Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» пры актыўнай украінскай падтрымцы эпічна перамагае сербаў і закрэпляецца ў топ-8

«Жальгірыс» пры актыўнай украінскай падтрымцы эпічна перамагае сербаў і закрэпляецца ў топ-8

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
20 студзеня 2023, 23:28
1
«Жальгірыс» пры актыўнай украінскай падтрымцы эпічна перамагае сербаў і закрэпляецца ў топ-8

Белградская «Црвена Звезда» вяртаецца ў Каўнас пасля скандальнага матчу ў Літве ў пачатку красавіка. Тады сербскія баскетбалісты адмовіліся падтрымаць антываенную акцыю і ўзяць у рукі банэр з надпісам «Stop war». Пасля гульцы тлумачылі гэта тым, што ім забараніла кіраўніцтва каманды, а кіраўнікі клубу – што яны супраць усіх войнаў, не толькі расейска-ўкраінскай, і для гэтай пазіцыі не трэба браць у рукі банэр.

У гэтым сезоне «Црвена Звезда» (10-9) працягвае скандаліць, але ўжо ў больш спартовай частцы. Напрыклад, галоўнай тэмай апошніх тыдняў стала адмова Еўралігі ў рэгістрацыі дарагога легіянера белградскай каманды. Факунда Кампацца падпісаў кантракт з «Црвена Звездай», але цяпер можа гуляць толькі ў Адрыятычнай лізе, бо клуб пакараны Еўралігай за парушэнне фінансавага фэйр-плэю. Сербам забаранілі рэгістраваць навічкоў да 28 лютага, а 1 сакавіка ўжо дэдлайн па рэгістрацыі гульцоў на гэты сезон.

А вось у «Жальгірыса» (11-8) з навічкамі ўсё добра. Тэйлар і Паланара добра ўпісаліся ў гульню каманды і дапамаглі літоўцам прывезці дзве перамогі з італьянскай выправы, дзе «Жальгірыс» перамог «Віртус» і «Алімпію Мілан». Цяпер – матч супраць сербаў, прычым наступная хатняя гульня таксама адбудзецца супраць белградцаў, толькі ўжо «Партызана».

Сумная навіна для каўнасцаў у тым, што Калньеціс завяршае кар’еру, а Гедрайціс пакуль не зможа выйсці на паркет. Ну і, вядома, Эванс з Кавано да канца сезону ўжо не дапамогуць камандзе.

Але 15 тысяч заўзятараў ужо чакаюць «Црвену». Квіткі на гэты матч былі раскуплены яшчэ тры тыдні таму. Больш за тое, у сярэдзіне студзеня можна набыць квіткі толькі на гульні «Жальгірыса» ў Еўралізе, якія адбудуцца ў сакавіку. Што і казаць, літоўцы любяць баскетбол. І нават на Фіналы чатырох, які ў траўні пройдзе ў Каўнасе, квіткі раскупілі за 5 гадзін. Напэўна, з лёгкай надзеяй на тое, што там згуляе родная каманда.

На матч супраць «Црвена Звезды» заўзятары падрыхтаваліся – і прынеслі на арэну ўкраінскія сцягі, якія дзейнічаюць супраць сербаў нібы крыптаніт супраць Супермэна. Клуб таксама арганізаваў перфоманс – на трыбунах былі белыя і зялёныя сцягі ў клубных колерах «Жальгірыса». Гульцоў «Црвена Звезды», якія выйшлі на размінку перад матчам, заўзятары сустрэлі моцным украінскім зарадам супраць расейскага прэзідэнта.

А сваіх гульцоў як і трэба – прывіталі апладысментамі.

Дзімша і Браздзейкіс на пачатку матча прынеслі сваёй камандзе 6 ачкоў, а Шмітс закінуў трохачковы. Самым шчаслівым чалавекам у гэты момант быў, напэўна, заўзятар на першых шэрагах з шалікам LATVIJA. Сербы на гэта адказалі толькі пяццю ачкамі, прычым Кузміч не закінуў адзін са штрафных. А пасля Шмітс зноў закінуў трохачковы – і зноў латышы на арэне аказаліся самымі шчаслівымі (12:5).

Сербы скарацілі адрыў да 12:9, але пасля гэтага літоўцы пайшлі ў адрыў і ледзьве не скончылі чвэрць 20:12, але на апошніх секундах мяч трапіў у кошык і каманды сышлі на перапынак з лікам 20:14.

Італійскі навічок Акіле Паланара да матчу казаў, як ён жадае пазнаёміцца з «Жальгірыс-Арэнай». Знаёмства адбылося паспяхова – у пачатку другой чвэрці ён:

– спачатку закінуў трохачковы;

– адразу пасля гэтага ён адпрацаваў у абароне і не дазволіў закінуць сербам;

– пасля чаго зноў адабраў мяч і закінуў у кошык;

– і зноў адпрацаваў у абароне, адабраў мяч і закінуў трохачковы.

За 2 хвіліны Паланара набраў 8 ачкоў і зрабіў лік 30:18. Трэнер Іванавіч адразу ўзяў тайм-аўт – і за наступныя 30 секунд сербы адгулялі 6 ачкоў. Цяпер тайм-аўт узяў ужо Максвіціс.

Адразу ж пасля гэтага Паланара зноў закінуў у кошык (32:24). Пасля таго, як італьянец сышоў з пляцоўкі, сербы зноў актывізаваліся і скарацілі адрыў (34:30), але Лякавічус двойчы закінуў і зрабіў канчатковы лік для першай паловы гульні – 38:30.

У трэцяй чвэрці «Црвена Звезда» захапіла ініцыятыву і даволі хутка скараціла адрыў з 8 да ўсяго аднаго ачка – 42:41. У гэты крытычны момант справу ў свае рукі ўзяў Лякавічус, які закінуў трохачковы і зрабіў лік больш камфортным (45:41). Трэнер сербаў адразу ж узяў тайм-аўт.

У другой палове «Црвена Звезда» была лепш. Спачатку сербы скарачалі адрыў, пасля выйшлі наперад (50:51). На апошніх секундах мяч пасля кідка Браздзейкіса вагаўся на краю, але ўсё ж не патрапіў – сербы падхапілі мяч і Добрыч пад самую сірэну закінуў трохачковы, зрабіўшы лік 50:56. Цалкам няўдалая атрымалася чвэрць для літоўцаў (12:26).

Апошнюю чвэрць Арнас Буткявічус пачаў з трох ачкоў, закінуўшы ў кошык і дадаўшы яшчэ адзін пасля фола суперніка. У адкаў Петрусеў закінуў свае тры (53:59). Наступныя 6 хвілін былі пад кантролем сербаў, якія не дазвалялі скараціць адрыў і нават крыху павялічылі яго (57:64).

За 2:20 да канца гульні лік быў 61:64, прычым «Црвена Звезда» ўжо выбіла 5 фалоў (у літоўцаў толькі 1). «Жальгірыс» здолеў адбіцца і перахапіць мяч, пасля чаго Дзімша закінуў трохачковы – 64:64, да канца чвэрці 1:44 і вельмі, вельмі гучная арэна. Трэнер сербаў Іванавіч узяў тайм-аўт.

Пасля гэтага Уланавас закідвае трохачковы – да канца гульні яшчэ хвіліна. Сербы спрабуюць увесці мяч у гульню, але губляюць яго на роўным месцы. Заўзятары вельмі, вельмі гучна дапамагаюць камандзе ў гэтым момант. А капітан каманды зноў закідвае трохачковы! Уланавас робіць лік 70:64 за 35 секунд да канца. Недавіч закідвае двухачковы – і Максвіціс бярэ тайм-аўт.

70:66, 26 секунд і мяч у «Жальгірыса». Што можа пайсці не так?

Уланавас пратрымаўся 6 секунд, пакуль на ім не сфалілі. Першы штрафны ён не закінуў, а вось другі – патрапіў у кошык. Сербам заставаліся 20 секунд на атаку, якая ў іх зусім не атрымалася – тры кідкі і ўсе міма. За пару секунд да канца чвэрці літоўцы адабралі мяч і на гэтым гульня скончылася. 71:66 і выдатная перамога каманды Максвіціса.

Пасля гэтай перамогі «Жальгірыс» займае ажно 5 радок у табліцы (12-8), прычым ад зоны за межамі плэй-оф аддзяляюць камфортныя 2 перамогі. Важна яшчэ і тое, што пасля паразы ў Белградзе з -4 літоўцы перамаглі ў +5. Гэта значыць, што пры роўнасці ачкоў з сербамі (а такое можа быць) каўнасцы будуць вышэй. Вядома, наперадзе яшчэ 14 тураў, але ўжо цяпер каманда Максвіціса паказвае не толькі добры баскетбол, але і характар, якога так не хапала ў мінулых сезонах.

І самае прыемнае для заўзятараў, што ўклад у перамогу ўносяць усе гульцы. Няма Дончыча, які адзін ташчыць каманду – не. На пачатку закідвае трохачковыя Шмітс, пасля – Дзімша, за ім эстафету пераймае Паланара, пасля выратоўвае каманду Лякавічус, а напрыканцы – капітан Уланавас.

У камандзе аднаго гульца можна закрыць лідара – і перамагчы. У камандзе, якая грае як каманда, няма каго закрываць. Гэтым і адрозніваецца сённяшні «Жальгірыс» ад многіх каманд Еўралігі.

Фота: аўтара, Жальгірыс Каўнас

Іншыя пасты блога

Усе пасты