Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Самыя яркiя беларусы сезона КХЛ выбылі з-за сур'ёзных траўм – для галоўнага бамбардзiра прагноз несуцяшальны

Самыя яркiя беларусы сезона КХЛ выбылі з-за сур'ёзных траўм – для галоўнага бамбардзiра прагноз несуцяшальны

Бяда.

Аўтар — KentYara98
23 снежня, 07:00
Самыя яркiя беларусы сезона КХЛ выбылі з-за сур'ёзных траўм – для галоўнага бамбардзiра прагноз несуцяшальны

Канец 2023-га аказаўся не найлепшым часам для Вiталя Пiнчука i Уладзiмiра Алiстрава. Самыя яркiя беларускія хакеісты гэтага сезона КХЛ пакуль не могуць гуляць з-за пашкоджанняў.

21-гадовы нападаючы мінскага «Дынама» Пiнчук атрымаў траўму ў складзе зборнай на «Кубку Першага канала» падчас турніру 3х3.

Першапачаткова было заяўлена, што гулец атрымаў пералом кісці, і аднаўленне зойме не менш за месяц. Пасля расійскі журналіст Аляксей Шаўчэнка сказаў, што Пінчук зламаў не кісць, а палец. Мінскае «Дынама» інфармацыю пра характар траўмы і тэрміны аднаўлення свайго нападаючага пакуль не ўдакладняе.

Для «зуброў» гэта вялікая страта – у бягучым сезоне Пінчук правёў 37 матчаў, у якіх набраў 21 (9+12) ачко пры каэфіцыенце карыснасці «+2». Больш на свой рахунак, па 23 балы, запiсалi толькi два гульцы мiнскага клуба – натуралізаваны расіянін Раман Гарбуноў (12+11) і амерыканец Сэм Анас (11+12).

Таксама на «Кубку Першага канала» падчас асноўнай праграмы пашкоджанi атрымалi абаронца «Адмірала» Яўген Лісавец (у матчы супраць «Расіі 25»), абаронца СКА Сцяпан Фалькоўскі і нападаючы «Авангарда» Ігар Мартынаў (у матчы супраць каманды «Зоркі і ВХЛ»). Але іх пашкоджанні аказаліся не такімі сурʼёзнымі, як у гульца мінскай каманды.

Горшыя справы ў 22-гадовага нападаючага СКА Уладзіміра Алістрава. Адзін з лідараў піцерскага клуба ўжо пасля КПК у матчы КХЛ супраць «Сочы» няўдала ўляцеў у борт, пасля чаго не змог самастойна пакінуць лёд.

Падрабязнасцяў пра характар траўмы пакуль няма, але галоўны трэнер СКА Раман Ратэнберг заявіў, што іх бамбардзір выбыў надоўга.

У бягучым сезоне на ліку Алістрава 31 (13+18) бал у 39 сустрэчах. Гэта застаецца найлепшым паказчыкам сярод усiх беларускiх хакеiстаў у цяперашняй КХЛ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты