Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Канкурэнтам беларуса ў КХЛ раптам стаў яго 50-гадовы трэнер – той, хто моцна дапамог Азаранка ў Амерыцы

Канкурэнтам беларуса ў КХЛ раптам стаў яго 50-гадовы трэнер – той, хто моцна дапамог Азаранка ў Амерыцы

І прывозіў трафей на замову Лукашэнкі.

Аўтар — bytribuna com
28 снежня, 20:00
Канкурэнтам беларуса ў КХЛ раптам стаў яго 50-гадовы трэнер – той, хто моцна дапамог Азаранка ў Амерыцы

27 снежня, у апошні дзень дазаявак у КХЛ, расійскае «Тарпеда» абвясцiла, што падпісала гульнявы кантракт да канца сезона з 50-гадовым трэнерам варатароў каманды Мікалаем Хабібуліным. Апошнюю гульню на прафесійным узроўні хакеіст правёў у сезоне-2013/2014, калі выступаў за «Чыкага» ў НХЛ.

«У нас ёсць два выдатныя брамнікі, але дасведчаны бэкап не перашкодзіць. Гэта і крок у рамках папулярызацыі клуба. Хабібуліну трэба здабыць некаторы рытм і форму, а далей – канкурэнцыю ніхто не адмяняў», – заявіў гендырэктар «Тарпеда» Аляксандр Харламаў.

Зрэшты, больш падобна на тое, што новым кантрактам «Тарпеда» вырашае праблему з «полам заробкаў» – па рэгламенце КХЛ, сумарна кантракты хакеістаў адной каманды не павінны быць ніжэй за вызначаную суму, каля якой балансуе ніжагародскі клуб, а напярэдадні скасаваў дамову кіпер Аляксей Мельнічук. З дапамогай Хабібуліна пытанне вырашылі без тэрміновых пошукаў новага брамніка. Цяпер за сезон Мікалаю належыць каля 75 тысяч долараў – больш, чым у ролі трэнера. Ну і інфанагода атрымалася прыкметная – а галоўны трэнер «Тарпеда» Ігар Ларыёнаў ужо думае пра выхад калегі на лёд.

Аднак, вядома, складана уявiць, што Хабібулін зможа пацяснiць сваіх падапечных – двух асноўных варатароў «Тарпеда», якое пакуль ідзе пятым у Заходняй канферэнцыі (дзе восьмае месца займае мiнскае «Дынама»). Першага нумара сярод іх вылучыць няпроста – Хабібулін у апошні час чаргуе кіпераў практычна праз матч. Больш у сезоне набралася гульняў у 26-гадовага славака Адама Гускі – 28 матчаў, 52 прапушчаныя шайбы, 93,1% адбітых кідкоў.

Ягоны напарнік – 27-гадовы беларускі брамнік Іван Кульбакоў. Яго сезонныя лічбы крыху больш сціплыя: 20 матчаў, 45 прапушчаных шайб, 91,1% адбітых кідкоў. У Кульбакова станоўчыя водгукі пра працу з Хабібуліным – Іван распавядаў, што трэнер ні разу не павысіў на яго голас і заўсёды гатовы дапамагчы парадай.

Кульбакоў – не першы чалавек з белспорту, якому дапамагае Хабібулін. У свой час расіянін моцна паўплываў на кар'еру тэнісісткі Вікторыі Азаранкі. Справа ў тым, што Хабібулін знайшоў жонку (яе таксама клічуць Вікторыя) у Мінску – выпадкова сустрэў яе ў пачатку 1990-х, калі гасцяваў у свайго беларускага аднаклубніка па ЦСКА Дзмітрыя Старасценкi. Жонка Хабібуліна калісьці гуляла ў тэніс разам з маці Азаранкі Алай – і тая звярнулася да сяброўкі, калі ў 15-гадовай дачкі не пайшло ў акадэміі ў Іспаніі.

Брамнік тады гуляў у ЗША і жыў з сям'ёй непадалёк ад вядомай тэніснай школы, якую наведвала яго дачка. У выніку Азаранка пасялілася ў Хабібуліных на чатыры гады, а хакеіст параіў трэнера і аплаціў як яго паслугі, так і паездкі на некаторыя турніры. А аднойчы Хабібулін праехаў 1800 км, каб прывезці юнай Вікторыі ў Нью-Ёрк запасную экіпіроўку – тады авіякампанія страціла багаж тэнісісткі.

«Мікалай аказаў мне неацэнную дапамогу як у жыцці, так і ў кар'еры. І не толькі ў фінансавым плане – для мяне ён быў узорам для пераймання. Я яму вельмі ўдзячная. Ён быў і будзе адным з самых галоўных людзей у маім жыцці», – распавядала Азаранка ў 2011-м.

Сам Хабібулін тлумачыў свае ўчынкі жаданнем, каб яго дачка расла ў тэнісе разам з адной з самых перспектыўных юніёрак свету. Зрэшты, Саша Хабібуліна, якая нават прадстаўляла Беларусь, не ўзнялася вышэй за 735-е месца ў рэйтынгу WTA. Затое часам яна дагэтуль можа згуляць партыю з Азаранка. З Мікалаем былая першая ракетка свету, наколькі вядома, не падтрымлівае сувязь.

Хабібулін з жонкай і Кубкам Стэнлі

Яшчэ адна вядомая гісторыя з Хабібуліным і Беларуссю – прывоз выйгранага брамнікам у 2004-м з «Тампа-Бэй» Кубка Стэнлі ў Мiнск. Тады гаварылася, што беларускай сталіцы кіпер аддаў перавагу перад родным расійскiм Екацярынбургам дзеля жонкі. Аднак праз гады брамнік прызнаўся, што проста аказаў паслугу беларускаму рэжыму.

«Мне паступіў званок ад куратара федэрацыі хакея краіны (яе ў 2004-м узначальваў Уладзімір Навумаў, тады кіраўнік «МУС» Лукашэнкi – Tribuna.com). Ён сказаў, што Аляксандр Рыгоравіч [Лукашэнка] хацеў бы бачыць кубак у Мінску. Зразумела, што я родам з Екацярынбурга, і, магчыма, там былі пакрыўджаныя людзі. Але [расiйскі хакеіст НХЛ] Павел Дацюк вазіў туды трафей да мяне, а ў Мiнску ён ніколі не быў. Ды і не такая вялікая ў Беларусі колькасць хакеістаў, каб мець гарантыю, што Кубак Стэнлі калі-небудзь у гэтую краіну трапіць», – тлумачыў Хабібулін у 2019-м.

Іншыя пасты блога

Усе пасты