Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Адразу тры браты Вудкрафты развівалі хакей у Беларусі: старэйшы сышоў з «Дынама», сярэдняга са скандалам толькі што звольнілі з універу ў ЗША, трэці паспяхова руліць клубам НХЛ

Адразу тры браты Вудкрафты развівалі хакей у Беларусі: старэйшы сышоў з «Дынама», сярэдняга са скандалам толькі што звольнілі з універу ў ЗША, трэці паспяхова руліць клубам НХЛ

Таленавітая сям'я.

Аўтар — bytribuna com
20 ліпеня, 15:39
Адразу тры браты Вудкрафты развівалі хакей у Беларусі: старэйшы сышоў з «Дынама», сярэдняга са скандалам толькі што звольнілі з універу ў ЗША, трэці паспяхова руліць клубам НХЛ

У аўторак да беларускага хакея дабралася навіна пра сярэдняга брата нядаўняга галоўнага трэнера мінскага «Дынама» Крэйга Вудкрафта Тода. Таго на днях не без скандалу звольнілі з пасады галоўнага трэнера хакейнай каманды ўніверсітэту Вярмонту, што выступае ў NCAA – Нацыянальнай асацыяцыі студэнцкага спорту. Вудкрафт-сярэдні займаў пасаду з красавіка 2020-га.

Прычынай звальнення стала расследаванне «непрыстойных» зносін з адным са студэнтаў. Паведамляецца, што 50-гадовы коўч адпраўляў маладому чалавеку «непрыстойныя тэкставыя паведамленні», у якіх не здолеў «захаваць прафесійныя межы».

Вудкрафт-сярэдні не згодны з прэтэнзіямі на свой адрас. Трэнер наняў адваката, які выступіў з заявай наконт гісторыі.

«Мы катэгарычна не згодныя з працэсам і высновамі, што зробленыя падчас разбору, у якім адсутнічалі фундаментальная справядлівасць і належная прававая працэдура. Мы перакананыя, што рашэнне ўніверсітэту супярэчыць фактам і закону. Мы маем намер дамагацца справядлівасці ў дачыненні да спадара Вудкрафта, які быў выдатным трэнерам і абаронцам на працягу больш як два дзесяцігоддзі», – заявіў прадстаўнік коўча.

Пры гэтым Тод Вудкрафт не толькі праз брата, але і сам звязаны з беларускім хакеем, прычым зʼявіўся ў ім нават раней, чым Крэйг. У Вудкрафта-сярэдняга не склалася карʼера прафесійнага хакеіста, аднак у спорце ён здолеў выявіць сябе інакш. У маладосці Тод дэманстраваў выдатныя аналітычныя здольнасці, таму ўжо ў 28 апынуўся на пасадзе відэатрэнера ў энхаэлаўскай «Мінесоце». Праз некалькі сезонаў заняў аналагічную пасаду ў зборнай Канады, з якой у 2004-м выйграў чэмпіянат свету. У наступным годзе Тод дапамагаў Глену Хэнлану ў «Вашынгтоне». Калі апошні стаў галоўным трэнерам зборнай Беларусі, то паклікаў асістэнта ў штаб нацыяналкі. У белхакеі тады многія здзівіліся, даведаўшыся, што на ЧС-2006 Хэнлан узяў з сабой чалавека на пасаду відэатрэнера – тады ў нас гэтая прафесія лічылася экзатычнай.

«Я заўважыў, як яны ўсе – журналісты, гульцы, спецыялісты, заўзятары – на мяне глядзелі. У іх поглядах выразна чыталася: «Гэта што за недаразвіты? Дабрак Глен, напэўна, яго проста пашкадаваў і таму ўзяў у каманду», – успамінаў Тод.

Тая супраца прынесла рэальны плён – на ЧС у Рызе Беларусь стала шостай, што да гэтага часу зʼяўляецца найлепшым дасягненнем зборнай.

Пры гэтым Вудкрафт-сярэдні не толькі канцэнтраваўся на зборнай, але і вывучаў дзіцячы хакей у Беларусі, а па выніках назіранняў напісаў праграму развіцця, якую перадаў тагачаснаму кіраўніку федэрацыі Уладзіміру Навумаву. Падтрымліваў пачынанне канадца Святаслаў Кісялёў – на той момант генеральны менеджар зборнай Беларусі. Пазней ён працаваў у БАТЭ намеснікам гендырэктара па маркетынгу, а зараз зʼяўляецца хакейным агентам, у прыватнасці, прадстаўляючы інтарэсы Аляксея Пратаса і Ягора Шаранговіча.

«У яго [Тодда] фенаменальная памяць: памятае твары, імёны. Прычым людзей не са свайго асяроддзя, не са сваёй культуры. Плюс Тод добра разбіраецца ў псіхалогіі. Чытае людзей. Умелы аратар. Любіць у сваёй тонкай саркастычнай манеры казырнуць веданнем рускіх слоў», – дзяліўся ўражаннямі ад зносінаў з канадцам Кісялёў.

