Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Аварыі, дождж, чырвоныя сцягі і ўвесь спектр эмоцый на фінальных этапах Формулы Е ў Лондане

Аварыі, дождж, чырвоныя сцягі і ўвесь спектр эмоцый на фінальных этапах Формулы Е ў Лондане

Аварыі, дождж, чырвоныя сцягі і ўвесь спектр эмоцый на фінальных этапах Формулы Е ў Лондане

Фота: Formula E

Дзявяты сезон гонак на электрычных машынах з адкрытымі коламі стаў гісторыяй, а Джэйк Дэніс – іх новым чэмпіёнам. Прычым стаў ён такім па выніках перадапошняга этапу, за што мусіць падзякаваць напарніку па камандзе свайго галоўнага канкурэнта.

За апошнія дні Беларусь страціла ва Украіне пяцярых сваіх сыноў. Яны аддалі свае жыцці за свабоду нашых суседзяў, але і за нашу таксама. Мы пакуль не ведаем іх імёнаў, але запомнім іх назаўсёды, калі прыйдзе час, і Украіна і Беларусь вызваляцца ад акупантаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

На жаль, вайна ва Украіне працягваецца, і пакуль цягнецца яе гарачая фаза, некаторыя гоначныя серыі ўжо паспелі скончыць два свае сезоны, як Формула Е. У мінулыя выхадныя яна заадно вызначыла і свайго новага чэмпіёна свету, якім стаў пілот Avalanche Andretti Джэйк Дэніс. Цікава, што ні ў суботу, ні ў нядзелю ён не перамог, але падзеі, што адбываліся ў яго за спінай, сыгралі яму на руку.

У суботняй гонцы брытанец стартаваў з другой пазіцыі, тады як яго на той момант галоўны і, шчыра кажучы, адзіны канкурэнт у спрэчцы за тытул з каманды Envision Racing Нік Кэсідзі раней хоць і кваліфікаваўся другім, аднак стартаваў першым. Справа ў тым, што, Мітчэл Эванс, які і выйграў кваліфікацыю, быў аштрафаваны на пяць пазіцый за аварыю на папярэднім этапе ў Рыме, калі гоншчык Jaguar TCS Racing вынес якраз Кэсідзі.

Нік, вядома, наважваўся цяпер адыграцца і хаця б адкласці каранаванне Дэніса да наступнага дня, і на старце здавалася, што гэта ў яго атрымаецца. Новазеландзец захаваў лідарства, а на другую прарваўся быў яго напарнік па камандзе Себасцьен Буэмі. Сітуацыя выглядала бяспройграшнай – швейцарац мог прыкрываць Кэсідзі, чым, у прынцыпе, і займаўся некаторы час.

Не так усё пайшло фактычна пасля таго, як абодва пілоты Envision наведалі зону актывацыі рэжыму атакі, пасля чаго Буэмі апынуўся наперадзе партнёра па камандзе. І калі Кэсідзі на пятнаццатым кругу паспрабаваў абагнаць Себасцьена, той на стаў яго прапускаць, і новазеландзец зламаў аб яго машыну пярэдняе антыкрыло сваёй, сышоўшы потым з дыстанцыі.

Пытанняў да Буэмі было шмат, а стала яшчэ больш, калі ён прызнаўся, што бачыў напарніка і, у прынцыпе, мог яго прапусціць. Але ж адпаведнай каманды з боксаў не было! І ўсё, быццам бы, так, і Сэб Ніку нічога не вінаваты, толькі займаць бок Буэмі ў гэтым канфлікце чамусьці не хочацца. Ну а Кэсідзі, чый настрой быў зруйнаваным, застаецца толькі спачуваць.

Далейшыя падзеі суботняй гонкі мелі ўжо другаснае значэнне, хаця іх хапала. Бліжэй да канца у сур’ёзную аварыю ў шаснаццатым павароце патрапіў пілот Nissan Саша Фенестраз, які перад гэтым на тармажэнні ўрэзаўся ў карму баліда гоншчыка NIO 333 Серхіа Сэтэ Камары. Пасля гэтага на трасу выехаў электрамабіль бяспекі, хаця крыху раней адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт, не такі жудасны, праўда – з адбойнікам сустрэўся прадстаўнік TAG Heuer Porsche Паскаль Верляйн, які не падзяліў трасу з канкурэнтам з NEOM McLaren Рэнэ Растам.

Пашкоджанні ў аварыях атрымалі не толькі машыны (ніхто з іх кіроўцаў, на шчасце, не пацярпеў), але і агароджа ўздоўж трасы, таму за чатыры кругі да фінішу гонка была прыпыненая чырвонымі сцягамі. Лідарам на той момант быў усё той жа Эванс, а Дэніс ішоў толькі пятым. Адну пазіцыю брытанец, аднак, аўтаматычна адыгрываў дзякуючы штрафу, накладзенаму на Раста, якога прызналі вінаватым у інцыдэнце з Верляйнам. Але напарнік Паскаля Антоніу Фелікс да Кошта і Буэмі усё роўна заставаліся наперадзе і прапускаць нікога не збіраліся.

Толькі Себасцьен на рэстарце ізноў павёў сябе дзіўна, і такі прапусціў Джэйка (Раст на той момант ужо быў пакараны). А потым дапусціў кантакт з яшчэ адным гоншчыкам Nissan Нарманам Нато, справакаваўшы сапраўдную пробку ў дзевятнаццатым павароце, якая стала прычынай новых чырвоных сцягоў.

Чацвёртую пазіцыю Буэмі, аднак, захаваў, прычым і пасля новага рэстарту. На ёй ён і фінішаваў, а ў пратаколе наогул размясціўся на трэцім радку, бо да Кошта за парушэнне тэхнічнага рэгламенту адхапіў штраф ажно ў тры хвіліны! Эванса, які ізноў захаваў лідарства і атрымаў перамогу, гэта, зразумела, не хвалявала. Як і Дэніса, які фінішаваў другім, затое афіцыйна стаў новым чэмпіёнам Формулы Е. Буэмі фізічна фінішаваў чацвёртым, але падняўся на ніжнюю ступень подыуму дзякуючы штрафу да Кошты.

У нядзелю інтрыгавала ўжо хіба што барацьба за віцэ-чэмпіёнства, галоўным прэтэндэнтам на якое быў Кэсідзі. Ён і выйграў фінальную кваліфікацыю сезона, а Эванс – яго новы канкурэнт – раздзяліў з ім першы шэраг. Стартаваць і вырашыць усё хутка гоншчыкам перашкодзіў дождж, што пачаўся яшчэ падчас кваліфікацыі. Праз яго заезд пачаўся ў рэжыме аўтамабіля бяспекі, але стала зразумела, што і так рухацца па адкрытай частцы трасы (яна ў Лондане часткова крытая дахам гандлёва-выставачнага цэнтру), таму праз пяць кругоў з’явіліся чырвоныя сцягі.

Надзеі, што дождж хутка перастане, не спраўдзіліся, і рэстарт паспрабавалі правесці праз сорак хвілін, аднак стала зразумела, што стан трасы не палепшыўся. Гонка ізноў была прыпыненая, а аднавілася – ізноў за пэйс-карам – толькі праз паўтары гадзіны. Але хаця б аднавілася паўнавартасна – электрамабіль бяспекі праз круг пакінуў трасу і пілоты пабачылі зялёныя сцягі.

Асфальт, праўда, усё роўна быў мокрым, таму доўгі час пілоты не былі асабліва актыўнымі. Кэсідзі і Эванс захавалі свае пазіцыі, а новаспечаны чэмпіён Эванс здолеў ў спрэчцы за трэцюю на дзясятым кругу апярэдзіць Нато. І гэта падзея была бадай што адзінай, якая заслугоўвала б увагі. Кэсідзі з Эвансам пакрысе далёка ад’ехалі ад пераследнікаў, дый паміж імі разборак не чакалася – у батарэі баліда Мітча энергіі для гэтага было малавата.

Так першая тройка і фінішавала: Кэсідзі перамог і абараніў другое месца ў чэмпіянаце, Эванс заняў другое месца, а Дэніс замкнуў першую тройку. Сезон брытанец скончыў з 229-цю ачкамі, на трыццаць апярэдзіўшы Кэсідзі, які ў сваю чаргу на два апярэдзіў Эванса. Перамога ў камандным заліку дасталася Envision – калектыў зарабіў за сезон 304 ачкі. Jaguar з 292-ма баламі выбраўся такі на другое месца, а трэцяе заняў калектыў Avalanche Andretti, у якога 252 ачкі.

Дзявяты сезон Формулы Е ў цэлым не падкачаў. Спадзяемся, што як мінімум не горшым за яго атрымаецца і юбілейны дзясяты, які пачнецца 13 студзеня ў Мехіка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты