Tribuna/Тэніс/Блогі/«Порою блажь великая»/Яшчэ не адзін беларус возьме прыклад з Мірнага. Што зробіш, калі патрапіўся ў рукі да маньяка

Яшчэ не адзін беларус возьме прыклад з Мірнага. Што зробіш, калі патрапіўся ў рукі да маньяка

«Мы – не быдло, стадо и трусы».

31 кастрычніка, 23:59
1
Яшчэ не адзін беларус возьме прыклад з Мірнага. Што зробіш, калі патрапіўся ў рукі да маньяка

«Мы – не быдло, стадо и трусы». Лёгка сказаць і куды цяжэй адпавядаць. Словы маюць кошт, часам – фантастычна высокі. Музыкі TOR BAND за галоўны пратэсны гімн-2020 атрымалі ад 7,5 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ці збіраліся яны плаціць столькі? Спытаць будзе можна няхутка, але цяпер у хлопцаў проста няма выбару (ну, так, з выбарам у Беларусі як заўжды туга).

Шчыра, не вельмі разумею, якое было выйсця ў Максіма Мірнага. Што рабіць, калі няма магчымасці растварыцца, як звычайнаму маленькаму чалавеку, калі няма магчымасці зрабіць выгляд, што нічога не было, у тым ліку і цябе на пратэстах або побач з імі. Калі да цябе, канкрэтна да цябе і тваёй сям’і, прыкутая сканцэнтраваная ўвага лукашэнкаўскіх садыстаў у форме – які тут выбар?

Яны могуць забраць у цябе ўсё, а гэта нямала з улікам таго, што ты зарабіў за кар’еру каля 12 мільёнаў долараў і меркаваў, што забяспечыў будучыню і сабе, і сваім дзецям, і сваім унукам. Цябе могуць пасадзіць без дай прычыны, а могуць пасадзіць твайго бацьку. Могуць выпусціць – а пасля зноў пасадзіць, і невядома, ці ёсць канец у гэтага цыклу. Магчыма, гэта толькі пужалкі, а магчыма, і не. Хто асуджае і гатовы праверыць, хай вяртаецца ў Беларусь, а той, хто ў Беларусі, хай паспрабуе выйсці на плошчу.

Калі ты ведаеш, што ў пакоі сядзіць маньяк, у гэты пакой проста не варта заходзіць, прынамсі, без пісталета (у тэнісіста, дарэчы, ён ёсць, узнагародны). Але Мірны чамусьці сам прыехаў у Беларусь – пайшоў да маньяка з пустымі рукамі. Ну а далей усё было прадказальна. Мала хто здольны асэнсавана абраць гераічны шлях. І Мірны – не першы спартовец, хто спасаваў у такіх абставінах. Некаторыя ягоныя калегі дэманстравалі куды больш імпэту, куды больш рашучасці, але прыгаслі, апынуўшыся з сістэмай сам-насам. Бо словы могуць быць не проста пужалкамі.

І гэта істотна адрознівае маньяка ад тых, хто яму супрацьстаіць. Пакуль адзін бок абмяркоўвае, што рабіць з маньякам і ягонымі служкамі ў цудоўныя часы, якія калісьці надыдуць, а можа, і не, іншы бок нявечыць людскія лёсы тут і цяпер, і не бачна канца гэтай вакханаліі. Для большасці ўласнае жыццё важнейшае за прынцыпы, да таго ж іншы бок заўжды даруе (ну што за дэмакратыя без міласэрнасці?), а вось маньяк – ні ў якім разе. Падпарадкаванне яму – на жаль, рацыянальны абывацельскі выбар.

Так, у больш спакойныя часы мы прывыклі глядзець на спартоўцаў як на герояў, але гэта выключна нашае скрыўленае ўспрыняцце. Праз медыі мы атрымлівалі эмоцыі перамог і прыхарошаную карцінку асоб, якія перамогі здабывалі. Мы радніліся, стваралі сабе куміраў і забываліся на тое, што спартоўцы – героі на пляцоўках, а па-за іх межамі ў большасці сваёй – не эрудыты, не інтэлектуалы, не носьбіты вялікіх гуманітарных ведаў. І так, багата хто нават блізка не герой. Ужо тры гады мы зубрым правіла, якое дапамагае пазбегнуць фрустрацыі: каб не расчароўвацца, не трэба зачароўвацца.

