Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Копаць – гэта не толькі шайба шведам у 2002-м: працуе ў чужой зборнай са шваграм, браў прэстыжны еўракубак, прайграваў РТ з Лукашэнкам (і не падпісаўся за яго)

Копаць – гэта не толькі шайба шведам у 2002-м: працуе ў чужой зборнай са шваграм, браў прэстыжны еўракубак, прайграваў РТ з Лукашэнкам (і не падпісаўся за яго)

На Алімпіяду мог увогуле не трапіць, пасля поспеху атрымаў прыгожы нумар на аўто.

Аўтар — bytribuna com
22 лютага 2023, 10:00
Копаць – гэта не толькі шайба шведам у 2002-м: працуе ў чужой зборнай са шваграм, браў прэстыжны еўракубак, прайграваў РТ з Лукашэнкам (і не падпісаўся за яго)

20 лютага споўніўся 21 год самай гучнай перамозе беларускага хакея: у чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці зборная абыграла аднаго з фаварытаў турніру – Швецыю (яна да гэтага перайграла Канаду, якая забрала па выніку золата). Гэты вынік быў вельмі нелагічным – усе астатнія матчы асноўнай часткі турніру зборная Беларусі прайграла, прычым чатыры разы з пяці – разгромна.

Галоўным героем той перамогі стаў Уладзімір Копаць: гістарычную вікторыю камандзе прынес менавіта стрэл 30-гадовага абаронцы з цэнтра пляцоўкі за дзве з паловай хвіліны да канца трэцяга перыяду. Кідок быў недакладным, але ўсё змяніла вельмі няўдалая спроба спроба злавіць шайбу ад элітнага шведскага галкіпера Томі Сала.

Тая шайба паставіла пад пагрозу не толькі кар'еру брамніка, але і яго жыццё: праз шмат гадоў Сала прызнаваўся, што быў блізкі да суіцыду.

Шайба Копаця – гэта для некаторых адзінае, што вядома пра абаронцу. Але ж у беларускага хакеіста была насычаная гульнявая кар'ера, пасля якой пачалася трэнерская. Раскажам іншыя цікавыя факты з біяграфіі Копаця.

Пачынаў у футболе, але неўзабаве сябры перацягнулі ў хакей

Копаць нарадзіўся 23 красавіка 1971 года ў Мінску, там і пачаўся яго хакейны шлях, хоць спачатку ён спрабаваў сябе ў футболе – але знаёмыя хлопцы з двара па выніку перацягнулі яго неўзабаве ў хакейную секцыю, і з футболам юны Уладзімір завязаў.

Гулец займаўся ў школе «Юнацтва» ў Мікалая Беспразваных, але на дарослым узроўні пачынаў кар'еру ў Гродне, у тады яшчэ «Прагрэс-ШВСМ», які праз пару гадоў стаў «Нёманам», а затым правёў сезон у наваполацкім «Хіміку».

Браў золата ў Беларусі і Расіі

З 1991-га Копаць выступаў за мiнскае «Дынама», якое неўзабаве перайменавалі ў «Цiвалі». З 1993-га па 1995-ы Копаць тройчы стаў чэмпіёнам Беларусі, пасля чаго з'ехаў у Расію. Там абаронца правёў сем гадоў, змяніўшы шэсць клубаў.

У 1997-м з яраслаўскім «Тарпедам» (у 2000-м клуб стаў «Лакаматывам») Копаць узяў залатыя медалі чэмпіянату Расіі, а таксама двойчы заваёўваў бронзавыя медалі турніру (у 1998-м з «Тарпедам», а ў 2001-м з «Поўначсталлю»).

Мог не паехаць на АГ з-за траўмы

Да Гульняў у ЗША 30-гадовы абаронца падыходзіў у статуце хакеicта маскоўскіх «Крылаў Саветаў». Але ў Солт-Лэйк-Сіці мог і не паехаць: незадоўга да гэтага Копаць перанёс дзве аперацыі на калене, а таксама траўму рукі. А ўжо падчас папярэдняга раўнда Уладзімір атрымаў траўму пальцаў рукі, і медыкi думалі адправіць гульца з размяшчэння зборнай, але ён здолеў пераканаць, што зможа гуляць далей.

