай вайны. Праз гэта спартовую пляцоўку так і называлі – «Ангар-Арэна». Але і ангар гэты не абы-які! Ён знаходзіўся на аэрадроме Кентшын-Віламава, які пабудавалі побач з сакрэтным штабам Гітлера «Воўчае логава». На жаль, праз дрэнны стан гэты незвычайны будынак знеслі ў 2016 годзе, каб на ягоным месцы пабудаваць новую арэну.

Мелец – гэта такі горад, дзе лёгка сканцэнтравацца толькі на футболе, бо вялікай колькасці забаваў там няма. Праз гэта ў футбалістаў, напэўна, яшчэ больш высокая адказнасць перад заўзятарамі, чым звычайна – бо людзі там заўзеюць шчыра і прыходзяць на матчы нават у навальніцу. Для іх гэта важна.

А яшчэ ў гэтага горада цікавы і сімвалічны дэвіз – «Тут распраўляюцца крылы». Спадзяюся, у Іллі Шкурына атрымаецца расправіць крылы ў Мелецы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты