Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Хакеісты з Беларусі робяць карʼеру ў краінах, дзе, здавалася б, і хакея ніякага няма. Вось самая экзотыка

Хакеісты з Беларусі робяць карʼеру ў краінах, дзе, здавалася б, і хакея ніякага няма. Вось самая экзотыка

За 15 матчаў у Турцыі можна набраць больш за сотню пунктаў.

Аўтар — bytribuna com
22 лістапада, 17:28
Хакеісты з Беларусі робяць карʼеру ў краінах, дзе, здавалася б, і хакея ніякага няма. Вось самая экзотыка

Знайшлі беларускіх гульцоў у незвычайных месцах. Нехта зʼехаў да дзядулі ў Румынію, нехта раптам адшукаўся на Балканах, а нехта выступае там, дзе пустыня і спёка.

Аляксандр Кароль, «Амстэрдам» (Нідэрланды, Д2)

Малады форвард толкам і не гуляў у чэмпіянаце Беларусі. Сезон-2021/22 пачынаў з «Мінскімі зубрамі», але правёў за іх усяго два матчы. Пасля нечакана ўсплыў у другім дывізіёне Нідэрландаў, дзе гуляе ўжо трэці год.

Каралю 20 гадоў. Нападаючы ўвесь этап нідэрландскай карʼеры выступае за «Амстэрдам» – адну з наймацнейшых каманд Д2. У сезоне-2021/22 ягоны клуб дабраўся да фіналу плей-оф, а мінулай вясной спатыкнуўся ў паўфінале. Легіянер адразу стаў адным з лідараў «Амстэрдама» і застаецца ім дагэтуль. У мінулым сезоне форвард набраў 43 (13+30) пункты ў 28 матчы – гэтай трэці паказнік па камандзе і 12-ы па лізе.

У гэтай рэгулярцы лічбы ў яшчэ лепшыя. За шэсць матчаў беларус выбіў 18 (3+15) балаў і ідзе сёмым у спісе бамбардзіраў лігі. У «Амстэрдаме» больш пункаў набраў толькі куды больш вопытны фін Саму Паўтанен (15+6 у 8 гульнях), які выступаў у другім дывізіёне ў сябе на Радзіме і ў трэцяй лізе Францыі. Сама каманда ідзе на трэцім месцы, перамогшы ў сямі з васьмі матчаў.

Данііл Мартынаў, «Сцяўа» (Румынія)

Выхаванец «Юнацтва» гадоў пяць таму яшчэ лічыўся перспектыўным у сябе ўдома. Увесну 2019-га нападаючы зʼездзіў на юніёрскі ЧС, дзе беларусы сенсацыйна сталі пятымі. Мартынаў выйшаў на лёд ва ўсіх пяці матчах, у сваім чацвёртым звяне набраўшы 1 (0+1) пункт.

У экстралізе цэнтрфорвард дарос да «Юнацтва», за якое дэбютаваў праз год пасля шведскага ЧС. Тады Мартынаў сумарна адгуляў за каманду восем матчаў пры адным голе, але большую частку сезона правёў у вышэйшай лізе ў фарме.

У той час у зборнай хадзілі размовы, што ў дзеда Мартынава ёсць нейкі завод у Румыніі. Гэта было нагодай для жартаў і прыколаў. Напрыклад, аднойчы Мішку – такую мянушку гульцу далі таварышы – пасля касяка давялося выконваць румынскі танец перад камандай.

А потым ён сам зʼехаў у Румынію, і гэты кірунак агучваўся агенту як прыярытэтны. Форвард апынуўся ў «Сцяўа» – некалі найлепшай камандзе Румыніі, а на сёння серадняку лігі. Ужо ў Бухарэсце беларус паступіў ва ўніверсітэт.

Нядаўна для 22-гадовага Мартынава пачаўся трэці сезон у камандзе. Калі ў першым годзе «Сцяўа» звыкла стала пятай, то ў мінулым сезоне нечакана дайшла да фіналу плэй-оф. Легіянер гэтаму сурʼёзна паспрыяў, стаўшы трэцім бамбардзірам калектыву з 40 (16+24) пункткамі ў 33 матчах (13-й па лізе).

Нярэдка беларус выходзіць у адной тройцы з украінцам Андрэем Міхновым, які выступае за «Сцяўа» з мінулага сезона. 39-гадовы экс-форвард «Металурга» і «Юнацтва» адразу стаў лідарам каманды. Цяпер «Сцяўа» ідзе пятым з двума перамогамі ў пяці матчах. На рахунку Мартынава 1+1 у чатырох гульнях.

Максім Саманькоў, «Сцяўа» (Румынія)

Выхаванец наваполацкага хакея ў статусе чатырохразовага чэмпіёна Беларусі ў складзе «Нёмана» зʼехаў у Румынію яшчэ летам 2019-га. Да мінулай перадсезонкі 33-гадовы Саманькоў абараняў вароты «Чыксерады». З гэтай камандай беларус тройчы выйграваў Эрстэ Лігу (абʼядноўвае наймацнейшыя клубы Венгрыі і Румыніі), а таксама адзін раз станавіўся чэмпіёнам Румыніі. Яшчэ Саманькоў паспеў атрымаць мясцовае грамадзянства.

Улетку-2023 габарытны кіпер (105 кг пры росце ў 186 см) пераехаў у сталіцу Румыніі, падпісаўшы кантракт са «Сцяўа» да канца сезона. Цяпер беларус канкуруе за месца ў складзе з адным з найлепшых румынскіх брамнікам – Орсам Адарʼянам. Абодва правялі па два матчы, але статыстыка пакуль на баку Саманькава – у сярэднім той адлюстроўвае 96,6% кідкоў і прапускае па паўтары шайбы за 60 хвілін гульні. Сёння лепшыя лічбы мае толькі адзін брамнік у чэмпіянаце Румыніі.

Алег Макейчыкаў («Вайводзіна», Сербія)

Гэтаг 18-гадовага нападаючага, хутчэй за ўсё, не ведаюць нават знаўцы беларускага хакея. Макейчыкаў не правёў ніводнага матча на дарослым узроўні ў Беларусі. Да 15 выступаў за родны «Гомель», пасля чаго адправіўся ў РЦАП «Раўбічы». Мінулы сезон Макейчыкаў адгуляў за каманду «Юнацтва» U-18, якую трэнуе Уладзімір Сафонаў. Пад кіраўніцтвам вядомага трэнера форвард набраў 9 (3+6) пунктаў у 26 матчах першынства Беларусі сярод юнакоў 2005-2007 г.н.

У гэтым месяцы Макейчыкаў нечакана абʼявіўся ў складзе сербскай «Вайводзіны». Пакуль не стартаваў нацыянальны чэмпіянат, каманда паралельна выступае ў IntHL (International Hockey League), дзе гуляюць дзесяць каманд з Сербіі, Славеніі і Харватыі. 11 лістапада адбыўся дэбют беларуса. Ён выйшаў у матчы з «Заграбам» (3:1), але пунктаў не набраў. Цяпер «Вайводзіна» ідзе дзявятай у IntHL, выйграўшы адну з чатырох сустрэч.

Ігар Варашылаў («Гэлаксі», ААЭ)

Выхаванец наваполацкага хакея большую частку карʼеры правёў у родным «Хіміку» – дзевяць сезонаў. Таксама паспеў засвяціцца ў «Юнацтве», якому прысвяціў тры гады. Пасля сезона-2019/20 форвард вырашыў завяршыць карʼеру. У пачатку 2023-га Варашылаў перабраўся ў Дубай, дзе стаў галоўным трэнерам Galaxy Hockey Academy, якую арганізавалі ягоныя сябры – браты-расіяне Юры і Уладзіслаў Ламакіны, вядомыя па выступе ў Беларусі за «Магілёў» і «Хімік».

Да лета кампанія займалася падрыхтоўкай маладых хакеістаў, а потым вырашыла пашырыць праект да дарослай каманды, якая стала шостым клубам у чэмпіянаце ААЭ-2023/24. У асноўным, ростар «Гэлаксі» складаецца з расійскіх хакеістаў, якіх сёлета ў ліпені адбіралі на «Мінск-Арэне». Вырашылі аднавіць карʼеру і браты Ламакіны з Варашылавым. Вяртанне 34-гадовага беларуса на лёд атрымліваецца больш чым паспяховым: у шасці матчах ён набраў 18 (7+11) пунктаў, чаго хапае для чацвёртага месца ў гонцы бамбардзіраў. У ёй яго абыходзяць 28-гадовыя Ламакіны. Нягледзячы на рэзультатыўнасць лідараў, «Гэлаксі» пакуль не можа пахваліцца вялікай колькасцю перамог – усяго дзве ў шасці матчах.

Павел Асмалоўскі («Гэлаксі», ААЭ)

Раней 40-гадовы нападаючы гуляў толькі на аматарскім узроўні ў Беларусі. Некалькі дзён таму беларус выклаў фатаграфіі з Міхаілам Грабоўскім і іншымі гульцамі каманды Лукашэнкі, якая ў таварыскім матчы абгуляла «Гэлаксі» 14:0.

Сваю прафесійную карʼеру Асмалоўскі пачаў толькі ў гэтым сезоне са складзе «Гэлаксі». Нападаючы выходзіў на лёд ва ўсіх шасці матчах гэтай рэгуляркі, пры балаў пакуль не набіраў.

Карына Шыпціцкая («Зэйцінбурну», Турцыя)

Бацька і стрыечны брат дзяўчыны гулялі ў хакей, і яна таксама апынулася ў гэтым спорце. Улетку 2011-га, калі Шыпціцкай толькі споўнілася 14, яна патрапіла ў склад мінскіх «Пантэр» – і не згубілася сярод больш сталых хакеістак: за два сезоны набрала 42 (17+25) пункты ў 51 матчы, выйграўшы чэмпіянат Латвіі і Еўрапейскую жаночую хакейную лігу.

Пасля расфармавання «Пантэр» Шыпціцкая нечакана для многіх перабралася ў далёка не самы топавы чэмпіянат Турцыі, дзе праводзіць ужо восьмы сезон. Толькі ў адным з іх беларуска не стала найлепшым бамбардзірам лігі (2021/22). Цікаўна, што медалі да легіянеркі пачалі прыходзіць толькі ў апошнія гады. У сезоне-2021/22 яна, выступаючы ў шэрагах «Чайёлу», упершыню стала чэмпіёнкай Турцыі. Годам пазней заваявала бронзу.

Мінулым летам 26-гадовая форвардка перайшла ўжо ў шосты па ліку турэцкі клуб, якім стаў «Зэйцінбурну». Мінула толькі два матчы рэгуляркі, а на рахунку беларускі ўжо 10 (6+4) балаў. Раней максімальна за сезон Шыпціцкая набірала 113 (85+28) пунктаў за 15 гульняў. У турэцкім хакеі і не такое магчыма.

Іншыя пасты блога

Усе пасты