Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/У Протаса складаны пачатак сезону ў НХЛ: мала часу і балаў, трэнер незадаволены, затое прыехаў брат

У Протаса складаны пачатак сезону ў НХЛ: мала часу і балаў, трэнер незадаволены, затое прыехаў брат

Вось што адбываецца.

Аўтар — bytribuna com
6 лістапада, 12:42
У Протаса складаны пачатак сезону ў НХЛ: мала часу і балаў, трэнер незадаволены, затое прыехаў брат

У ноч з суботы на нядзелю Аляксей Протас правёў 100-ы матч у НХЛ, дзе ўжо трэці сезон выступае за «Вашынгтон». У новай рэгулярцы 22-летні нападаючы пакуль выглядае не так упэўнена, як мы ўжо прывыклі. Расказваем, якія праблемы ўзніклі ў беларуса на старце сезону.

Канец перадсезонкі для Протаса атрымаўся нервовым. У пяці спарынгах нападаючы закінуў адну шайбу, а затым пачаліся арэлі. 9 кастрычніка, за пяць дзён да старту рэгуляркі, Протаса адправілі ў АХЛ, адкуль вярнулі ўжо праз два дні. Яшчэ праз два дні форварда зноў спусцілі ў фарм. Як аказалася, у брамніка «Вашынгтона» Дарсі Кюмпера напярэдадні нарадзіўся сын, таму прыйшлося выклікаць на падмену галкіпера Клея Стывенсана. Каб вызваліць месца ў заяўцы для брамніка, «Вашынгтону» давялося адправіць Протаса ў АХЛ. У беларуса на руках двухбаковы кантракт яшчэ на сезон, таму для адпраўкі ў фарм форварда не трэба выстаўляць на драфт адмоў. У стартавым матчы сезону «Вашынгтон» прайграў «Пітсбургу» 0:4, а Стывенсан на лёдзе так і не зʼявіўся. На наступны дзень Протаса вярнулі ў першую каманду. З аднаго боку – нядрэнна, з іншай – зразумела, хто ў абойме форвардаў першы кандыдат на паніжэнне.

Пасля вяртання беларуса чакана адправілі ў чацвёртае звяно. Там галоўны трэнер «Вашынгтона» Спенсер Карберы бачыў падапечнага на правым краі, хоць той і лічыцца цэнтрфорвардам, у тройцы з дасведчаным Нікам Даўдам і Бекам Маленсціным, з якім Протас апошнія сезоны катаецца паміж першай і другой камандамі. Неўзабаве ў цэнтры спалучэння Даўда памянялі на Протаса, а справа стаў выходзіць Энтані Манта – дасведчаны хакеіст некалькі сезонаў таму браў срэбра ЧС у складзе зборнай Канады. На гэтым чахарда не скончылася. Да канца кастрычніка Карберы памянялі на Мэцью Філіпса, які пяць апошніх сезонаў гуляў за фармы «Калгары» у АХЛ. Не было стабільнасці ў Простаса і па месцы ў тройцы – на некаторыя матчы нападаючы зноў выходзіў справа.

Даволі часта беларус мае самы сціплы айстайм у камандзе. Ён выходзіць у чацвёртай тройцы «Вашынгтона», задача якой – максімальна выматаць суперніка за кароткі прамежак часу, пра стварэнне тут гаварыць не выпадае. Плюс Протаса даволі часта выкарыстоўваюць у брыгадах меншасці. Звычайна за матч у няроўных складах беларус праводзіць дзве-тры хвіліны пры агульным айстайме 9:57. Для параўнання, у дэбютным сезоне-2021/22 форвард праводзіў на лёдзе за «Вашынгтон» па 11:51, у мінулым – роўна на 20 секунд менш.

Атрымліваецца, у роўных складах беларус праводзіць максімум па восем хвілін. У двух матчах ягоны айстайм не склаў і шасці хвілін. Таму нядзіўна, што форвард за дзевяць гульняў набраў толькі адзін бал. У сустрэчы з «Нью-Джэрсі» (6:4) у сярэдзіне першага перыяду Протас вырваў шайбу ў чужой зоне, якую падхапіў Манта і адкрыў лік.

На гэтым фоне гучыць незадаволенасць з боку Карберы. У размовах з журналістамі коўч не канкрэтызуе прэтэнзіі. Паводле ягоных словаў, у Протаса «ёсць некалькі момантаў», якія яму не падабаюцца.

«Мы павінны паглядзець на сябе з боку... Гэта вынік таго, што мы недастаткова добра працуем», – у канцы абагульніў Карберы.

Таму пакуль цяжка разлічваць, што Протас у бліжэйшы час прасунецца вышэй па тройках. Больш за тое, Карберы ўжо пачаў кадравую працу сярод сваіх нападаючых. У ноч з нядзелі на панядзелак стала вядома, што «Вашынгтон» хоча абмяняць партнёра Протаса па звяне Манту. Сталічны клуб шукае каманду, якая пагодзіцца плаціць хакеісту з 2 (1+1) баламі ў дзевяці матчах сезону 5,7 мільёна долараў за год.

Пасля дзесяці гульняў на старце рэгуляркі «Вашынгтон» мае ў актыве пяць перамог (тры ў асноўны час). Гэтага хапае, каб з 11 баламі ісці на 12-м месцы ва Усходняй канферэнцыі.

З гэтага сезону за акіянам мы можам сачыць не за адным Протасам. Улетку ў Паўночную Амерыку таксама перабраўся малодшы брат віцябляніна Ілля. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага сезону, гуляючы ў вышэйшай лізе за зборную U-18, 16-гадовы форвард атрымаў прапанову ад «Дэ-Мойна» з USHL – галоўнай юніёрскай лігі ЗША. У сямʼі вырашылі паспрабаваць гэты варыянт.

Ад галоўнага трэнера «Дэ-Мойна» беларус атрымаў мянушку «Малаток». Ілля Протас выходзіць на левым краі трэцяй тройкі атакі. Першыя шэсць матчаў абышліся без выніковых балаў, што хакеіст тлумачыў акліматызацыяй і часта зменай партнёраў па звяне. Ды і сама каманда глядзелася не надта, прайграўшы ўсе гэтыя сустрэчы. Аднак затым беларуса прарвала – у шасці матчах з тых часоў ён выбіў 6 (1+5) пунктаў. Дэбютны гол прыпаў на ноч з пятніцы на суботу, калі нападаючы паразіў вароты «Маскегона» (4:5 АТ).

З шасцю пунктамі Протас сёння шосты бамбардзір «Дэ-Мойна», а пяць галявых хапае, каб быць трэцім распасоўшчыкам калектыву. Каманда беларуса выйграла чатыры матчы з 12 і ідзе на шостым месцы з васьмі ў Заходняй канферэнцыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты