Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Спец па слабаках можа замахнуцца ў «Дынама» на рэкорд Плата, а ў панядзелак ён прыгаварыў СКА

Спец па слабаках можа замахнуцца ў «Дынама» на рэкорд Плата, а ў панядзелак ён прыгаварыў СКА

Амерыканец Сэм Анас праводзіць вельмі моцны адрэзак за мінчукоў.

Аўтар — bytribuna com
23 студзеня, 20:00
Спец па слабаках можа замахнуцца ў «Дынама» на рэкорд Плата, а ў панядзелак ён прыгаварыў СКА

Адзіны прадстаўнік мінскага «Дынама» ў топ-50 бамбардзіраў рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі – нападаючы Сэм Анас. 30-гадовы амерыканец перабраўся да «зуброў» мінулым летам з АХЛ. У 52 матчах ён набраў 41 (19+22) пункты – гэта 17-ы паказнік па турніры.

Асабліва ўдарнымі для Анаса, які перавёз у Мінск і сваю сямʼю, атрымліваюцца апошнія месяцы. Гэта прызнаюць і дынамаўскія заўзятары, які вызначылі легіянера найлепшым гульцом калектыву ў лістападзе і снежні. За снежань-студзень нападаючы выбіў 20 (8+12) пунктаў у 18 матчах. Без выніковых балаў ён пакідаў лёд толькі ў чатырох гульнях на гэтым адрэзку. У студзені легіянеру ўдалося паўтарыць клубны рэкорд – набраць пункты ў дзесяці матчах запар. Раней гэта ўдавалася толькі Джо Павелскі ў сезоне-2012/13.

Анас упэўнены, што мог бы набраць пунктаў яшчэ больш, калі б не перыяд адаптацыі да еўрапейскага хакея на старце сезона. Аднак не будзем выключаць, што Анас злёгку какетнічае, бо за чатыры матчы ў КХЛ форвард набраў 5 (3+2) балаў, што дакладна не назавеш няўпэўненым пачаткам.

Сваю гульню ў «Дынама» форвард знайшоў у першай тройцы атакі з канадцам Танэрам Фрыцам, які таксама прыехаў з АХЛ у снежні, і расіянінам Аляксандрам Волкавым.

«У нас атрымліваецца добрая хімія, усё нядрэнна складваецца на лёдзе. Мы добра камунікуем на лёдзе і за яго межамі, відаць, гэта працуе, і гэта мне вельмі падабаецца!» – распавядаў пра узаемадзеянні з партнёрамі Анас.

У гэтай тройцы кожны выконвае сваю ролю. Волкаў – сілавы форвард, які стварае прастору паўночнаамерыканскім партнёрам. Ён не баіцца барацьбы ля бартоў, здабывае шайбу для тых, хто можа абвастрыць сітуацыю.

Па васьмі матчах Фрыца за «Дынама» можна зрабіць выснову, што ён больш плэймейкер, чым снайпер. У КХЛ Танэр пакуль не закідваў (сезон пачынаў у АХЛ, а ў свой час выступаў у НХЛ), затое ўжо аформіў пяць асістаў, чым дапамог вызначыцца і Анасу, і Волкаву.

Ключавая роля ў тройцы належыць Анасу. Няхай сёння ён больш раздае, чым закідвае, аднак усё ж зʼяўляецца хутчэй снайперам, чым распасоўшчыкам. Легіянер з больш высокай верагоднасцю закіне сам, чым аддасць перадачу, але пры гэтым усё робіць пісьменна і не цягне коўдру на сябе. У атацы выконвае ролю вольнага мастака, дадаючы камандзе нестандартнага мыслення. Узяць хаця б адмененую шайбу ў панядзелкавай гульні са СКА (Санкт-Пецярбург, Расія) (2:1 АТ). Анас прарваўся за вароты піцерцаў і адтуль выдатна аддаваў на Фрыца, чым прымусіў суперніка да аўтагола, – праўда, аказалася, што партнёр пры пачатку атакі залез у становішча па-за гульнёй (адзнака 9:05).

Анас валодае шыкоўным кісцевым кідком. У белхакеі ў такім стылі кідаў хіба што Алег Антоненка, які сёння працуе генеральным менеджарам «Дынама». Якраз кісцевы кідок легіянера прынёс перамогу над СКА ў авертайме (адзнака 9:51).

Гэта быў даволі рэдкі выпадак, калі Анас закінуў у вароты мацнейшай каманды. Хакеіст зʼяўляецца спецыялістам па слабаках. Напрыклад, найгоршыя каманды лігі – «Кунльлунь» і «Сочы» – сумарна атрымалі ад яго дзесяць шайб. Праз гэта некаторыя мяркуюць, што ўлетку вакол форварда не будзе ажыятажу, нягледзячы на статыстыку.

Але ўсё ж вернемся да кідка. Хет-трык у вароты «Куньлуня» (5:1) Анас аформіў практычна без замаху фірмовым кісцевым кідком (адзнака 12:59).

Да таго тры шайбы ў адным матчы форвард закідваў толькі на юнацкім узроўні.

Па гульні без шайбы можна адзначыць спартыўны інтэлект нападаючага. Ён выдатна ўмее выбіраць пазіцыю. Больш таго, падчас атакі ўвесь час імкнецца яе паляпшаць, чым не раз разгойдваў абарону суперніка. Нядзіўна, што шмат у чым праз Анаса будуецца розыгрыш шайбы дынамаўцамі (уласна, вось адкуль бяруцца пункты).

Хакеіст не баіцца адыходзіць ад установак Дзмітрыя Квартальнава і часам становіцца выратавальнай саломінкай, калі план у нейкім матчы не працуе. Нестандартныя дзеянні Анаса здольныя перавярнуць гульню. Падобна, што расійскі трэнер ставіцца да гэтага з разуменнем і не патрабуе татальнай дысцыпліны.

Наадварот, ён хваліць падапечнага за старанне і дапамогу камандзе, пры гэтым часам зазначае, што Анас фізічна падсаджваецца падчас матчаў. Падобна, менавіта гэтым тлумачыцца даволі сярэдні айстайм форварда пры яго выніковасці: 14:32 – толькі дзявяты паказнік сярод усіх дынамаўскіх нападаючых. У няроўных складах Анас выходзіць толькі ў большасці – трэнер вельмі ашчадна ставіцца да яго энергіі.

Да фінішу рэгуляркі ў «Дынама» засталося 15 матчаў. Патэнцыйна Анас мае шанцы пабіць рэкорд «зуброў» па колькасці закінутых шайбаў за рэгулярку. Пакуль найлепшае дасягненне належыць Джэфу Плэту (2009/10) і Мэту Элісану (2015/16), якія за гладкі чэмпіянат настралялі па 26 галоў. Анас мае 19 дакладных кідкоў, і ягоныя шанцы выглядаюць нядрэнна.

Пры гэтым трапнасць легіянера не вельмі дапамагае мінчукам у барацьбе за плэй-оф. Яны ў яго трапяць, але, падобна, толькі з апошняга прахаднога месца – восьмага, што робіць перспектывы ў першым раўндзе вельмі сумнеўнымі (супернікамі па ім могуць стаць і «Лакаматыў» Яраслаўль, і маскоўскія «Дынама» са «Спартаком», і ўсё той жа СКА).

Іншыя пасты блога

Усе пасты