На прэмію за Гульні купіў машыну, да якой далі сімвалічныя нумары

За чацвёртае месца на Алімпіядзе прадстаўнікі зборнай атрымалі нядрэнную прэмію. Копаць на гэтыя грошы купіў сабе аўтамабіль Hyundai Santa Fe: кіраўнік салона тады пазнаў Уладзіміра і нават зрабіў яму невялікую скідку. Больш за тое, тагачасны міністр МУС Уладзімір Навумаў распарадзіўся гульцам той зборнай выдаць рэгістрацыйныя нумары па гульнявых: Копаць выступаў з 30 на джэрсі, таму атрымаў на машыну 0030 МАН.

На той машыне хакеіст ездзіў 13 гадоў, а потым прадаў і купіў сабе новенькі Toyota Land Cruiser Prado 120.

Пасля Алімпіяды вярнуўся ў Беларусь і выйграў еўракубак

Прарыву ў кар'еры пасля Алімпіяды ў Копаця не было. Больш за тое, неўзабаве пасля вялікага турніру абаронца вярнуўся на Радзіму, падпісаўшы кантракт з «Керамінам», з якім узяў два трафеі Усходне-еўрапейскай хакейнай лігі, якая аб'ядноўвала клубы з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы.

У 33 гады здарылася вяртанне ў роднае «Юнацтва». З клубам Копаць узяў яшчэ два чэмпіёнскія тытулы ў Беларусі, а ў 2007-м дапамог выйграць першы ў гісторыі белхакея еўракубак. У фінальным раундзе Кантынентальнага кубка былі абыграныя фінскі «Ільвес» (3:2), венгерскі «Секешфехервар» (5:2), у матчы супраць якога Копаць вызначыўся шайбай і быў прызнаны найлепшым гульцом, а ў вырашальным паядынку ў серыі булітаў мінчане змаглі адолець. галоўнага фаварыта – омскі «Авангард». Пазней гэты поспех «Юнацтва» паўтарыла яшчэ двойчы, але менавіта ў першы раз быў наймацнейшы склад удзельнікаў.

Прайграў Калядны турнір з Лукашэнкам, яшчэ будучы профі

Яшчэ не скончыўшы прафесійную кар'еру, Копаць увайшоў у склад «аматарскай» хакейнай каманды Лукашэнкі – здарылася гэта напярэдадні міжнароднага турніру ў 2010-м. А вось у 2011-м адбылося фіяска – Копаць і іншыя знакамітыя гульцы не справіліся з місіяй перамогі для Лукашэнкі на Каляды, у фінале па булітах саступіўшы расiянам. Інтэрнэт памятае выступленні Копаця за Лукашэнку аж да 2014 года.

Шмат гадоў асістуе свайму швагру – таксама легендзе белхакея

Як гулец з хакеем Копаць скончыў у 2010-м у складзе «Гомеля» ў 38-гадовым узросце. Там жа ў лютым 2011-га пачаўся яго трэнерскі шлях у якасці памочніка Андрэя Скабелкі – найлепшага хакеіста Беларусі ў 1994-м і 1997-м. Тандэм працягвае сваю працу дагэтуль, распадаючыся нячаста і на не занадта доўгі час. З мінулага года Копаць – асістэнт Скабелкі ў зборнай Казахстана і мясцовым клубе КХЛ «Барысе».

Копаць і Скабелка не толькі калегі, але і сваякі – Уладзімір ужо амаль 30 гадоў жанаты на роднай сястры Андрэя Але.

У пары ў шлюбе нарадзілася дзве дачкі: старэйшай Кацярыне ўжо 27 гадоў, малодшай Марыі – 19.

