Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Хакей у Беларусі – справа сямейная (асабліва ў «Нёмане»). Вось у каго з гульцоў бацькі таксама былі хакеістамі

Хакей у Беларусі – справа сямейная (асабліва ў «Нёмане»). Вось у каго з гульцоў бацькі таксама былі хакеістамі

Гуляць у сваяка – гэта звычайна.

Аўтар — bytribuna com
8 верасня, 16:33
Хакей у Беларусі – справа сямейная (асабліва ў «Нёмане»). Вось у каго з гульцоў бацькі таксама былі хакеістамі

Нядаўна ў Беларусі стартаваў 32-гі чэмпіянат па хакеі. У гасцявым матчы «Магілёва» з «Лідай» (1:4) у экстралізе дэбютаваў 17-гадовы Мацвей Мацярухін (зарабіў дзве хвіліны штрафу, набраў -1 па «+/-»).

Гэты факт наўрад ці заслугоўваў бы ўвагі, калі б нападаючы не быў сынам галоўнага трэнера «Магілёва» Аляксандра Мацярухіна. Апошні – вядомы ў мінулым хакеіст: паспеў пагуляць за зборныя Украіны і Беларусі і не раз прызнаваўся найлепшым нападаючым экстралігі. На сёння ён займае восьмае месца ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі за ўсю гісторыю з 403 (205+198) пунктамі ў 406 матчах.

Наогул, звязак «бацькі – дзеці» вельмі распаўсюджаны ў беларускім хакеі. Вось каго можна вылучыць у экстралізе проста цяпер.

Вячаслаў Андрушчанка, 34 гады, «Юнацтва»

Хто бацька. Найлепшыя гады карʼеры Ігар Андрушчанка правёў у Беларусі, куды з малалетнім сынам прыехаў з Расіі ў пачатку 2000-х. Чатыры з шасці сезонаў у экстралізе былі чэмпіёнскімі, а ў студзені 2007-га разам з «Юнацтвам» узяў Кантынентальны кубак. Пасля заканчэння карʼеры, якую дакочваў у Кітаі, трэнаваў у Беларусі, Украіне, Расіі і Эстоніі. Улетку 2021-га пасля расстання з эстонскім «Віперсам» знік з радараў.

Чым вядомы сын. У сваім ужо не самым маладым для хакея ўзросце працягвае раздзіраць экстралігу. У мінулым сезоне, выступаючы за «Нёман», стаў найлепшым бамбардзірам рэгуляркі (59 (14+45) пунктаў у 41 матчы). Улетку кіраўніцтву гродзенцаў казаў, што яго ўсё задавальняе ў камандзе, але, параіўшыся з жонкай, падпісаўся з «Юнацтвам». Інсайдэры паведамлялі, што Андрушчанка-малодшы зʼехаў у Мінск за большым заробкам, аднак сам хакеіст аргументаваў сыход жаданнем быць бліжэй да сямʼі. У «Юнацтве» адаптаваўся хутка і стаў другім бамбардзірам нядаўняга Кубка Салея (2+9 у 8 матчах).

Выйграў з «Металургам» экстралігу ў сезоне-2011/12.

Ігар Варывончык, 28 гадоў, «Нёман»

Хто бацька. Анатоль Варывончык – легенда белхакея 70-80-х. Пасля заканчэння карʼеры пайшоў у трэнаванне. Самым паспяховым у гэтым напрамку стаў 1998 год. Тады пад кіраўніцтвам Варывончыка зборная Беларусі выйшла ў чвэрцьфінал Алімпіяды, а праз некалькі месяцаў на ЧС стала восьмай. Прыкладна ў тыя ж гады тройчы прыводзіў «Нёман» да чэмпіёнства. 14 гадоў таму пайшоў на менеджарскую працу ў клубе, дзе сёння займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара.

Чым вядомы сын. З юнацкіх гадоў Варывончык-малодшы паўтараў, што хоча ўсяго ў хакеі дабіцца сам, а не з дапамогай вядомага прозвішча. Цэнтрфорвард выклікаўся ў моладзевыя зборныя, з імі зʼездзіў на тры ЧС. Аднак да нацыянальнай каманды не дабраўся. Шэсць апошніх сезонаў выступае за «Нёман» і дэманструе даволі сціплую выніковасць – ніколі не набіраў больш за 17 пунктаў у сезоне, у мінулым увогуле выбіў 0+4 у 24 матчах.

Бацька і сын зʼяўляюцца падпісантамі за Лукашэнку.

Мікіта Крыскін, 29 гадоў, «Нёман»

Хто бацька. Аляксандр Крыскін – начальнік Варывончыкаў у «Нёмане». Гендырэктар клуба родам з расійскага Кірава, дзе па юнаках гуляў у хакей. У 18 Крыскін патрапіў на службу ў Гродна, там жа ў канцы 80-х пачаў трэнаваць дзяцей. Паступова паднімаўся па службовай лесвіцы і два гады назад прыняў кіраўніцтва «Нёманам».

Чым вядомы сын. Выхаванец «Нёмана» яшчэ юнаком зʼехаў прабівацца ў дарослы хакей праз структуру пензенскага «Дызеля», пры гэтым працягваў гуляць за моладзевыя зборныя Беларусі на чэмпіянатах свету. Выйсці на ўзровень КХЛ абаронцу не ўдалося, таму ў сезоне-2015/16 ён вярнуўся ў Беларусь. Некалькі змястоўных сезонаў за «Нёман» прыцягнулі ўвагу Крэйга Вудкрафта, і той забраў хакеіста ў мінскае «Дынама». 17 матчаў і 3 (1+2) пункты ў сезоне-2019/20 – вось і ўсё, што Крыскін пакуль нагуляў у КХЛ. З тых часоў абаронца выступае за «Нёман», дзе зʼяўляецца адным з лідараў абароны.

Абодва Крыскіны зʼяўляюцца падпісантамі ў падтрымку рэпрэсій і дыктатуры.

Ілля Летаў, 28 гадоў, «Нёман»

Хто бацька. Калі вы думаеце, што на Варывончыках і Крыскіных бацькі/дзеці-хакеісты ў Гродне скончыліся, то не. Два апошнія сезоны «Нёман» узначальвае ўраджэнец Казахстану Яўген Летаў, у якога раней не было досведу самастойнай працы. Наогул, у Беларусі Летаў-старэйшы абʼявіўся летам 2001-га і застаўся да канца карʼеры (правёў 12 сезонаў за Магілёў і Гомель).

Чым вядомы сын. Выхаванец магілёўскага хакея пачаў сурʼёзна заяўляць пра сябе, толькі трапіўшы пад кіраўніцтва бацькі. Перад стартам мінулага сезону Ілля Летаў падпісаў кантракт з «Нёманам» і выйшаў там на ключавыя ролі ў абароне. У Гродне Летаў-малодшы пачаў праяўляць сябе ў ролі абаронцы-бамбардзіра, стаўшы чацвёртым у мінулай рэгулярцы па выніковасці сярод калег па амплуа – 26 (8+18) пунктаў за 55 матчаў. Гульня хакеіста настолькі ўражвала экспертаў, што яго ў мінулым сезоне нават выбіралі найлепшым гульцом месяца ў экстралізе і намінавалі на званне найлепшага гульца абароны-2022/23.

Абодва Летавы падпісаліся ў падтрымку дыктатуры.

Захар Малашкевіч, 20 гадоў, «Нёман»

Хто бацька. Без расіяніна Алега Малашкевіча цяжка ўявіць «Нёман» у 1990-х і 2000-х: 15 сезонаў, больш за 800 матчаў ва ўсіх турнірах, тры чэмпіёнствы. Нагуляўшыся, амаль дзесяць гадоў працаваў асістэнтам Сяргея Пушкова – спачатку ў «Нёмане», а два апошнія сезоны ў піцерскім «Дынама». Гэтым летам вярнуўся ў Беларусь, дзе ўзначаліў зборную U-16.

Чым вядомы сын. Пасля сезону за зборную U-17 нападаючы апынуўся ў структуры «Нёмана», дзе праявіць сябе на дарослым узроўні зусім не здолеў: у сезоне-2020/21 ва ўсіх 28 матчах за гродзенцаў у экстралізе не набраў ніводнага пункта. Праўда, гэта не перашкодзіла адправіцца ў Санкт-Пецярбург услед за бацькам. У мінулым сезоне Малашкевіч-малодшы дэбютаваў на ўзроўні ВХЛ, дзе набраў 4 (4+0) пункты за 13 матчаў. Пушкоў публічна хваліў падапечнага і адзначаў ягонае жаданне гуляць за зборную, пры гэтым канстатуючы, што «ў яго бок чамусьці нават і не глядзяць». Улетку 2023-га Захар вярнуўся ў «Нёман», падпісаўшы кантракт пасля прагляду.

Абодва Малашкевічы падпісаліся за Лукашэнку пасля выбараў-2020.

Раман Аляксееў, 34 гады, «Дынама-Маладзечна»

Хто бацька. Ураджэнец Уфы Аляксандр Аляксееў яшчэ да 20-годдзя перабраўся ў беларускі хакей, дзе адразу стаў сваім. Пасля мінскага «Дынама» паспеў пагуляць у чэмпіянатах Германіі, Польшчы, Расіі, Швецыі і Даніі. Аляксееў-старэйшы валодае ўнікальным дасягненнем – быў не толькі капітанам першай зборнай Беларусі, але і пагуляў за яе ва ўсіх дывізіёнах ЧС. Дапамагаў нацыяналцы прабіцца на першую Алімпіяду-1998, дзе ў 7 матчах абаронца набраў 1+1. Са жніўня 2023-га зʼяўляецца кіраўніком толькі створанага пры федэрацыі аддзелу зборных каманд Беларусі.

Чым вядомы сын. Абаронца ўжо назапасіў за карʼеру мноства ўнікальных уражанняў. У 23 гады пакінуў чэмпіянат Беларусі на дзясятак гадоў. За гэты час паспеў засвяціцца ў чэмпіянатах Славакіі і Украіны, шэсць гадоў правёў у Азіяцкай лізе за «Сахалін», дзе двойчы станавіўся чэмпіёнам. Сезон-2021/22 атрымаўся для Аляксеева-малодшага няпоўным – сустрэў вайну ў Данецкай вобласці як хакеіст «Марыупаля», звярнуўся па дапамогу ў беларускую федэрацыю, але яе не атрымаў. У мінулым сезоне ўзяў срэбра ў Румыніі, а ў чэрвені 2023-га вярнуўся ў экстралігу, каб выступаць за Маладзечна.

Аляксандр Квартальнаў, 21 год, «Дынама-Маладзечна»

Хто бацька. Новы галоўны трэнер мінскага «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў даў бы фору як хакеіст любому свайму падапечнаму. У 23 гады са зборнай СССР выйграў ЧС-1989, а праз некалькі гадоў пад 16-м пікам быў задрафтаваны «Бостанам». У 1993-м увайшоў у топ бамбардзіраў НХЛ, набраўшы за рэгулярку 72 (30+42) пунктаў ў 73 матчах.

Чым вядомы сын. Пакуль вялікіх дасягненняў не мае і выходзіў на лёд у КХЛ толькі ў складзе «Ак Барса» ў бацькі, адкуль вясной 2022-га пайшоў следам за бацькам. Пасля спрабаваў прабіцца ў іншыя клубы лігі, але беспаспяхова. Перад стартам гэтага сезону зноў прыехаў да бацькі, але прагляд у «Дынама» не прайшоў і падпісаўся з фармам з Маладзечна.

Міхаіл Стэфановіч, 33 гады, «Шахцёр»

Хто бацька. Ігар Стэфановіч – яшчэ адна легенда «Нёмана» на мяжы тысячагоддзяў і яшчэ адзін падпісант за Лукашэнку. Дапамог Гродна ўзяць тры чэмпіёнствы. Згуляў дзесяць матчаў за зборную (1+2 пункты) і скончыў карʼеру ў мінскім «Дынама», дзе яшчэ не меркавалі, што каманда праз чатыры гады будзе гуляць у КХЛ. Потым перайшоў на трэнерскую працу, пяць гадоў узначальваў маладзёжную каманду ў Гомелі. У ноч з 8 на 9 траўня 2021-га сышоў на 57-м годзе жыцця.

Чым вядомы сын. Міхаіл яшчэ непаўналетнім набраў у чэмпіянаце Беларусі 25 (16+9) пунктаў у 40 матчах за «Гомель». Хуткасць маладога форварда заўважылі за акіянам – на драфце-2008 хлопца пад 98-м нумарам задрафтаваў «Таронта». Аднак у Паўночнай Амерыцы далей за ўзровень АХЛ (2 матчы) Стэфановіч-малодшы не забраўся, хай і быў на кантракце з клубам НХЛ. Збольшага гуляў у экстралізе і за мінскае «Дынама» ў КХЛ (64 матчы, 7+4). Два апошнія сезоны саліруе ў атацы «Шахцёра» – мінулы сезон скончыў другім снайперам экстралігі (25+32 у 51 матчы) пасля Андрушчанкі.

Міхаіл Бякін, 26 гадоў, «Металург»

Хто бацька. Ілля Бякін браў золата Алімпіды-1988 і тройчы станавіўся чэмпіёнам свету ў складзе зборных СССР і Расіі. Пасля распаду Саюзу два сезоны правёў у НХЛ (8+25 у 57 матчах за «Эдмантан» і «Сан-Хасэ»), а ў пачатку «нулявых» прыехаў дагульваць у «Юнацтва», з якім стаў чэмпіёнам.

Чым вядомы сын. Малодшы сын алімпійскага чэмпіёна гэтым летам падпісаўся з «Металургам», ужо закінуў у Кубку Салея і паспеў заявіць, што ў Беларусі не адчувае сябе легіянерам. Раней выхаванец ЦСКА гуляў выключна ў Расіі на ўзроўні МХЛ і ВХЛ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты