Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Кейс Кавалёнка – ён і пра тое, што аднойчы, магчыма, нам давядзецца выбачацца перад спартсменамі

Кейс Кавалёнка – ён і пра тое, што аднойчы, магчыма, нам давядзецца выбачацца перад спартсменамі

Сапраўды не ўсё так адназначна?

Аўтар — Скай Волк
30 чэрвеня, 16:37
6
Кейс Кавалёнка – ён і пра тое, што аднойчы, магчыма, нам давядзецца выбачацца перад спартсменамі

Апошнія два гады беларускіх спартоўцаў няшчадна хэйцяць. Дзесьці перабольшваюць, дзесьці па справе. Футбалісты ці хакеісты, гандбалісты ці валейбалісты – большасць моўчкі назірала за тым, як лукашэнкаўскі рэжым паступова знішчаў незалежныя медыя і недзяржаўныя арганізацыі, катаваў людзей і адпраўляў іх на вялізныя тэрміны за вальнадумства, называў «тэрарыстамі» і забіваў самых актыўных.

Але не абыдзецца без аднаго «але». У гэтыя дні затрымалі спартовага дырэктара і легенду «Нёмана» Дзмітрыя Кавалёнка. У віну яму паставілі тое, што ён нібыта схіляў футбалістаў да «экстрэмісцкіх ідэяў», а сярод доказаў «злачынства» паказалі тлумачальную запіску Кавалёнка. Так мы даведаліся пра годны ўчынак чалавека.

«Маё выхаванне, маё сумленне і абвостранае пачуццё справядлівасці не дазваляюць падпісаць гэты ліст». Дата – 1 снежня 2020 года. І подпіс – Кавалёнак Дзмітрый Юр’евіч.

Рэпрэсіўныя рэжымы – гэта такая з’ява, дзе нават маўчанне можа быць праявай мужнасці. А пісьмова адмовіцца падпісваць ліст у падтрымку гвалту і Лукашэнкі – гэта сапраўдны ўчынак.

Я ведаю, што вы можаце напісаць у каментах. Што гэтага мала, што гэтага недастаткова, што трэба было гучна адмовіцца, што трэба было публічна заявіць пра ўсё. Але годнасць учынку не можа вымярацца публічнасцю.

Гэтая гісторыя паказвае нам, што мы шмат чаго не ведаем пра тое, што адбывалася – і працягвае адбывацца – у Беларусі з 2020 года. Мы не ведаем, як спартоўцы данацілі ў фонды, як яны дапамагалі грашыма фанатам, як яны хавалі людзей падчас разгонаў маршаў і баявых дзеянняў на вуліцах, як яны самі ўдзельнічалі ў мітынгах і выходзілі на іх. Бо калі ты распавядаеш пра гэтую гісторыю, ты адразу становішся мішэнню. Праява салідарнасці ў сучасных рэаліях ужо не можа быць публічнай.

Дарэчы, гэта датычыцца не толькі спорту. Гэта датычыцца ўсіх сфераў жыцця – у сферы культуры, у дзяржаўных медыя, нават у сілавых структурах ёсць свае партызаны, якія ціха сабатуюць загады.

Нам яшчэ давядзецца даведацца пра ўсё гэта. І перад кімсьці, напэўна, будзе няёмка – бо ў той час, калі мы абвінавачвалі іх у маўклівым саўдзеле, спартоўцы маглі ціха дапамагаць. Ціха, каб не стаць мішэнню.

Фота: hrodna.life

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты