Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Протас добры ў другой лізе Амерыкi – топ-бамбардзір клуба на шляху да трафея, уражвае важных людзей у «Вашынгтоне»

Протас добры ў другой лізе Амерыкi – топ-бамбардзір клуба на шляху да трафея, уражвае важных людзей у «Вашынгтоне»

Зарабляе рэпутацыю для НХЛ.

Аўтар — bytribuna com
19 траўня, 20:30
Протас добры ў другой лізе Амерыкi – топ-бамбардзір клуба на шляху да трафея, уражвае важных людзей у «Вашынгтоне»

Бягучы сезон у Аляксея Протаса атрымліваецца супярэчлівым. З аднаго боку, «Вашынгтон» упершыню з 2014 года не выйшаў у плэй-оф НХЛ, заняўшы толькі 12-е месца ва Усходняй канферэнцыі.

З іншага – беларускі хакеіст выйшаў на лёд у 71 адсотку матчаў «Кэпіталз» у гладкім сезоне. За рэгулярку нападаючы набраў 15 (4+11) ачкоў у 58 матчах. Для параўнання, у мінулым сезоне ў Аляксея было 9 (3+6) балаў у 33 гульнях.

Цяпер галоўны трэнер «Вашынгтона» Пітэр Лавіялет спадзяецца, што 22-гадовы форвард працягне прагрэсаваць, і адзначае ўменне Протаса згуляць на любой пазіцыі наперадзе. Калі летам беларускага гульца не абмяняюць у іншы клуб, эксперты прадказваюць хакеісту месца ў чацвёртай тройцы атакі на наступны сезон. Гэта тлумачыцца ўменнем Протаса пісьменна дзейнічаць у абароне, што і патрабуецца ад ніжэйшых звёнаў. Таксама не выключаецца, што форвард можа апынуцца ў брыгадзе меншасці «Вашынгтона».

У рэгулярцы НХЛ, калі большасць нападаючых «Кэпіталз» былі здаровыя, Протас часам выпадаў з ростара і за гульнявой практыкай адпраўляўся ў АХЛ да «Хершы». Мінулы гладкі сезон ужо стаў трэцім у кар“еры Аляксея за фарм «Вашынгтона» – у 2022/23 атрымалася 9 матчаў і 5 (2+3) ачкоў. Клубнае кіраўніцтва вырашыла ўзмацніць «Хершы» Протасам перад стартам у плэй-оф АХЛ – Кубку Колдэра. Адзначым, што рэгулярку каманда завяршыла на другім месцы Усходняй канферэнцыі і адразу адправілася ў другі раўнд.

Там «Хершы» сустрэўся з «Шарлот», з якім гуляў да трох перамог. Протас ужо ў першым матчы (5:2) вызначыўся закінутай шайбай – яна стала для яго першай у плэй-оф АХЛ. Беларускі форвард дзейнічаў у трэцім звяне і паразіў вароты з блізкай адлегласці.

Да канца серыі «Хершы» аддаў апанентам усяго адзін матч, перамогшы яшчэ двойчы, – 5:1 і 6:2. Да абедзвюх вікторый зноў прыклаў клюшку Аляксей. У першым выпадку форвард аформіў два асісты, а ў заключным матчы серыі закінуў дзве шайбы, стаўшы першай зоркай сустрэчы.

У трэцім раундзе Кубка Колдэра «Хершы» выйшаў на «Хартфард». На гэты раз фарм «Вашынгтона» прайшоў саперніка ў серыі без паражэнняў - 3:2 АТ, 4:2, 3:1. Хай закінутымі шайбамі Протас ужо не адзначаўся, але аддаў дзве галявыя перадачы.

Проста зараз у Аляксея 7 (3+4) ачкоў у 7 матчах, што з“яўляецца найлепшым бамбардзірскім паказчыкам па камандзе ў плэй-оф.

«Протас ездзіў туды і назад [з «Вашынгтона» у «Хершы»], але ён правёў выдатны сезон. Ён добра гуляе зараз у плэй-оф. Мы ў захапленні ад дадатковых матчаў для яго, узроўню гульні, якога ён дасягае ў АХЛ. Гэта будзе добра для нашага клуба. Ад гэтага досведу выйграюць усе ў наступным сезоне», – сказаў падчас серыі з «Хартфардам» генменеджар «Вашынгтона» Браян Маклелан.

Цяпер на парадку дня ў «Хершы» паўфінал плэй-оф супраць «Рочэстэра» – шостай каманды Усходу. Першы матч запланаваны на 23 траўня.

Паралельна туды ж спрабуе прабіцца «Калгары» Іллі Салаўёва. Зараз лік у серыі з «Каачэлай» 2:2. Беларускі абаронца ў плэй-оф ужо правёў 8 матчаў, набраўшы 2 (1+1) ачкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты