Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Клубы ў Беларусі – гэта шарагі, футбалісты будуць святкаваць нават дзень нараджэння Умкі, а бос АБФФ напэўна прыцягвае жанчынак 40+

Клубы ў Беларусі – гэта шарагі, футбалісты будуць святкаваць нават дзень нараджэння Умкі, а бос АБФФ напэўна прыцягвае жанчынак 40+

Як я ўбачыў Паліцая на генацыдным фота.

24 чэрвеня, 13:00
4
Клубы ў Беларусі – гэта шарагі, футбалісты будуць святкаваць нават дзень нараджэння Умкі, а бос АБФФ напэўна прыцягвае жанчынак 40+

Беларускі футбол – гэта смутак для іншых, але і сам ён вучыцца смуткаваць. Па камандзе. Па камандзе радавацца, па камандзе маўчаць. Шкада, перамагаць па камандзе пакуль не атрымліваецца.

Дзіўная справа: мы ўпарта спадзяемся, што на полі за гонар краіны паспяхова будуць біцца тыя, хто ўласным гонарам ахвяруе ці не ў першую чаргу. Аддае яго як нешта бессэнсоўнае і непрактычнае ў абмен на тое, што можна памацаць рукамі і намазаць на хлеб.

Аддаць тое, што не мае цаны, і дашчэнту збяднець – які знаёмы для Беларусі сцэнарый. Абмяняць мову, гісторыю, права выбару на магчымасць батрачыць на савецкіх прадпрыемствах і на так званую стабільнасць, якая вядзе да дэградацыі і цягне ў мінулае.

У апошнія месяцы ў беларускага футбола ўжо нават не выменьваюць, а адбіраюць рэшткі гонару, хаця і тыя рэшткі заставаліся толькі ў адарваных ад рэчаіснасці фантазіях. Ад спалоханага маўчання дабраліся да індывідуальнага каяння, адтуль – да калектыўнага ўдзелу ў абсурдных рытуалах, мэтай якіх ёсць выключна прыніжэнне і нічога акрамя яго.

Футбалісты вінаватыя перад дыктатарам. Занадта добра і прыгожа жылі, а выявіліся няўдзячнымі. Калі трэба было крычаць: «Бейце, бейце іх! Так ім і трэба!» – замест гэтага нешта нерашуча мармыталі, і ў мармытанні тым можна было расчуць: «Хопіць! Спыніцеся!» Сёння футбалістам паказваюць, дзе іх месца, атрымліваючы асалоду ад пакорлівасці і бесхарактарнасці – ад якасцяў, якія цешаць чынуш і супернікаў на полі.

Нашая вышэйшая ліга стала спаборніцтвам шарагаў. Толькі калі савецкія шарагі, куды накіроўвалі рэпрэсаваных навукоўцаў і даследчыкаў, займаліся сакрэтнымі распрацоўкамі, то беларускія гуляюць у футбол. Хаця сёння любое прадпрыемства з удзелам дзяржаўнага капіталу – такая ж шарага, як і футбольны клуб. Людзі быццам свабодныя, а быццам і не. Мусяць выконваць не толькі свае непасрэдныя абавязкі, але і тое, што загадваюць наглядчыкі. Бо, калі што, і рэжым можна пастрожыць. А некаторыя ўвогуле не ўяўляюць, што такое жыць па-за межамі шарагі.

Дзень Перамогі? Дзень так званага народнага яднання? Дзень, барані Божа, яднання народаў Беларусі і Расіі? Дзень нараджэння шпіца Умкі? Ды без праблем.

Гляджу на фотаздымкі футбалістаў-фізкультурнікаў з Дня памяці ахвяр Вялікай Айчыннай (а насамрэч Другой сусветнай) вайны, які вар’яты-лукашысты пераназвалі ў нешта там пра генацыд беларускага народу, прычым генацыд яны прыдумалі самі сабе, – і мне цікава фантазіраваць, што думаюць гэтыя людзі падчас хвіліны маўчання, якую зафіксавалі аб’ектывы.

***

Здаецца, большасць футбалістаў БАТЭ цудоўна разумее, па якіх правілах сёння ідзе жыццё. Рукі трымаць за спінай, у вочы не глядзець. Перажыванні Кудраўца і Лапцева асабліва моцныя, быццам яны самі ледзьве ўратаваліся ад генацыду. Калі мяне не стане, спадзяюся, блізкія будуць менавіта так смуткаваць па маёй сціплай асобе.

Хаця, калі шчыра, у Лапцеве штосьці насцярожвае. Магчыма, былы ахоўнік мозырскай дыскатэкі проста стаіўся і думае, а ці не даць Капскаму-сыну ў вуха за скарачэнне заробку. Усё ж гэта не жартачкі. Пэўнае непаразуменне чытаецца і ў позірку, які івуарыец Жымо скіраваў на боса: «Хэй, мэн, што тут адбываецца? Дзе мае бабкі?!»

Андрэю Капскаму быццам і не да смуткавання – у ягонай галаве круціцца нешта надзённае. Цяпер такі час, што я змушаны слухаць дзіцячыя анекдоты. Старэйшы сын іх аднекуль прыносіць і расказвае, як умее, а ўмее пакуль не вельмі. Аднак адзін анекдот неяк зачапіўся за вуха. Не маю мэты вас насмяшыць (хай гэтым займаецца белфутбол), таму коратка перадам сутнасць гісторыі. Дзядзька патрапіў у пекла, і чэрці прапанавалі яму на выбар вечную пакуту. Сярод брутальных катаванняў небарака ўгледзеў групу таварышаў, якія стаяць па шыю ў лайне ды паляць цыгарэткі. Яму падалося, што гэта найлепшы з варыянтаў, таму і далучыўся да кампаніі. Усё было добра, пакуль не прагучаў загад: «Перакур скончаны. Даядайма!»

Капскі думае, чаго б яму яшчэ з’есці. Паходу на так званы ВНС, агітацыі за так званы рэферэндум і іншых зашквараў аказалася недастаткова. Грошай не даюць. Што яшчэ зрабіць? Гатовы на ўсё, хоць па самую шыю, вы толькі скажыце…

***

На ганку Дома футбола быццам не ахвяр лукашэнкаўскага генацыду аплакваюць, а здымаюць рэкламу для партыі Шарснёва пад лозунг «Верым! Можам! Пераможам!». Ён – на пярэднім плане. Выпраменьвае энергію і волю. Такі бадзёры дзед-удавец (а можа, у свае 62 і не дзед, але, кажуць, дакладна ўдавец) проста абавязаны падабацца жанчынкам, якія развяліся і прагнуць другога ці якога там шансу. У добрай форме (дае рады гірам), даглядае сябе. Мае знешнасць актора з таннага расійскага серыялу. А ў Беларусі многія жанчынкі за 40 любяць танныя расійскія серыялы.

Гледзячы на новага боса АБФФ, прыгадваю мем пра «шарсцянога ваўчару» з «магутнымі лапішчамі». Але, канешне, Шарснёў – не ваўчара, а старанны пастух (недарэмна займаўся жывёлагадоўляй). Вунь які статак здолеў сагнаць з футбольных палёў. Пастух – добры тыпаж для лукашэнкаўскага менеджара. Толькі гульні ў партыі ў нас не вітаюцца.

Яшчэ мы даведаліся, што існуе ўніформа старшыні АБФФ. Толькі Уладзімір Базанаў забыў здаць свой святочны камплект – аднолькавыя кашулі, нагавіцы, туфлі. А можа, гэта спроба памерацца статусам? Тады хтосьці з іх мусіў бы пакінуць гэтую вечарыну, каб пераапрануцца.

Але за Базанава у нейкім сэнсе радасна. Здаецца, на гэтай фотасесіі ён перажывае момант простага чалавечага шчасця. Столькі трэніраваўся – і вось стаіць, амаль што выцягнуўшыся ва «фрунт». Так хораша пятачкі паставіў побач, і твар самы трагічны на здымку. Вось так бы і стаяў у жальбе, толькі не на ганку, а ў чарзе ў якім беластоцкім «Ашане». І больш нічога не трэба.

А вось асоба-загадка ў гэтым статку – намеснік Ботнікаў. Ці памянуў ён ахвяр генацыду кілішачкам? А калі памянуў, як яго прымусілі маўчаць? Беларусы – малайцы ці не?

***

Кумпань з «Тарпеда-БелАЗ» завітала на Маскоўскія могілкі ў Жодзіне. Над чым разважае галоўны трэнер Молаш? Можа, над сімвалічнасцю назвы – наўрад ці хто забіў болей беларусаў, чым маскавіты. Ды і ўкраінцаў, напэўна, як яны, ніхто не забіваў і не забівае. Ёсць над чым паразважаць у цяперашні момант, пад час вайны.

Хаця нельга выключаць, што Молаша і яго падначаленых хвалюе тое, што адбываецца з беларускім народам. Масавы ад’езд суайчыннікаў (не генацыд, канешне, але ж), адсутнасць звестак пра Віктара Бабарыку на фоне чутак пра стан ягонага здароўя ў апошнюю пару месяцаў – шмат беларусаў гэта не можа пакідаць абыякавым.

***

Мінскія дынамаўцы – скаваныя адным ланцугом. Разам у горы ды радасці. Ідуць да мэты і плююць на тое, што адбываецца ў іншых.

Адзіны казус «генацыднага» фота – на яго патрапіў Паліцай (спадзяюся, Сяргею Паліцевічу не давядзецца выбачацца за мянушку з маладосці, але ж калі і давядзецца, мяркую, ён спакойна гэта перанясе).

***

Ну і на ўсіх кадрах мне цікава, што думаюць маладыя хлопцы – патэнцыйныя зборнікі і зоркі ЧБ. Ці разумеюць, што з імі робяць? Або ўжо ўспрымаюць такія рытуалы як норму без намёку на ўнутраны пратэст? Адсутнасць расповедаў пра свае ідэалагічныя прыгоды ў TikTok і Instagram даюць падставы верыць у найлепшае. Але ж лукашэнкаўскія ідэолагі могуць зрабіць смуткаванне абавязковым і ў прыватных сацсетках. Гэтым разам яны недапрацавалі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты