Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» перамог пасля дэфіцыта ў -20 – Эванс закінуў 4 трохачковых запар, а Улановас выратаваў у канцы

«Жальгірыс» перамог пасля дэфіцыта ў -20 – Эванс закінуў 4 трохачковых запар, а Улановас выратаваў у канцы

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
4 лістапада 2022, 23:41
«Жальгірыс» перамог пасля дэфіцыта ў -20 – Эванс закінуў 4 трохачковых запар, а Улановас выратаваў у канцы

Пасля даволі крыўднай паразы ў Бялградзе, дзе «Жальгірыс» пасля трох чвэрцяў ішоў шчыльна да «Партызана», але саступіў у выніку 87:76, каўнаская каманда вярнулася дадому. У госці прыехала берлінская «Альба». Чэмпіёны Германіі пачалі сезон Еўралігі з трох перамог запар, але затым саступілі дзейнаму чэмпіёну «Анадолу Эфесу» і «Валенсіі». Перад выездам у Літву з лазарэта немцаў павярнуліся Джалін Сміт і Ёханэс Ціман. Праўда, немцы па-ранейшаму не могуць разлічваць на Маода Ло, Маркуса Эрыксана і Джона Мацісека.

Пасля даволі крыўднай паразы ў Бялградзе, дзе «Жальгірыс» пасля трох чвэрцяў ішоў шчыльна да «Партызана», але саступіў у выніку 87:76, каўнаская каманда вярнулася дадому. У госці прыехала берлінская «Альба». Чэмпіёны Германіі пачалі сезон Еўралігі з трох перамог запар, але затым саступілі дзейнаму чэмпіёну «Анадолу Эфесу» і «Валенсіі». Перад выездам у Літву з лазарэта немцаў павярнуліся Джалін Сміт і Ёханэс Ціман – забягаючы наперад, хлопцы набяруць 14 і 8 ачкоў, зрабіўшы велізарны ўнёсак у вынік гульні. Пры гэтым немцы па-ранейшаму не могуць разлічваць на Маода Ло, Маркуса Эрыксана і Джона Мацісека.

Што тычыцца «Жальгірыса», то ў літоўцаў 2 перамогі ў 5 матчах – над «Барселонай» і «Віртусам» дома. На сваёй арэне падапечныя Максвіціса яшчэ не прайгравалі – нядзіўна, што ўсе квіткі на матч з «Альбай» былі раскупленыя яшчэ за суткі да матчу, а ў Каўнасе адбыўся другі запар аншлаг.

Шмітс пачаў гэты матч з трохачковага, а Біруціс дадаў слэм-данк, пасля чаго не даў закінуць «Альбе», адкінуўшы мяч, які ўжо ляціў у кошык. Затым Улановас і Аліндзе абмяняліся трехочковыми. Аднак пасля гэтага на пляцоўцы ўсё атрымлівалася толькі ў берлінцаў, якія давялі лік да 10:22. Кавано закінуў трохачковы, але «Альба» неўзабаве вярнула гэты даўжок. На першы перапынак каманды пайшлі пры ліку 13:25.

На другую чвэрць гульцы «Альбы» выйшлі нібыта яшчэ больш зараджанымі і хутка набралі яшчэ 7 ачкоў. Тым часам «Жальгірыс» на працягу трох хвілін не мог трапіць у кошык, пакуль Шмітс нарэшце не паправіў няўдалы кідок Браздзейкіса. Але лік пры гэтым стаў толькі 15:32. У сярэдзіне чвэрці быў момант, які мог пераламіць ход чвэрці: Буткявічус выбіў мяч, які ўжо накіроўваўся ў кошык, а Лякавічус і Шмітс у хуткай атацы прынеслі камандзе яшчэ 2 ачкі (21:36). Пасля гэтага «Жальгірыс» зноў перахапіў мяч, але накіраваць яго ў кошык ужо не атрымалася.

Гледзячы на гэта, Максвіціс вырашыў узяць чарговы тайм-аўт. Але не тое каб атрымалася – чэмпіёны Германіі працягнулі ціск і хутка давялі лік да 23:43. Максвіціс зноў узяў тайм-аўт, у якім ён сварыўся на Браздзейкіса з Эвансам ды расказваў Шмітсу з Лукашунасам, што ім рабіць на пляцоўцы ў найбліжэйшыя атакі. І «Жальгірыс» выдаў удалую канцоўку другой чвэрці, скараціўшы адрыў з -20 да -12 (32:44). Хаця і гэта занадта шмат, каб адгуляць у чэмпіёнаў Германіі за палову гульні. Так?

«Жальгірыс» выйшаў зараджаным на трэцюю чвэрць, але за першую хвіліну атрымалася толькі адна атака – і тая ні чым карысным не скончылася, бо мяч пасля кідка Браздзейкіса выбіў Ламарс. Першыя +2 зарабіў Шмітс толькі праз паўтары хвіліны пасля пачатку чвэрці.