Навумаву спадабаліся прапановы заакіянскага спецыяліста, і наступныя некалькі гадоў той ладзіў у Беларусі трэнавальныя кэмпы для юных хакеістаў. У 2008-м нават удалося рэалізаваць праграму абмену – хлопцы з Беларусі паляцелі трэнавацца ў Канаду, а хлапчукі адтуль атрымлівалі новы вопыт у Мінску. Сярод тых, хто прыехаў, быў сын Курта Фрэйзера – гэты спецыяліст прыняў беларускую зборную пасля Хэнлана. Сярод тых, хто паляцеў за акіян, аказаліся Раман Грабарэнка і Алег Явенка.

Дзякуючы той праграме ў Мінск прыляцеў і малодшы з братоў Вудкрафтаў – Джэй. У яго таксама не склалася карʼера прафесійнага хакеіста: пагуляўшы ў мінорных лігах за акіянам, цэнтрфорвард скончыў у 2005-м у нямецкім Д3. Джэй Вудкрафт, як і сярэдні брат, адразу перайшоў на пасаду відэааналітыка, уладкаваўшыся ў «Дэтройт». На трэцім сезоне працы Вудкрафт-малодшы выйграў з «Рэд Уінгз» Кубак Стэнлі. У рангу чэмпіёна летам 2008-га ён прыбыў у Беларусь разам з іншымі членамі трэнерскага штабу «Дэтройта». У Мінску канадцу (на фота другой справа) запомніліся чыстыя вуліцы і прыязныя людзі, якія любяць хакей.

З тых часоў Джэй Вудкрафт толькі раз непасрэдна перасякаўся з белхакеем. На чэмпіянат свету-2015 ён адправіўся ў якасці памочніка галоўнага трэнера зборнай Канады Тода Маклелана. У чвэрцьфінале «кляновыя» сустрэліся з Беларуссю, якую разграмілі 9:0. Гэта паражэнне зʼяўляецца самым буйным у гісторыі беларускай нацыяналкі, а вось для спецыяліста той ЧС стаў залатым.

Пасля працяглай працы асістэнтам у клубах НХЛ летам 2018-га Вудкрафт-малодшы адправіўся ў самастойнае плаванне. Тры з паловай сезоны ён узначальваў фарм «Эдмантана» у АХЛ – «Бэйкерсфілд». У лютым 2022-га трэнер прыняў першую каманду клубнай структуры, з якой працуе дагэтуль. Пад кіраўніцтвам 46-гадовага канадца «Эдмантан» двойчы выходзіў у плэй-оф Кубка Стэнлі, а летась дабраўся да паўфіналу. Кантракт Джэя Вудкрафта з «Ойлерз» разлічаны яшчэ на два сезоны.

Што да Тода, то ён у 2008-м атрымаў пасаду асістэнта генеральнага менеджара ў мінскім «Дынама», дзе адказваў за падбор хакеістаў. Супраца працягнулася нядоўга – у тым жа годзе канадзец паляцеў займацца скаўтынгам у «Мінесоту», а затым чатыры гады быў скаўтам па Еўропе ў «Лос-Анджэлеса».

На гэтым праца Вудкрафта-сярэдняга ў Беларусі не скончылася. Перад стартам мінскага ЧС-2014 Хэнлан ізноў запрасіў у штаб беларускай зборнай Тода, які паралельна кіраваў скаўтамі ў «Калгары». На дамашнім турніры беларусы сталі восьмымі.

Тод Вудкрафт і гэтым разам быў не проста асістэнтам. Сваёй мэтай закакеанскі спецыяліст паставіў навучанне беларусаў якаснаму скаўтынгу і менеджменту, правёўшы некалькі семінараў у Мінску. Праз год, калі Тод ізноў сканцэнтраваўся на працы ў «Калгары», ён заявіў, што ў Беларусі нарэшце «выбудоўваецца правільная сістэма падрыхтоўкі хакеістаў».

Апошні раз Вудкрафт-сярэдні дапамагаў зборнай Беларусі на ЧС-2016, калі коўча ў асістэнты паклікаў яго суайчыннік Дэйв Льюіс. Праўда, турнір аказаўся вельмі няўдалым – каманда заняла ў Расіі 12-е месца.

Пасля ЧС-2016 Тод адышоў ад скаўтынгу і цалкам сканцэнтраваўся на ттрэнаванні. Пасля Беларусі канадзец працаваў памочнікам у «Вініпегу» і зборнай Швецыі, а ў 2020-м прыняў каманду ўніверсітэта Вярмонту.

Старэйшы з братоў Крэйг пасля чатырох сезонаў з мінскім «Дынама» сёння знаходзіцца ў творчым адпачынку. Апошні раз у беларускай сталіцы 53-гадовага трэнера бачылі ў канцы красавіка, калі паўночнаамерыканец прылятаў уладкаваць апошнія працоўныя пытанні з «зубрамі».

Цяпер у Вудкрафта-старэйшага зʼявілася больш часу, каб сачыць за карʼерамі сваіх дзяцей, якія таксама займаюцца хакеем. 20-гадовы сын Холдэн некалькі гадоў таму гуляў за юнацкія каманды ў Швейцарыі, а цяперака шукае хакейнае шчасце ў юніёрскіх лігах Канады.

Гуляе ў хакей і 18-гадовая дачка Кала. Дзяўчына выступае на пазіцыі форварда і таксама пачынала карʼеру ў Швейцарыі, а тры мінулыя сезоны правяла ў лізе правінцыі Антарыё.

Іншыя пасты блога

Усе пасты