Выглядае на тое, што Мірны не мог не прыехаць да маньяка. Пад удар сілавікоў патрапіў ягоны бацька – чалавек, які ляпіў з Максіма спартоўцу. І ланцужок у галаве складаецца проста: вось мы атрымліваем інфармацыю, паводле якой бацькам Мірнага пачалі цікавіцца.

Пакуль спраўджваем яе, выкладаецца фота, на якім Мірны, не падобны да самога сябе (Звер, але нейкі зусім зацкаваны), стаіць побач з лукашэнкаўскім людажэрам Сяргеем Рутэнкам – галоўным на сёння па тэнісе ў краіне.

А неўзабаве з’яўляецца відэа, на якім Мірны каецца.

Калегі звярнулі ўвагу на адну цікавую дэталь. Сваю душу былы тэнісіст адкрывае не зграе прапагандыстаў, а на пятлічку, што трымае жаночая рука – відавочна, прадстаўніцы федэрацыі тэніса, дзе прэс-сакратаром сёння працуе дачка Міхаіла Захарава Крысціна. То-бок можна меркаваць, што гэта не была акцыя на загад зверху, а наадварот – нізавая ініцыятыва, добраахвотны ўчынак, жэст добрай волі, каб даслаць сігнал аб поўнай безумоўнай капітуляцыі кудысьці наверх. Ну а Рутэнка мусіць быць узмацняльнікам гэтага сігналу.

Не ведаю, як каму, а мне гэтую прамову алімпійскага чэмпіёна было глядзець непрыемна і цяжка. Не праз змест нават, а праз тое, як выглядае Мірны ў роліку. Не нагадвае ён чалавека, які адкрыў для сябе ісціну і захацеў ёю з усімі ад душы падзяліцца. Хаця, чаго хаваць, да зместу шмат пытанняў.

Макс не справіўся пасля выбараў з эмоцыямі, а дзве ягоныя родныя цёткі не справіліся з кавідам – усе, атрымліваецца, падвялі Лукашэнку, гаранта і галоўнага барацьбіта з каранавірусам. Мірны атрымлівае асалоду ад блакітнага неба Беларусі і ад таго, што ў нас няма вайны, – шкада, ён не заспеў у гэтым небе слядой ад расійскіх ракет, якія ляцелі ва Украіну. Міралюбная палітыка нашай краіны палягае ў рэгулярных пагрозах свету ядравай зброяй? А, так, на тэрыторыі Беларусі з’явілася ядравая зброя. Спартовец выбачыўся за тое, што ў 2020-м назваў беларусаў мірнымі людзьмі, якія хочуць мець магчымасць галасаваць на сумленных выбарах і пры гэтым жыць без судовага беззаконня. Мірны кажа, што памыліўся на гэты конт (ну канешне, «губазікі», «мусы», «кадэбэшнікі», «дэфээры» і іншыя – якія яны мірныя?). Што ж...

Гаворачы ўсю гэтую лухту, былы спартовец ледзьве не плача, і я бачу ў гэтым надзею. Бо веру, што аплаквае Мірны не сваю так званую памылку, а самога сябе, сваё сумленне. Самыя агідныя словы, самыя здрадніцкія словы, даюцца яму цяжэй за ўсё.

Магчыма, ён разумее, што гэта пабачаць ягоныя дзеці, трое з якіх ужо досыць дарослыя, каб даць ацэнку бацькоўскаму ўчынку ў адпаведнасці са сваім амерыканскім выхаваннем.

Зрэшты, беларускія футбалісты ўжо далі майстар-клас, як праходзіць праз такія сітуацыі без заўважных страт для сябе. Стас Драгун пасля выпраўлення зноў адчувае сябе зоркай, а Аляксандр Гутар часцей ранейшага свеціць сваю нагеленую чупрыну. Не так даўно на Дзень бацькі жонка футбаліста запэўніла, што ганарыцца ім, і заклікала заставацца прыкладам для дзяцей.

І з Макса Мірнага яшчэ не адзін беларус возьме прыклад, прачнуўшыся аднойчы раніцай ад таго, што нехта кувалдай выбіў дзверы ў кватэру.

Іншыя пасты блога

Усе пасты