Не заступіўся за Беражкова, калі гэта зрабілі ўсе гульцы

У 2015-м Копаць працаваў памочнікам Любаміра Покавіча ў мінскім «Дынама». У той перыяд па падазрэнні ў крадзяжах быў затрыманы генеральны менеджэр «зуброў» Уладзімір Беражкоў. Неўзабаве абсалютна ўсе гульцы каманды пакінулі подпіс пад лістом на імя Аляксандра Лукашэнкі ў падтрымку функцыянера. А вось з трэнерскага штаба падпісаўся толькі Андрэй Кавалёў. Покавіч сваё рашэнне не падтрымліваць ліст патлумачыў тым, што «гэта не мае дачынення да спорту», а вось Копаць папросту прамаўчаў.

Адзначым, што Беражкоў і Копаць перасякаліся ў 1990-х, калі Беражкоў быў віцэ-прэзідэнтам ФХБ. Яны стаяць побач на легендарным фота, зробленым пасля выхаду зборнай у другі сусветны дывізіён у 1995-м.

Прадаў клюшку для дапамогі хвораму дзіцяці, але пакупнік не заплаціў

У 2016-м клюшка, якой хакеіст закінуў 20 лютага, была выстаўлена на аўкцыён з добрым намерам: усе сродкі ад яе продажу павінны былі пайсці хвораму на рак дзіцяці.

Аўкцыён спыніўся на суме ў 70 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (амаль 3,5 тысячы долараў). Але той, хто зрабіў гэтую стаўку, на сувязь так і не выйшаў, а ягоны профiль на партале, дзе праходзілі таргі, аказаўся фэйкавым. Клюшку хацелі разыграць нанова, але ці зрабілі гэта – незразумела. А вось сама шайба захоўваецца ў доме Копаця.

Патрапіў у зборную найлепшых беларускіх хакеістаў на думку ІІХФ

У 2020 годзе ІІХФ выпусціла сваю версію сімвалічнай зборнай найлепшых хакеістаў у гісторыі беларускага хакея. Знайшлося там месца і Копацю, які склаў пару абаронцаў з Русланам Салеем. У атаку міжнародная федэрацыя хакея адправіла Аляксея Калюжнага, Уладзіміра Цыплакова і Міхаіла Грабоўскага, месца ж у варотах было аддадзена Андрэю Мезіну.

Характэрна, што Копаць – адзіны хакеіст з гэтага спісу, які ні разу не атрымлiваў ўзнагароды найлепшага хакеіста Беларусі, хаця тройчы быў у намінантах.

Пераглядае тую самую шайбу кожны год

Абаронца прызнаваўся, што перагляд шайбы ў вароты Сала 20 лютага штогод стаў добрай сямейнай традыцыяй.

Таксама Уладзімір распавёў, што праз 15 гадоў заўважыў на відэа, што шайба пасля яго кідка нібыта патрапіла ў клюшку шведскага абаронцы, таму людзі дарма думаюць, што Копаць «траекторыю вылічыў». Зрэшты, мы падобнага дотыку на відэа не заўважаем да гэтага часу, ды і без удзелу Сала шайба не патрапіла б у вароты ні з рыкашэтам, ні без яго.

Не падпісаўся за Лукашэнку ў 2020-м, але пра Беларусь і вайну маўчыць

Копаць ніяк не выказваўся ні па падзеях у роднай Беларусі летам і восенню 2020-га, ні па жахах вайны ва Украіне. З іншага боку, няма і подпісу Копаця пад прарэжымным лістом, які з'явіўся ў канцы 2020-га. Пры гэтым адзначыліся падтрымкай Лукашэнкі некалькі партнёраў абаронцы па зборнай на АГ-2002 – Сяргей Шабанаў, Леанід Фацікаў, Алег Хмыль, Сяргей Стась, Андрэй Кавалёў, Канстанцін Кальцоў. А Алег Антоненка, нягледзячы ні на што, застаецца лідарам хакейнай каманды Лукашэнкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты