Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Адно з топавых у свеце медыя аб спорце напісала пра 18-гадовага беларуса. Вялікі артыкул пра тое, які гэта суперскі хакеіст

Адно з топавых у свеце медыя аб спорце напісала пра 18-гадовага беларуса. Вялікі артыкул пра тое, які гэта суперскі хакеіст

Леўшуноў уражвае габарытамі, майстэрствам і стаўленнем да справы.

Аўтар — bytribuna com
8 снежня, 20:00
2
Адно з топавых у свеце медыя аб спорце напісала пра 18-гадовага беларуса. Вялікі артыкул пра тое, які гэта суперскі хакеіст

Арцём Леўшуноў – галоўная надзея белхакея проста цяпер. 18-гадовы абаронца два апошнія сезоны выступае за акіянам. Мінулым летам беларус замест пераходу ў мінскае «Дынама» падпісаўся з «Грын Бэй» з USHL – галоўнай юніёрскай хакейнай лігай ЗША. За дэбютны сезон у Паўночнай Амерыцы набраў 43 (13+30) пункты ў 65 матчах. А летам-2023 перайшоў у каманду ўніверсітэта Мічыгана, якая выступае ў студэнцкай NCAA. У гэтым турніры Леўшуноў таксама навідавоку – пасля 16 матчаў меў 15 (4+11) балаў, зʼяўляючыся трэцім па маладосці хакеістам у NCAA. Гэта быў 11-ы бамбардзірскі паказнік сярод абаронцаў, але найлепшы сярод абаронцаў з Еўропы.

Нядзіўна, што з такімі вынікамі Леўшуноў, якому ў кастрычніку споўнілася 18, даўно на алоўку ў скаўтаў клубаў НХЛ. Яго раз-пораз ставяць у топ-5 разнастайных заакіянскіх рэйтынгаў на драфт НХЛ-2024.

У сераду The Athletic, адно з самых аўтарытэтных у свеце выданняў аб спорце, прысвяціла беларускаму абаронцу артыкул пад назвай Meet Artyom Levshunov, the 2024 NHL Draft’s ‘incredible’ defense prospect from Belarus («Вітайце Арцёма Леўшунова, «неверагоднага» абаронцу драфта НХЛ 2024 года з Беларусі»), у якой падрабязна распавяло пра жыццё хакеіста ў ЗША. Вось самыя цікавыя факты адтуль.

Сыходзіць з трэнаванняў самым апошнім

Галоўны трэнер «Мічыгана» Адам Найтынгейл называе беларуса працавіком, якога часам нават даводзіцца адцягваць ад працы. Леўшуноў часта застаецца пасля трэнаванняў і займаецца яшчэ каля паўгадзіны. У асноўным, робіць перадачы праз сінюю лінію і кідае ў адзін дотык.

Адзін з найлепшых бамбардзіраў «Мічыгана» Рэд Савэдж увогуле кажа, што Леўшуноў праводзіць на катку практычна кожны дзень з дзевяці раніцы да 11 вечара. Нядзіўна, што менавіта беларуса партнёр называе галоўнай крыніцай хакейнага драйву ў камандзе, якая натхняе на працу астатніх гульцоў «Мічыгана».

Шчыруе беларус і ў трэнажорнай зале, што дае свой плён.

Усіх уражвае сваім целам і сілай

Цяпер на сайце «Мічыгана» ў раздзеле рост і вага ў Леўшунова стаяць паказнікі 188 см і 90 кг, што вельмі самавіта для гульца, якому толькі споўнілася 18. У камандзе ўражаныя габарытамі беларуса, хаця спачатку некаторым ён здаваўся паўнаватым. Потым усе зразумелі, што гэта не лішняя вага, а моц.

«Я ніколі не бачыў 18-гадовага хлопца такім вялікім. Ён проста вялізная гара цягліц. На ім няма ні грама тлушчу. І часам ён не разумее, наколькі ён вялікі. На трэнаванні ён проста заваліць каго-небудзь, нават не падазраючы пра гэта, і пасля смяецца з гэтага», – распавядае адзін з партнёраў.

Памочнік галоўнага трэнера Джарэд ДэМічыэл увогуле спачатку думаў, што ў беларуса перапісаныя пашпартныя звесткі – настолькі не па ўзросце фізічна развіта той выглядаў. Аднак калі трэнер пачынаў размаўляць з хакеістам, то хутка зразумеў, што перад ім насамрэч 18-гадовы хлопец.

Швейцарскі аднаклубнік Нікалас Мюлер лічыць, што цела Леўшунова ўжо гатовае да матчаў НХЛ.

«У мяне ёсць сіла і добрая вага, і я адчуваю сябе ўпэўнена, калі выходжу на лёд», – гавора беларускі абаронца.

У каманду яго прапанавалі як «найлепшага абаронцу на драфце-2024»

Генеральны менеджар і галоўны трэнер клуба USHL «Грын Бэй» Майкл Леон даведаўся пра існаванне Леўшунова дзякуючы агенту Дэну Мільштэйну, які працуе шмат з кім з хакеістаў былога СССР. Украінец адправіў дзёрзкую смс коўчу, дзе напісаў, што хоча яму «даць найлепшага абаронцу на драфце НХЛ-2024». Леон прыняў гэтае паведамленне за спробу разрэкламаваць хакеіста, але затым сам сеў за прагляд відэа Леўшунова. Гульня беларуса, па прызнанні трэнера, аказалася неверагоднай.

Леон запрасіў маладога хакеіста ў трэнавальны лагер, хаця былі сумненні, ці ўдасца атрымаць амерыканскую візу. Леўшуноў усё ж выбраўся за акіян, дзе ўжо жыўцом ўразіў трэнера. Леон працаваў больш, чым з дзясяткам маладых хакеістаў, якія пасля былі абраныя ў першым раўндзе драфта НХЛ, і называе беларуса самым таленавітым сярод усіх сваіх падапечных. На працягу ўсяго мінулага сезона Леон не раз паўтараў гэтыя словы. Ён ставіў Леўшунова на пазіцыю абаронцы, які скіраваны на атаку, і даваў таму як мага болей гульнявога часу ў USHL. Па выніках сезона беларус апынуўся ў зборнай найлепшых пачаткоўцаў лігі і ў трэцім звяне сярод усіх гульцоў. Пры гэтым трэнер лічыць, што хакеіст мусіў набраць не 43 пункты, а пад 60. Прычына – Леўшуноў не паспеў да канца адаптавацца да паўночнаамерыканскага хакея.

«Гэты хлопец – выбар першай пяцёркі [драфта НХЛ], не сумнявайцеся. Ён асаблівы. І ён нават не наблізіўся да сваёй столі, я думаю, гэта варʼяцтва. Ён сапраўды №1 для НХЛ. Некаторыя рэчы, якія ён робіць, проста неверагодныя», – перакананы Леон. Улетку ён адпусціў падапечнага ў «Мічыган».

Гуляе ў пары з сынам форварда НХЛ

Леўшуноў выходзіць на лёд у дуэце з капітанам Нэшам Нінхейсам. 24-гадовы абаронца чацвёрты сезон выступае за «Мічыган» і зʼяўляецца сынам Крэйга Нінхеймса, які ў другой палове 80-х гуляў за «Бостан» (20+16 у 89 матчах). У пачатку 90-х форвард зʼехаў у Еўропу, дзе абзавёўся аўстрыйскім грамадзянствам. Нінхеймс-старэйшы нават зʼездзіў са зборнай Аўстрыі на ЧС-1996, дзе вылецеў у Д2.

Нінхеймс-малодшы падтрымлівае Леўшунова не толькі на лёдзе, але і за межамі пляцоўкі. Напрыклад, аказвае дапамогу ў пытаннях па вучобе, якая даецца беларусу не заўсёды лёгка.

«Ён [Леўшуноў] шалёна таленавіты. Вы можаце бачыць яго здольнасці. Ён неверагодна добра катаецца. У яго маса магчымасцяў у атацы, але і ў абароне ў яго выдатныя навыкі і высокі хакейны IQ», – ахарактарызаваў Нінхеймс партнёра па абароне.

Бацька памёр ад кавіда

У артыкуле The Athletic гаворыцца, што два гады таму ў Леўшунова памёр бацька ад ускладненняў на сэрцы пасля COVID-19. У Жлобіне ў хакеіста засталіся маці Іна, якая працуе інжынерам, і брат Кірыл. Апошні старэйшы на пяць гадоў. Кірыл Леўшуноў таксама займаўся хакеем, быў абаронцам і падаваў надзеі па сваім узросце. Ён ездзіў у складзе юніёрскай зборнай на ЧС-2018, дзе правёў чатыры матчы і набраў 1+1. Адзіную шайбу на турніры закінуў у вароты Швейцарыі, прычым гуляючы з пераломам, за што атрымаў асобную пахвалу ад галоўнага трэнера Паўла Перапехіна.

Бязбольна перайсці на дарослы ўзровень старэйшы брат не здолеў. Пагуляў у вышэйшай лізе за «Металург»-2, Беларусь U-17 і U-18, БФСТ «Дынама» і «Мінскіх зуброў». Апошнім стаў сезон-2020/21, калі Кірыл Леўшуноў правёў тры матчы за «Авіятар» у другой экстралізе. Скончыўшы гуляць, ён адразу перайшоў у трэнеры – перабраўся ў Салігорск і працуе ў школе «Шахцёра», дзе кіруе камандай 2015 года нараджэння.

Малодшы брат сумуе па родных і амаль кожны дзень тэлефануе дахаты маме і брату. Арцём Леўшуноў не быў удома з лета 2022 года, калі зʼехаў гуляць за «Грын Бэй».

Трэнаваўся ў Фладзіры ў беларуса замест паездкі дадому

Тэсты ў «Мічыгане» паказалі, што Леўшуноў, нягледзячы на маладосць, – самы хуткі ў камандзе. Магчыма, пэўны ўклад у гэта ўнёс трэнер па катанні Кірыл Мятлюк. Ён жыве і працуе ў Фларыдзе – менавіта туды летам 2023 года замест водпуску ў Беларусі адправіўся Леўшуноў.

Цяпер Мятлюку 28. Ён нарадзіўся ў Наваполацку, у школьныя гады два сезоны правёў у юніёрскіх лігах Паўночнай Амерыкі, а ў сярэдзіне «дзясятых» крыху засвяціўся ў экстралізе. Усяго ў Кірылы 13 матчаў за «Дынама-Маладзечна», «Нёман» і «Металург», а таксама пяць гульняў за «Юнацтва» ў МХЛ. Улетку 2016-га Мятлюк завяршыў карʼеру і зʼехаў за акіян. Цяпер ён дапамагае там хакеістам развіваць навыкі катання.

У асноўным, Мятлюк трэнуе дзяцей, аднак часам да яго прыязджаюць і дзейныя хакеісты. Да прыкладу, разам з Леўшуновым трэнаваўся яшчэ адзін беларус – абаронца Дзмітрый Кузьмін, якога ў 2021-м пад 82-м пікам задрафтаваў «Вініпег».

Таксама кліентамі Метлюка былі расійскі нападаючы Яўген Свечнікаў (на той момант гулец «Вініпега») і чэшскі форвард Міхаэл Фролік (на той момант гулец «Бафала»). Да Метлюка зазірае і экс-абаронца зборнай Беларусі Уладзімір Дзянісаў, які ўжо завяршыў карʼеру.

Пасля збораў у Метлюка Леўшуноў вярнуўся ў Іст-Лансінг, дзе пачаў актыўна займацца англійскай мовай, на якую раней асабліва не выдаткоўваў часу. Бывае, хакеіст прысвячае вучобе па восем гадзін на дзень. У «Мічыгане» прызнаюць, што беларус адстае ў чытанні і пісьме, але ўсё роўна атрымлівае адзнакі вышэйшыя за сярэдні па ўніверсітэце.

«Я спрабую паставіць сябе на ягонае [Леўшунова] месца, калі б я адправіўся ў Беларусь, не ведаючы іх мовы ў 16 гадоў. Гэты малады чалавек вельмі ўражвае. Ён шмат працуе. Гэта не паказуха. У ім шмат сутнасці… Ён гатовы зрабіць усё, што патрэбна, каб вывесці сваю гульню на вышэйшы ўзровень», – кажа памочнік галоўнага трэнера «Мічыгана» ДэМічыэл.

Іншыя пасты блога

Усе пасты