Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Юнацкая зборная Беларусі тройчы размазала ўзбекаў: тлумачаць, чаму нам гэта карысна, хоць супернік і не мае сусветнага рэйтынгу

Юнацкая зборная Беларусі тройчы размазала ўзбекаў: тлумачаць, чаму нам гэта карысна, хоць супернік і не мае сусветнага рэйтынгу

Падрыхтоўка да чэмпіянату свету.

Аўтар — KentYara98
13 лістапада, 12:00
Юнацкая зборная Беларусі тройчы размазала ўзбекаў: тлумачаць, чаму нам гэта карысна, хоць супернік і не мае сусветнага рэйтынгу

Юнацкая зборная Беларусі U-17 правяла тры таварыскія матчы супраць - не паверыце - зборнай з Узбекістана, і атрымала ў іх разгромныя перамогі. У першых двух гульнях беларусы закінулі па 13 шайбаў, захаваўшы свае вароты сухімі, а ў заключнай госці нават здолелі адзін раз паразіць вароты суперніка і прапусцілі «толькі» 10.

Нягледзячы на відавочную прорву ў класе, галоўны трэнер беларускай каманды Дзмітрый Шульга ў канцы турніру пераконваў у карысці такіх сустрэч. Тут табе і міжнародны статус гульняў, і магчымасць паставіць на месца тых, «у каго закралася думка, што ён у парадку», і нават найграванне да чэмпіянату свету (праўда, беларусаў туды пакуль што не дапускаюць).

Ягоны калега з Узбекістана Абдумажыд Насіраў ужо гатовы праводзіць такія гульні на рэгулярнай аснове. Кажа, «будзем прыязджаць у Беларусь, беларусы - да нас, і такім чынам павысім кваліфікацыю». Што ў такіх гульняў можа павысіць беларуская моладзь - не да канца зразумела.

Выбар спарынг-партнёра нават ва ўмовах спартыўных санкцый моцна здзіўляе, бо Узбекістан зусім не хакейная краіна. Ад моманту развалу Савецкага саюза гэтаму віду спорту ў сярэднеазіяцкай краіне не надавалася ніякай увагі, а федэрацыя хакея з'явілася толькі ў 2013-м. Толькі праз шэсць гадоў Узбекістан далучыўся міжнароднай федэрацыі, але да гэтага часу зборная не правяла ніводнага афіцыйнага матча. Таму краіны няма ў сусветным хакейным рэйтынгу. І наўрад ці нешта зменіцца як мінімум да 2025 года, калі, паводле планаў ўзбекскіх чыноўнікаў, краіна зможа ўдзельнічаць у чэмпіянатах свету.

У чэмпіянаце Узбекістана ўдзельнічаюць усяго чатыры калектывы. У 2019-м, калі адбыўся розыгрыш першага тытула, гэта былі каманды «Хумо», «Бінакор», «Семург» і «Ташкент». Другі раз чэмпіёнскі тытул разыгралі толькі летась. Зноў удзельнічалі чатыры клубы, але «Хумо» замяніў «Фенікс», а замест «Ташкента» гуляў «Шэрдар» з Самарканда.

Уласна толькі «Хумо» носіць статус прафесійнага хакейнага клуба. Да пандэміі ён удзельнічаў у Вышэйшай хакейнай лізе Расіі, дзе паспеў дайсці чвэрцьфіналу перш, чым турнір быў спынены праз Covid-19. З ліпеня 2022-га каманда гуляе ў чэмпіянаце Казахстана.

Увогуле, даволі цяжка зразумець, чым так прывабіў Узбэкістан беларускіх арганізатараў. Пры гэтым адначасова з таварыскімі гульнямі з Узбекістанам у Мінску праходзіў хакейны турнір, у якім бралі ўдзел зборныя U-18 з Беларусі і Казахстана, і жаночая зборная і зборная U-16 з Расіі. Ёсць падазрэнне, што ўдзел яшчэ адной беларускай каманды лішнім не выглядаў бы. Пры гэтым каманда U-17 стала выступае ў другім беларусім дывізіёне і на сёння ідзе там 8-й сярод 14 удзельнікаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты