Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Здзівіліся, што Латвія ў 1/2 хакейнага ЧС? Яна абыходзіць Беларусь і па колькасці профі, і па гульцах у НХЛ – а свой топ-турнір праводзіць без натуралізацыі

Здзівіліся, што Латвія ў 1/2 хакейнага ЧС? Яна абыходзіць Беларусь і па колькасці профі, і па гульцах у НХЛ – а свой топ-турнір праводзіць без натуралізацыі

Затое з людзьмі з досведам у ЧБ.

Аўтар — bytribuna com
27 траўня, 01:00
2
Здзівіліся, што Латвія ў 1/2 хакейнага ЧС? Яна абыходзіць Беларусь і па колькасці профі, і па гульцах у НХЛ – а свой топ-турнір праводзіць без натуралізацыі

Зборная Латвіі – галоўная сенсацыя цяперашняга хакейнага ЧС, які праходзіць у Рызе і фінскім Тамперэ. Нашы суседзі спачатку ў групе абыгралі чэхаў (4:3 АТ) і швейцарцаў (4:3 АТ), якія высока каціруюцца, і занялі трэцяе месца, а ў чвэрцьфінале перамаглі шведаў (3:1) – і ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшлi ў паўфінал ЧС. Цікава, што беларуская зборная адзіны раз гуляла ў паўфінале топ-турніру, АГ-2002, таксама пасля выйгрышу ў Швецыі ў 1/4.

Зараз жа ў 1/2 ЧС Латвію чакаюць канадцы, якія буйна (6:0) абыгралі гаспадароў у матчы-адкрыцці турніру.

Мы ж вырашылі паглядзець, што так паўплывала на развіццё хакея ў краіне з двума мільёнамі насельніцтва (у Беларусі, нагадаем, больш за дзевяць мільёнаў) – і параўналі колькасць пляцовак, клубаў і гульцоў, а таксама прадстаўнікоў у НХЛ і КХЛ з беларускімі паказчыкамі.

Колькасць лядовых арэн

Тут відавочная перавага за Беларуссю, дзе пабудавана ўжо ажно 40 пляцовак. Найбуйнейшыя – «Мінск-Арэна» (умяшчальнасць 15 тысяч), «Чыжоўка-Арэна» (8800) і «Бабруйск-Арэна» (7 тысяч).

У Латвіі ж узведзеныя 22 хакейныя стадыёны. «Арэна Рыга», якая прымае сёлетні ЧС, умяшчае 10 300 гледачоў. Усяго на 1500 чалавек разлічаны лядовыя палацы ў Даўгаўпілсе і Елгаве.

Колькасць прафесійных хакеістаў

Тут, нягледзячы на амаль пяціразовую перавагу ў колькасці насельніцтва, Беларусь прыкметна ззаду: паводле даных партала eliteprospects.com, у Латвіі на дадзены момант 1343 дзейныя прафесіяналы, у той час як у Беларусі гэты паказчык не дацягвае і да тысячы – 954 хакеісты.

Таксама, паводле звестак IIHF, Латвія абыходзіць Беларусь і па агульнай колькасці тых, хто займаецца хакеем (7898 супраць 7053), і па колькасці жанчын-хакеістак (311 супраць 77).

Колькасць каманд у нацыянальным чэмпіянаце

Аж да сезона-2013/14 клубы з Латвіі стабільна выступалі ў адкрытым чэмпіянаце Беларусі (а ў сезоне-2005/06 «Рыга-2000» нават стала бронзавым прызёрам), але пры гэтым там праводзіўся яшчэ і свой чэмпіянат краіны.

Цяпер у беларускай экстралізе гуляе 12 клубаў. А ў Латвіі налічваецца пяць каманд – дапаўняюць мясцовы чэмпіянат тры калектывы з Літвы. Трафей два апошнія сезоны забірае латвійскі «Земгале» з Елгавы.

Варта адзначыць, што ў ростер зборнай Латвіі на ЧС-2023 не патрапіў ніводны гулец мясцовага першынства.

Колькасць гульцоў у НХЛ

У сезоне-2022/23 у НХЛ згулялі тры беларускія хакеісты – пры гэтым Уладзіслаў Калячонак правёў усяго дзве сустрэчы (Аляксей Протас – 58, Ягор Шаранговіч – 78). Грамадзян Латвіі ж у лізе засвяцілася пяцёра. Менш за ўсіх матчаў правёў 22-гадовы Артурс Сілаўс – дэбютаваў у НХЛ за «Ванкувер», правёўшы шэсць сустрэч. Ёсць у лізе і яшчэ адзін кіпер з Латвіі – 30 матчаў за «Каламбус» у «рэгулярцы» правёў 29-гадовы Элвіс Мярзлікін, для якога гэты сезон стаў чацвёртым у лізе.

Для 26-гадовага Рудолфса Балцэрса гэты сезон стаў пятым у НХЛ. Пачынаў ён яго ў «Фларыдзе», у лістападзе апынуўся ў «Тампа-Бэй», але часцей выступаў за фарм-клуб «маланак» «Сірак'юз» з АХЛ разам з беларускім нападаючым Іллём Усавым. Увогуле Балцэрс правёў у «рэгулярцы» НХЛ 17 гульняў і набраў 5 (3+2) балаў.

Яшчэ два латвійцы гуляюць у лізе стабільна. Для 29-гадовага нападаючага Земгуса Гіргенсанса цяперашні сезон стаў ужо дзевятым у НХЛ – усе за «Бафала», які задрафтаваў яго пад агульным 14-м нумарам у 2012 годзе. Гіргенсанс у розыгрышы рэгулярнага чэмпіянату-2022/23 правёў 80 сустрэч, адзначыўшыся 18 (10+8) вынiковымі баламі. Праўда, у плэй-оф клуб не выйшаў – не зрабіў гэтага наогул ні разу пры Земгусе.

А вось 28-гадовы цэнтрфорвард Тэадорс Блюгерс блізкі да фіналу Кубка Стэнлі. Яго «Вегас», куды ён перайшоў у сакавіку 2023-га пасля амаль пяці гадоў у сістэме «Пітсбурга», вядзе ў паўфінальнай серыі супраць «Даласа» з лікам 3:1. У гэтым плэй-оф Блюгерс правёў шэсць матчаў, адзначыўшыся адной закінутай шайбай і адным асістам. У рэгулярным чэмпіянаце-2022/23 у яго 63 матчы і 16 (4+12) галявых дзеянняў.

Да нацыянальнай зборнай з гэтай пяцёркі даехалі двое: Сілаўс (восем матчаў, шатаўт супраць Казахстана) і Бальцэрс (1+7 у тых жа васьмі сустрэчах).

Колькасць гульцоў у КХЛ

Неўзабаве пасля пачатку вайны, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, рыжскае «Дынама» заявіла пра выхад з КХЛ. Ды і ў цэлым хакеістаў з Латвіі ў Расіі амаль не засталося, што нядзіўна – у ліпені мінулага года ў СМІ з'явілася інфармацыя, што за ўдзел у спартыўных мерапрыемствах у Расіі грамадзянам Латвіі можа пагражаць крымінальная адказнасць.

У выніку ў мінулым сезоне ў КХЛ засвяцілася толькі двое такіх гульцоў: 28-гадовы форвард «Адмірала» Мікалай Елісееў і 31-гадовы галкіпер «Амура» Яніс Калніньш. Абодва пераехалі ў Расію ўжо падчас вайны і з гэтага моманту перасталі выклікацца ў зборную Латвіі, хаця да таго стабільна за яе выступалі.

А вось беларускіх гульцоў у КХЛ, нават без уліку мiнскага «Дынама», хапіла б на асобную зборную – 23 чалавекі.

Колькасць натуралізаваных хакеістаў у зборнай

На цяперашнім ЧС у складзе зборнай-сенсацыі няма ніводнага натуралізаванага гульца – усе 27 хакеістаў ростэра нарадзіліся ў Латвіі. Для параўнання, на апошнім сваім ЧС у 2021-м у зборнай Беларусі было аж сем замежнікаў па нараджэнні: амерыканцы Шэйн Прынс і Нік Бэйлен, канадцы Дэні Тэйлар, Франсіс Парэ і Джэф Плэт, а таксама расіяне Андрэй Антонаў і Герман Несцераў.

***

Пры гэтым цікава, што адразу пяцёра гульцоў цяперашняй зборнай Латвіі маюць досвед у чэмпіянаце Беларусі. Ральфс Фрэйбергс, Роберт Букартс, Андрыс Джэрыньш, Мікс Індрашыс і капітан каманды Каспарс Даўгавіньш у канцы 2000-х – пачатку 2010-х выступалі за латвійскія клубы ў чэмпіянаце Беларусі. Даўгавіньш у складзе «Рыгі-2000» нават выйграваў бронзавыя медалі АЧБ у 2006-м. Ён з усёй гэтай пяцёркі яшчэ і самы вынiковы гулец цяперашняга ЧС: на рахунку 35-летняга форварда нямецкага «Ізерлона» 3+3 у васьмі матчах.

Другі год каманду ўзначальвае 55-гадовы спецыяліст Харыйс Віталіньш, які да гэтага працаваў у клубах КХЛ (з маскоўскім «Дынама» двойчы выйграваў Кубак Гагарына на пасадзе асістэнта галоўнага трэнера), Швейцарыі, а таксама ў штабе Алега Знарка ў зборнай Расіі, дзе ўзяў золата ЧС у 2014-м у Мінску і алімпійскае золата ў 2018-м у Пхенчхане.

Ёсць знаёмыя для белхакея асобы і штабе Віталіньша: 38-гадовы Лаўрыс Дарзіньш у сезоне-2007/08 выступаў за «Гомель», а 33-гадовы Раймандс Вілкайтс сезон-2012/13 прабыў гульцом «Шахцёра».

Наогул з 15 коўчаў, якія паспелі паруліць зборнай Латвіі пасля распаду СССР, толькі чацвёра былі замежнікамі: швед Курт Ліндстрам (2001-04), расiянiн Пётр Вараб'ёў (2006) і канадцы Тэд Нолан (2011-14) і Боб Хартлі (20) .

У гісторыі зборнай Беларусі было столькі ж галоўных трэнераў, але ўжо чатыры з іх былі расіянамі (Андрэй Сідарэнка, Уладзімір Крыкуноў, Сяргей Пушкоў і Дзмітрый Квартальнаў) – а таксама зборнай кіравалі тры канадцы (Глен Хэнлан, Дэйв Льюіс, Крэйг Вудкрафт), амерыканец Курт Фрэйзер і фін Кары Хейкіля.

Іншыя пасты блога

Усе пасты