Tribuna/Футбол/Блогі/Ваўка ногі кормяць/Жонка гульца «Дынама» не разумее, чаму зборную Беларусі «засіраюць» і не заўзеюць за «сваіх» у еўракубках. Тлумачым максімальна даступна (але яна сама напэўна ведае, у чым справа)

Жонка гульца «Дынама» не разумее, чаму зборную Беларусі «засіраюць» і не заўзеюць за «сваіх» у еўракубках. Тлумачым максімальна даступна (але яна сама напэўна ведае, у чым справа)

«Я вне политики» ў беларускіх рэаліях – гэта пра актыўнае прыгнечанне сваёй маралі і продаж душы д’ябалу».

Аўтар — Скай Волк
13 ліпеня, 18:23
8
Жонка гульца «Дынама» не разумее, чаму зборную Беларусі «засіраюць» і не заўзеюць за «сваіх» у еўракубках. Тлумачым максімальна даступна (але яна сама напэўна ведае, у чым справа)

У сераду жонка Арцёма Быкава выпусціла відэа на тэму еўракубкаў. Яго можна ахарактарызаваць як крык душы, дзе Кацярына шчыра абураецца – а чаму людзі не заўзеюць «за сваіх»?

Калі пераказваць каротка, то яна кажа, што:

– не разумее, чаму людзі не заўзеюць за беларускія клубы ў еўракубках;

– не разумее, чаму «ўсе засіраюць зборную»;

– пакуль людзі будуць так ставіцца да зборнай і клубаў, вынікаў не будзе;

– калі вам штосьці не падабаецца, вы можаце самі спансараваць беларускі футбол;

– заўзець за беларускія клубы ў еўракубках – гэта ледзьве не абавязак, а калі вы не заўзееце, то вы «дзіўныя, нявыхаваныя людзі, якія не любяць сваю краіну».

«Вопросов много, ответов нет», кажа Кацярына. Што ж, паспрабую знайсці адказы.

«Вы павінны за нас заўзець»

Такое меркаванне нават да 2020 года было распаўсюджанае сярод гульцоў, трэнераў, спартыўных чыноўнікаў. Гэтыя людзі шчыра кажуць, што за іх мусяць заўзець проста па факце існавання зборнай ці клуба. Бо яны «свае». Ад беларусаў усе навокал штосьці патрабуюць. Вось і Кацярына Быкава патрабуе. Яна хоча, каб фанаты БАТЭ заўзелі за «Дынама», бо ў еўракубках гуляюць «свае».

Наконт таго, што ўсе абавязаныя падтрымліваць «сваіх», можна якраз зараз запытацца ў баснійцаў. «Дынама» гуляе супраць «Жалезнічара» і трэнуецца на базе іх галоўнага суперніка – «Сараева». У TikTok прэс-служба «Дынама» расказвае, як іх ветліва прынялі на клубнай базе – і сказалі, што на базе яны могуць рабіць што заўгодна, абы перамаглі.

Вось гэтае коталеапольдавае «давайце заўзець за сваіх» бярэцца там, дзе няма сапраўдных дэрбі, шчырых супрацьстаянняў. А як яны могуць быць, калі за БАТЭ і «Дынама» – а гэта нібыта самае прынцыповае супрацьстаянне ў Беларусі – паспелі пагуляць нават легенды гэтых каманд? Калі Стасевіч, Гутар, капітанілі ў кожным з клубаў? Калі гульцы розных каманд пасля «класіка» разам выпіваюць у адным бары?

Раскажыце мадрыдыстам, што яны абавязаныя падтрымліваць «Барселону» ў еўракубках. Ці міланцам – што яны абавязаныя заўзець за «Ювентус» у Лізе чэмпіёнаў. Альбо прапануйце фанатам МЮ заўзець за «Сіці» ў фінале ЛЧ. Яны вельмі здзівяцца такой прапанове.

Заўзець за кагосьці – гэта не абавязак. Гэта заўсёды добрая воля. І калі за вас не хочуць заўзець, значыць вы гэтага не заслугоўваеце. Вось і ўсё.

«Чаму вы засіраеце зборную?»

Праблема ў тым, што пад словам «засіраць» маецца на ўвазе любая крытыка. Нават на бяззубым дзяржаўным тэлебачанні, дзе вядоўцы акуратна ўзгадалі серыю паразаў зборнай, трэнер Раўнейка пачаў хаміць. Разумееце?

Гэтая зборная патрабуе шчырай, адданай любві, не даючы нічога ўзамен. Больш за тое, узамен зборная (у асобе трэнераў і гульцоў) хаміць табе і абвінавачвае ў тым, што ты дрэнна заўзееш і дрэнна любіш. У псіхалогіі гэта завецца аб’юзам.

Кацярына, вы б выйшлі замуж за мужчыну, які так сябе паводзіць? Сумняюся. Бо любоў так не працуе. Чалавек не можа з павагай ставіцца да тых, хто не паважае яго/яе. Таму апошні раз за зборную хацелася заўзець, напэўна, пры Штанге. Бо і ён, і каманда паважалі заўзятараў.

Усе астатнія трэнеры – гэта гісторыя хамства, абразаў, адмазак, абвінавачванняў заўзятараў, журналістаў, каго заўгодна. Заўзятары дрэнныя, бо не прыходзяць на матчы (а што вы зрабілі для гэтага?). Журналісты дрэнныя, бо пішуць, што зборная зноў прайграла (дык можа пачняце перамагаць?).

Акрамя таго, трэнеры, гульцы і нават жонкі футбалістаў перакладаюць адказнасць са зборнай на заўзятараў. «Пакуль людзі будуць так ставіцца да зборнай і клубаў, вынікаў не будзе», кажа Кацярына. Вы бачыце тут логіку? Вось і я не бачу.

«Калі вам штосьці не падабаецца, вы можаце самі спансараваць беларускі футбол»

З усіх гэтых маніпуляцый, аднолькавых і тыповых для гульцоў, трэнераў, чыноўнікаў і жонак футбалістаў, мяне больш за ўсё бесіць гэтая. «Калі вам штосьці не падабаецца, зрабіце самі».

Быў такі Дзяніс Шунто, які разам з паплечнікамі стварыў «Крумкачы». У 2018 годзе ён знайшоў інвестара, які быў гатовы ўкладвацца ў клуб, выплаціць пазыкі, вывесці «крумкачоў» на новы ўзровень. Што зрабіла АБФФ? У фармаце «нам не да законаў» адняла месца ў клуба ў вышэйшай лізе і фактычна забіла на той момант клуб. А ў 2020 і 2021 штучна, дзякуючы ручным арбітрам, не пускала ў вышку.

Быў такі Мікалай Мурашка, які разам з паплечнікамі заснаваў дзіцячую футбольную школу ФШМ. Што зрабілі АБФФ і дзяржава? Правільна, па сутнасці забаранілі існаванне прыватных футбольных школ.

Ёсць такі прыватны футбольны клуб «Арсенал» з Дзяржынска. У мінулым сезоне прайграў у стыках сваё месца ў вышэйшай лізе прыватнаму «Макслайну». Хто з іх сёння гуляе ў вышэйшай лізе? Правільна, ніхто. Бо АБФФ не хоча бачыць незалежныя ад дзяржавы клубы ў вышцы. Таму цяпер там гуляюць 15 каманд, а не 16.

Вельмі зручна казаць «зрабіце лепш», калі зрабіць лепш не дазваляюць дзяржава і АБФФ.

«Калі вы не заўзееце за ўсе клубы ў еўракубках, то вы дзіўныя, нявыхаваныя людзі, якія не любяць сваю краіну»

Заўважце, я да гэтага ні слова не напісаў пра рэпрэсіі. Бо не заўзець за кагосьці можна і без кантэкста выбараў 2020 і рэпрэсій пасля іх.

«Опять эта политика», «я аполитичен», «просто я вне политики» – думаю, прыкладна такая рэакцыя будзе на мінулы абзац.

Але давайце шчыра – гэта не апалітычнасць у класічным сэнсе. Гэта не пра тое, што чалавек не цікавіцца менавіта палітыкай, не ведае, якія ў краіне ёсць партыі і хто міністр культуры. «Я вне политики» ў беларускіх рэаліях – гэта пра актыўнае прыгнечанне сваёй маралі і продаж душы д’ябалу.

Бо вы ўсё ведаеце. Гэта не нацысцкая Германія і не СССР, дзе не было незалежных медыя. У вас ёсць інтэрнэт. І вы ўсё, абсалютна ўсё ведаеце. Вы ведаеце, што ў 2020-2021 былі актыўныя пратэсты. Вы ведаеце, як іх разганялі – з гранатамі, кулямі і забойствамі. Вы ведаеце, што ўжо тры гады гінуць людзі. Вы ведаеце, што за сваё меркаванне ў турмах сядзяць тысячы чалавек.

Вы ўсё гэта добра ведаеце. Але ж вы намагаецеся заплюшчыць на гэта вочы і прыкрыцца мантрай «я вне политики». А пасля так шчыра здзіўляецеся: а чаму гэта вы не хочаце за нас заўзець? Чаму вы засіраеце зборную? Чаму вы нас не падтрымліваеце?

Таму што вы не падтрымліваеце нас, гэта ж відавочна.

Канечне, хтосьці з футбалістаў падтрымліваў, хтосьці рабіў гэта таемна і ўціхую. Але, на вялікі жаль, гэта меншасць.

Кацярына, мы з вамі прыкладна аднаго ўзросту. Думаю, што вы, як і я, у канцы 2000-х слухалі песню Lumen, у якой спаявалі «я так люблю свою страну и ненавижу государство». Было такое, так? Іранічна, што цяпер Lumen шчыра любіць дзяржаву і zігуе ў падтрымку вайны.

І вось цяпер вы расказваеце пра патрыятызм. Што трэба любіць дзяржаву. Што калі я не заўзею за «Дынама», я не патрыёт. Калі ласка, хопіць ціснуць на нейкі вось гэты патрыятызм. Дзяржава заўсёды робіць так, калі ёй штосьці ад цябе патрэбна, але яна не дасць нічога ўзамен. Калі кліча ў войска, калі павышае падаткі, калі саджае ў турмы.

Патрыёты – яны не футбол глядзяць сёння, а ў турмах сядзяць. І іх там забіваюць. Два дні таму забілі Алеся Пушкіна, гонар беларускай нацыі і беларускай культуры. Яго закатавалі да прабоднай язвы – дзіркі ў страўніку, якая прыносіць невыносны боль.

На зразумелай мове напішу: Алеся Пушкина в тюрьме замучили до огромной дырки в желудке, которая ощущается так, будто его проткнули саблей. Это безумная боль, до которой его осознанно довели.

Гэта зрабілі па патрабаванні тых, хто загадаў прыцягнуць «Дынама» да чэмпіёнства. Як вы думаеце, Кацярына, ці хачу я заўзець за клуб, які асацыюецца з забойствамі?

(я ведаю, што гэта іншае «Дынама», але гэты банер пра шакаладкі Лукашэнкі апярэдзіў свой час)

Лёгкая іронія ў тым, што да 2020 года я сапраўды падтрымліваў усе беларускія клубы ў еўракубках. І, напрыклад, Саша Івулін падтрымліваў. Толькі вось яго амаль ніхто з гульцоў гэтых клубаў не падтрымаў, калі спатрэбілася падтрымка. Аказалася, што яны (гульцы, клубы) для нас нібыта «свае», але мы для іх – не свае.

Кацярына, вы, напэўна, падумаеце, што я тут плявузгаю з нянавісцю, але гэта зусім не так. У мяне (ды і ў Сашы Івуліна, упэўнены) няма нянавісці да клубаў. Ёсць абыякавасць. Але гэта значна страшней. Бо нянавісць – гэта хаця б нейкая эмоцыя, гэта значыць, што яны гуляюць недарма. А абыякавасць паказвае, наколькі на іх усім пляваць.

У вас было шмат пытанняў, але не было адказаў. Адказы ёсць – толькі каб іх убачыць, трэба расплюшчыць вочы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты