Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Вобразам бацюшкі ў Расіі ўразіў экс-напарнік Баскава: руліў камандай ЧБ у 30, закладаўся на бараду і пазбаўляў Лукашэнку трафея

Вобразам бацюшкі ў Расіі ўразіў экс-напарнік Баскава: руліў камандай ЧБ у 30, закладаўся на бараду і пазбаўляў Лукашэнку трафея

Але падпісаўся за рэжым.

Аўтар — bytribuna com
26 красавіка 2023, 09:00
Вобразам бацюшкі ў Расіі ўразіў экс-напарнік Баскава: руліў камандай ЧБ у 30, закладаўся на бараду і пазбаўляў Лукашэнку трафея

У панядзелак у Омску стартаваў фінальны турнір расійскай Юніёрскай хакейнай лігі, куды дапускаюцца гульцы не старэйшыя за 2005 год нараджэння. У спаборніцтве ўпершыню выступаюць беларускія каманды – чэмпіён Беларусі U-18 «Пінскія ястрабы» і зборная Беларусі U-18, якая стала другой у вышэйшай лізе (Д2).

«Юніёрка» Дзмітрыя Шульгі ў першым сваім матчы абыграла «Атлант» з лікам 3:0. Дзве шайбы закінуў брат энхаэлаўца Аляксея Протаса Ілля, а кіпер Яўген Прохараў аформіў «сухар». Але ўсю ўвагу забраў на сябе не ён, а яго трэнер. 35-гадовы Аляксандр Ходзін уразіў расійскія медыя сваiм вобразам з доўгімі валасамі і шырокай барадой.

«Вонкавы выгляд трэнера па брамніках больш нагадвае святара ці бацюшку», – застаўся пад уражаннем Telegram-канал «Антыхакей».

«Ён стварыў лішнюю інфармацыйную нагоду для таго, каб прыцягнуць увагу да юніёрскага хакея. Гэта выдатна», – пахваліў трэнера каментатар Дзмiтрый Фёдараў.

Мы ж раскажам пра незвычайнага трэнера больш падрабязна.

Быў напарнікам Баскава

Да свайго пяцігадовага бана ад ІІХФ за палітычны ціск на падначаленых Дзмiтрый Баскаў на чале ФХБ раздаў мноства пасад сваім знаёмым. Многія з іх застаюцца там да гэтага часу, што нядзіўна – хоць і без афіцыйнай пасады, бяздзейны відавочца збіцця да смерці Рамана Бандарэнкі працягвае дэ-факта запраўляць белхакеем.

Ходзін – выхаванец наваполацкага хакея. Галкіпер дэбютаваў за фарм «Хіміка-СКА» у 17 гадоў, аднак прабіцца ў першую каманду яму не ўдалося. За гульнявой практыкай Аляксандр адправіўся ў менш статусны «Брэст», дзе правёў увесь сезон-2005/06 і дэбютаваў у экстралізе пасля 18-годдзя. Затым брамніка заўважылі ў «Юнацтве», аднак праявіць сябе ў Мінску толкам не далі – усяго два матчы за асноўную каманду.

Не замацаваўшыся ў сталіцы, улетку 2007-га Ходзін вырашыў вярнуцца ў «Брэст» – і стаў напарнікам Баскава, які пачынаў другі год у клубе. Галкіперы складалі брыгаду два наступныя сезоны. Ходзін атрымліваў практыку часцей – за гэты час правёў 52 матчы ў экстралізе, Баскаў ж адыграў 32 сустрэчы.

Трэнерам у інстытут зборных Ходзін прыйшоў летам 2021-га – якраз, калі старшынёй ФХБ яшчэ быў былы аднаклубнік Баскаў. Дарэчы, ён свой вонкавы выгляд, у адрозненне ад калегі, практычна не змяніў.

Руліў камандай ЧБ у 30

Пасля сезона-2008/09 Ходзін пакінуў «Брэст» і наступныя два сезоны выступаў за «Нёман». Гульнявую кар“еру Аляксандра перапыніла траўма з працяглым аднаўленнем, з-за якой летам 2011-га прыйшлося пакінуць Гродна. Галкіпер вытрымаў паўзу ў год і паспрабаваў вярнуцца ў вялікі хакей, перайшоўшы ў знаёмы «Брэст», аднак дарэмна – прыйшлося вешаць брамніцкую амуніцыю на цвік яшчэ да старту сезона.

Пасля заканчэння гульнявой кар“еры 24-гадоваму Ходзіну прапанавалі застацца ў «Брэсце» на пасадзе трэнера брамнікаў. Наступныя пяць гадоў Ходзін уваходзіў у штабы Аляксандра Гаўрыленкi, Сяргея Петухова і Рамана Раманенкі.

Перад сезонам-2017/18 спецыяліст узначаліў «Брэст-2» з беларускага Д2. Аднак ужо ў кастрычніку 2017-га Раманенка падаў у адстаўку, і Ходзін паралельна з асноўнай пасадай стаў выконваючым абавязкі галоўнага трэнера «Брэста». Пры гэтым часовы коуч не хаваў, што хоча застацца на пасадзе ў пастаянным статусе.

«Планую працягваць працу з асноўнай камандай. Наколькі доўга, не мне вырашаць. Але зараз у мяне ёсць план працы, і я прытрымліваюся яго», – распавядаў спецыяліст.

Нягледзячы на некалькі паражэнняў, кіраўніцтва «Брэста» даверылася трэнеру, якому незадоўга да таго споўнілася 30, і ўстаранiла для яго прыстаўку «в. а.». Да сваёй першай перамогі ў экстралізе Ходзіну прайграў 12 матчаў запар з агульнай розніцай «-43». Вікторыя прыйшла толькі пад канец снежня – дома быў абыграны «Віцебск» (1:0).

«У нас усё па плане. Мы працуем і імкнемся стаць лепш. Усе серыі калі-небудзь заканчваюцца. Не магу сказаць, што праз гэтую перамогу палова горада вываліцца на вуліцу. Але мы пачынаем новую серыю, серыю перамог», – анансаваў коуч.

Ходзін не схлусіў – «Брэст» перамог у наступных чатырох матчах. Аднак па выніку трэнеру не ўдалося вывесці каманду ў плэй-оф – сезон берасцейцы завяршылі на 12-м месцы.

Улетку 2018-га Ходзіна змянілі на больш дасведчанага Андрэя Кавалёва. Праўда, і той доўга не прапрацаваў з камандай – у лістападзе сышоў, каб далучыцца да штаба мiнскага «Дынама». Падмяніў яго зноў Ходзін – дапрацаваў з берасцейцамi да канца сезона, пакінуўшы на 11-м месцы. Улетку 2019-га Кавалёў вярнуўся ў «Брэст», уключыўшы нядаўняга «в. а.» у свой трэнерскі штаб.

Ставіў бараду на кон, але застаўся пры ёй

Да таго моманту Ходзін ужо сур'ёзна павялічыў даўжыню сваёй барады.

Расліннасць на твары трэнера абмяркоўвалі нават у іншых камандах. У снежні 2019-га гулец «Хіміка» Міхаіл Бучкін пажартаваў пра магію барады коўча найбліжэйшых супернікаў: «Я бачыў, што [Ходзін бараду] крыху пастрыг. Напэўна, яны выдзіралі па адной валасінцы і атрымлівалі перамогі. А зараз усё, валасінкі падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Магчыма, на нас іх серыя перарвецца».

Ходзін, даведаўшыся пра гэтыя словы, прапанаваў Бучкіну заклад на пераможны вынік у матчы, паставіўшы сваю бараду супраць прычоскі суперніка. Гулец з Наваполацка прапанову прыняў, але дамашні матч «Хімік» прайграў у авертайме (3:4) – не дапамаглі ні перавага ў дзве шайбы, ні зарады падрыхтаваных балельшчыкаў: «Бараду далоў».

Пасля гэтага Бучкін выканаў умову і зрабіў стрыжку «пад нуль».

Пайшоў з «Брэста» пасля амаль 10 гадоў працы

Гісторыя супрацоўніцтва Ходзіна з «Брэстам» спынілася толькі ў ліпені 2021-га. На развітанне спецыяліст напісаў цёплыя словы на адрас каманды. Да таго моманту расліннасць на твары коуча стала яшчэ даўжэй.

Як мы ўжо згадвалі, Ходзін тады адышоў ад клубнай працы – стаў трэнерам брамнікаў у зборнай Беларусі U-17, якая да цяперашняга часу перарасла ва U-18.

Пазбаўляў трафея каманду Лукашэнкі, але падпісаўся за яго

У часы працы ў «Брэсце» Ходзін гуляў у варотах за каманду з Брэсцкай вобласці на аматарскім дзяржтурніры, створаным для перамог каманды Лукашэнкі. Праўда, у яе за 16 турніраў усё ж здарылася два пралёты міма трафея. Першы – у 2009-м, калі ў фінале прайграла камандзе з Гомельскай вобласці. А другі зладзіў якраз Ходзін – у 2013-м у паўфінале асабіста Лукашэнка і яго партнёры ўпусцілі перавагу ў дзве шайбы і прайгралі камандзе з Брэсцкай вобласці 4:5, у канцы нічога не здолеўшы зрабіць з кіперам, які быў прызнаны найлепшым у сваім складзе. Цікава, што пасля гэтага Ходзін усё роўна не выйграў турнір – гэта зрабіла каманда з Мінскай вобласці.

Зрэшты, сам удзел у падобных спаборніцтвах намякае на лаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі. Нядзіўна, што ў снежні 2020-га Ходзін стаў прарэжымным падпісантам. Разам з ім гэты статус набыў яшчэ 31 прадстаўнік «Брэста», прычым чатыры хакеісты на той момант былі непаўналетнімі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты