Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» супраць «Алімпіякоса»: Саша Везянкоў паказвае, як ён двойчы ў гэтым сезоне стаў MVP месяца

«Жальгірыс» супраць «Алімпіякоса»: Саша Везянкоў паказвае, як ён двойчы ў гэтым сезоне стаў MVP месяца

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
16 сакавіка 2023, 22:51

Да матчу з грэкамі «Жальгірыс» падыйшоў са стратай: пасля пашкоджання ў дэрбі з «Рытас» на матч не заявілі аднаго з лідараў – Ісаю Тэйлара. Перад гульнёй літоўцы, як і заўсёды, пачалі пець гімн Літвы. У гэты момант грэчаскія фанаты пачалі зараджаць свае крычалкі, што, вядома, выклікала свіст. Праўда, грэкі зразумелі недарэчнасць моманту і змоўклі – напэўна, гэта не была мэтанакіраваная абраза.

Матч пачаўся з кідка галоўнай зоркі «Алімпіякоса» Сашы Везянкова, які кінуў на тры ачкі, але не патрапіў у кошык. У пачатку грэкі захапілі ініцыятаву і давялі лік да 2:7. У гэтым момант гулец «Алімпіякоса» Уолкап ледзьве не закінуў, але Лякавічус спачатку змахнуў мяч з рукі суперніка, а пасля даставіў яго да Шмітса, які трапна закінуў трохачковы (5:7).

У сярэдзіне першай чвэрці на табло гарэлі 7:9. Мяч не тое каб ішоў у кошык з боку «Жальгірыса», хаця і кідкі здалёк у Сашы Везянкова таксама не атрымліваліся. Максвіціс узяў тайм-аўт, пасля якога пад гучныя спевы пра расейскага прэзідэнта і тое, кім ён з’яўляецца, Лякавічус закінуў трохачковы і ўпершыню ў гэтым матчы вывеў «Жальгірыс» наперад (10:9). Крыху пазней Уланавас закінуў чарговую трошку. На гэта сваімі +3 адказаў Везянкоў, а праз паўхвіліны – яшчэ двума ачкамі (13:15).

На апошнія 20 секунд чвэрці мяч заставаўся ў «Жальгірыса». Уланавас увёў за сабой суперніка, пакінуўшы зону для Дзімшы, і аддаў таму мяч – а партнёр не падвёў, трапна кінуўшы трохачковы ў апошнюю секунду. На малы перапынак каманды пайшлі з лікам 17:15 на карысць літоўцаў.

У пачатку другой чвэрці Браздзейкіс доўга валодаў мячом і няўдала кінуў трохачковы, але мяч падабраў Шмітс і закінуў свае +2. На гэта трапным кідком адказаў грэцкі легіянер Петэрс (19:17). Праз паўхвіліны адрыў павялічыў Дзімша сваім трохачковым. Заўзятары завяліся і пачалі моцна асвістваць грэчаскіх баскетбалістаў, што не перашкодзіла Ларанцакісу закінуць трошку (22:20). А пасля Дзімша і Буткявічус прымусілі трэнера «Алімпіякоса» Барцокаса ўзяць тайм-аўт – яны ўдвая спачатку не далі закінуць грэкам у кошык, а пасля разыгралі камбінацыю і давялі лік да 26:21.

Пасля тайм-аўту «Аліямпіякос» адыграў два ачкі, але Паланара адразу закінуў трохачковы. Але пераломны момант настаў пазней: замест фола з боку грэкаў арбітр зафіксаваў прабежку ў Буткявічуса. Мяч аддалі «Аліямпіякосу» і Ларанцакіс закінуў трохачковы. Пасля гэтага грэкі зноў закінулі і выйшлі наперад – 29:30. Сітуацыю пачалі ратаваць Уланавас і Браздзейкіс: адзін выманіў на сябе супернікаў, а другі, атрымаўшы мяч, трапна закінуў трохачковы. Праўда, «Аліямпіякос» адразу адгуляў адрыў (32:32). На двухачковы Браздзейкіса трохачковым адказаў Макісік – 34:35. Пасля гэтага трэнер «Жальгірыса» Казіс Максвіціс узяў тайм-аўт. Але ў выніку «Аліямпіякос» давёў лік да 34:40 пасля двух чвэрцяў.

Другую палову «Жальгірыс» моцна пачаў і зраўняў лік (40:40). Праўда, «Алімпіякос» адразу пасля гэтага закінуў пяць ачкоў і прымусіў Максвіціса браць тайм-аўт. Шмітс скараціў адрыў на 2 ачкі, але пасля гэтага грэкі давялі лік да 45:59. «Жальгірыс» спрабаваў штосьці змяніць, але гульцы гублялі мяч наўпрост на роўным месцы, дазваляючы грэкам раз за разам бегаць у атаку. Толькі за паўтары хвіліны да канца чвэрці «Жальгірыс» ачуняў, але было ўжо позна. Перад фінальнай чвэрцю лік склаў 49:61.

Апошнюю чвэрць «Жальгірыс» пачаў з двух штрафных ад Паланары, на якім сфаліў Блэк. Закінуць у італьянца не атрымалася ніводзін. Але атрымалася закінуць у Дзімшы ў наступнай атацы. Адрыў у гэты момант складаў -10 – заўзятары моцна завяліся і пачалі свісцець грэкам, якія валодалі мячом. Гэта зусім не засмуціла Везянкова, які развярнуўся і з нязручнай пазіцыі закінуў у кошык. Затое два разы запар трохачковы закінуў Шмітс, які скараціў адрыў да -8. Свой унёсак трапнымі штрафнымі дадаў і Дзімша, які зрабіў лік 59:65. Арэна зноў гучна завялася. Да -5 адрыў скараціўся пасля трапнага трохачковага на апошняй секундзе атакі ад Буткявічуса, удалы пас якому даў Уланавас. У наступнай атацы капітан «Жальгірыса» перахапіў мяч, але не стаў закідваць з-пад шчыта, а аддаў на тры ачкі Буткявічусу – і той закінуў (65:67).

За 3:03 да канца Дзімша зраўняў лік (69:69). Самае цікавае ў гэтым матчы толькі пачыналася. Макісік закінуў адзін штрафны, у Паланары і Дзімшы трохачковыя не атрымаліся, але грэкі згубілі мяч і аддалі яго ў выніку «Жальгірысу». У гэтай сітуацыі пры ліку 69:70 і 1:49 да канца Максвіціс узяў тайм-аўт.

За 1:12 Шмітс закідвае трохачковы (72:70). У наступнай атацы арбітр бачыць фол з боку «Жальгірыса» і Макісік закідвае два штрафных, робячы лік роўным. Уланавас праходзіць да чужога кошыка, але Ларанцайкіс не дае яму закінуць. Заўзятары крычаць, бо бачаць у гэтым моманце фол, але арбітр паказвае, што ўсё чыста. Зноў тайм-аўт.

Развязка атрымалася драматычнай. Да канца матча застаецца 28,9 секунды, лік 72:72, мяч у «Алімпіякоса». Грэкі трымаюць мяч і перадаюць яго галоўнай зорцы. Саша Везянкоў закідвае двухачковы. Застаецца 6,7 секунды, Максвіціс бярэ тайм-аўт. Уланавас амаль без перашкодаў даходзіць да шчыта, але просценькі кідок у яго не атрымліваецца. Час выходзіць і «Жальгірыс» прайграе 72:74.

Матч мог стаць выдатным камбэкам «Жальгірыса», але стаў драмай без хэпі-энду. Гульцы «Алімпіякоса» Везянкоў і Макісік на дваіх набралі 43 ачка, тады як ачкі «Жальгірыса» набіраліся без такога відавочнага лідарства. Прычым Везянкоў у гэтым матчы добра паказаў, за што ў яго ў гэтым сезоне ажно два MVP месяца: ён сышоў з пляцоўкі з паказчыкам карыснасці +32, набраў 25 ачкоў і 8 падбораў. Больш за тое, усе яго двухачковыя кідкі (9) трапілі ў кошык.

Наперадзе ў «Жальгірыса» матчы супраць «Фенербахчэ» на выправе, «Валенсіі», «Манака» і «Макабі» дома, а таксама «Баварыі» ў Мюнхене. Каляндар дазваляе да апошняга змагацца за плэй-оф, але цяпер ужо не ўсё залежыць ад літоўскай каманды ў барацьбе за топ-8.

Іншыя пасты блога

Усе пасты