Пасля трохачковага «Жальгірыса» арэна моцна завялася, бо адрыў скараціўся да -7. Гэта якраз той момант, калі гульцы адчулі новы подых дзякуючы заўзятарам – і яны біліся за мяч, лезлі пад шчыт і перахоплівалі перадачы. Пры ліку 46:59 Лукашунас закінуў +3, а адразу пасля Буткявічус перахапіў мяч і рэалізаваў кідок. На апошняй секундзе трэцяй чвэрці Эванс закінуў трохачковы і зрабіў лік 54:61.

У апошняй чвэрці немцы зноў давялі сітуацыю да крытычнай для каўнасцаў. Пры ліку 54:64 узнікла пытане, каму павінен належаць мяч. Арбітр вырашыў, што «Альбе» - заўзятары адказалі на гэта актыўным «fuck you referee». Аднак немцы атаку не рэалізавалі, а «Жальгірыс» рукамі Лукашунаса закінуў трохачковы. Пасля была нярвовая атака «Альбы», калі гульцы абедзвюх каманд доўга змагаліся за мяч, які апынуўся ў «Жальгірыса». А пасля Эванс пад гучны рык трыбун закінуў трохачковы – лік стаў 60:64. Трэнер «Альбы» ўзяў тайм-аўт. І ведаеце што? «Жальгірыс» адабраў мяч і Эванс зноў закінуў трохачковы. Праз некалькі секунд Блат сам кінуў па-за дугі і вярнуў +4. А пасля Эванс зноў закінуў трохачковы!

А пасля таго, як «Альба» зрабіла адрыў -3, Эванс – ну вы зразумелі. Зноў закінуў трохачковы.

69:69 і крыху менш за 5 хвілін да канца – гульня фактычна толькі пачыналася. Калі Ветцэл пачаў кідаць штрафныя, заўзятары паводзілі сябе так гучна, што ён не рэалізаваў адзін кідок. А пасля Шмітс закінуў у кошык і упершыню за доўгі час «Жальгірыс» выйшаў наперад – 71:70. А калі «Альба» выйшла наперад, Браздзейкіс зноў вярнуў парытэт у гульню – 74:74. Прычым заўзятары зноў так запужалі Ветцэла, што той не рэалізаваў абодва штрафных кідка, а мяч застаўся за каўнасцамі – і Браздзейкіс закінуў трохачковы (77:74).

З гэтага моманта на пляцоўцы быў толькі «Жальгірыс»: Улановас закінуў трохачковы, Браздзейкіс трапіў у кошык, зноў трохачковы і штрафныя Улановаса… «Жальгірыс» зрабіў 85:76 за хвіліну да канца гульні. Тайм-аўт трэнера «Альбы» Гансалеса ўжо, падобна, нічога не мог вырашыць. На апошняй секундзе капітан Улановас закінуў яшчэ адзін трохачковы і зафіксаваў на табло 88:81.

Фантастычная гульня і фантастычная атмасфера на трыбунах – гэта тое, што можна ўбачыць на дамашніх матчах «Жальгірыса» ў гэтым сезоне. Такая моцная падтрымка дапамагла камандзе ўсталяваць новы рэкорд: ніколі раней яны не перамагалі пасля дэфіцыта ў -20 падчас гульні. У апошняй чвэрці «Жальгірыс» рэалізаваў 8 трохачковых з 10 кідкоў – і гэта другі рэзультат у гісторыі Еўралігі.

А яшчэ гэты быў фантастычны перфоманс і праява характара гульцоў. Улановас дрэнна пачаў матч і ў нейкі момант прысеў на лаву, бо памыляўся ў абароне і губляў мяч – але выйшаў у рашучы момант і рэалізоўваў трохачковыя супраць усялякай логікі і, магчыма, нават фізікі.

Эванс быў амаль не бачны на працягу трох чвэрцяў – але ён закінуў трохачковы на апошніх секундах трэцяй чвэрці, а ў апошняй закінуў чатыры «трошкі» запар і вывеў Каўнас наперад.

Браздзейкіс памыляўся і ў абароне, і ў атацы, але ягоны характар дапамог «Жальгірысу» выстаяць, бо ён перахопліваў ініцыятыву, калі іншыя гульцы ўжо не ведалі, што рабіць.

І, вядома, трэба адзначыць трэнера Максвіціса, які смела выпусціў Лукашунаса з першых хвілін, не пабаяўся пасадзіць на лаву, а пасля вярнуць Улановаса, які давяраў Эвансу і Браздзейкісу, а тайм-аўтамі дапамагаў камандзе знайсці патрэбны рытм.

Пасля мінулага правальнага сезона гэты «Жальгірыс» выглядае даволі магутна прынамсі дома – і з такой гульнёй каманда можа збіраць аншлаг за аншлагам.

Фота: «Жальгірыс», аўтара.

Іншыя пасты блога

Усе пасты