Tribuna/Аўта/мота/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Яшчэ адзін майстар-клас ад Аж’е. Васьміразовы чэмпіён WRC выйграў Ралі Партугалія

Яшчэ адзін майстар-клас ад Аж’е. Васьміразовы чэмпіён WRC выйграў Ралі Партугалія

Яшчэ адзін майстар-клас ад Аж’е. Васьміразовы чэмпіён WRC выйграў Ралі Партугалія

Фота: wrc.com

На сённяшні дзень у чэмпіянаце свету па ралі склалася дзіўная сітуацыя: гоншчык, які выступае на поўным раскладзе, выйграў толькі адзін з пяці этапаў, што прайшлі. Усе астатнія ж выйгравалі толькі тыя, хто стартуе на асобных ралі, а Себасцьен Аж’е пасля Партугаліі наогул адзіны мае дзве перамогі ў сезоне.

Сітуацыя гэта, зрэшты, не павінна здзіўляць. Якім бы хуткім ні быў Цьеры Нэвіль, які з’яўляецца пакуль што адзіным з пераможцаў, хто выступае, так бы мовіць, на фул-тайм і які бліснуў на Ралі Монтэ-Карла, або яго партнёр па Hyundai Эсапека Лапі, які выйграў наступнае Ралі Швецыя, чэмпіёны застаюцца чэмпіёнамі, нават калі хто назаўсёды, як Аж’е, а хто часова, як двухразовы і дзейны ўладальнік тытулу і пераможца Ралі Кенія Кале Раванпэра, пераходзяць на парт-тайм.

Дый Toyota, за якую выступаюць дасведчаны француз і малады фін, па-ранейшаму з’яўляецца мацнейшым з трох калектываў WRC. Хаця нельга скідаць з рахункаў і такі фактар, як шанцаванне, які адыграў сваю ролю ў выпадку з Лапі і з тым жа Аж’е на папярэднім этапе ў Харватыі. Сэб і Кале абодва заявіліся і на Ралі Партугалія, якое праходзіла ў мінулы ўік-энд, але склалася для кожнага з іх па-рознаму.

Зразумець што-небудзь па выніках пятніцы было цяжка, бо першая чацыёрка змясцілася ў пяці з паловай секундах. Нэвіля ў ёй, дарэчы, не было – ён працаваў бульдозерам і адкрываў спецучасткі як лідар чэмпіянату. Што, аднак, не перашкодзіла бельгійцу выйграць тры допы, дый ад групы лідараў ён быў не так і далёка.

А вось у партнёра Аж’е і Раванпэры па Таёце Элфіна Эванса першы паўнавартасны спаборніцкі дзень шчыра не задаўся. На сёмым спецучастку валіец злавіў пракол, а яго штурман Скот Марцін яшчэ і забыўся на старце допа сваю рукапісную сценаграму, таму чытаў яе з мабільнага тэлефона. Першая з непрыемнасце, канечне, усё роўна была горшай, і праз яе Элфін скончыў пятніцу толькі восьмым.

Разбіраліся ж наперадзе ў асноўным яго партнёры па калектыве, прычым на ранішняй секцы лідарам паспеў пабыць нават Такамота Катсута. Дый увечары японец хоць і быў не на першай пазіцыі, а на трэцяй, Раванпэры, які лідзіраваў, ён саступаў толькі 4,7 секунды. А Аж’е ад Кале адставаў наогул усяго на адну, таму фаварыты суботы былі ўжо зразумелыя.

Аднак дуэль двух чэмпіёнаў працягвалася толькі да адзінаццатага і другога з суботніх спецучасткаў, на якім Раванпэра дапусціў памылку ў хуткім правым павароце і перакуліў свой GR Yaris. На гэтым барацьба за перамогу для фіна скончылася, а вось для Аж’е яна толькі пачыналася. З яе, праўда, на наступным спецучастку выбыў і Катсута, зламаўшы падвеску свайго аўтамабіля, але ў ладзе засталіся прадстаўнікі Hyundai.

Нэвілю, праўда, тэмпу так і не хапала, і на трэцюю пазіцыю ён падняўся толькі дзякуючы сходам Раванпэры і Катсуты. А вось От Цянак яўна раскаціўся, і па выніках дванаццатага спецучастка нават захапіў быў лідарства, але хутка ўсё ж такі саступіў яго Аж’е, якому перад апошнім спаборніцкім днём саступаў 11,9 секунды. І, магчыма, калі б у нядзелю было б больш за чатыры спецучасткі, чэмпіён 2019 года і апярэдзіў бы васьміразовага, а так ён проста скараціў сваё адставанне да 7,9 секунды, заняўшы другое месца.

Нэвіль жа на Ралі Партугалія замкнуў першую тройку, прыхапіўшы пяць бонусных ачкоў за лепшы час на фінальным суперспэшле. У чэмпіянаце, дзе бельгіец па-ранейшаму лідзіруе, гэтых ачкоў у яго ўжо 110 супраць 86-ці ў Эванса, які пакуль што застаецца другім. Хаця Цянак, які падняўся на трэцюю пазіцыю, падабраўся да Элфіна блізка – у яго 79 балаў.

Вось у камандным заліку лідар новы – Hyundai. Праўда, з 219-цю ачкамі карэйцы апярэджваюць Таёту ўсяго на чатыры. M-Sport Ford трэці, у яго 110 балаў. Лепшым з прадстаўнікоў брытанскага калектыву ў Партугаліі стаў Адрыен Фурмо, які заняў чацвёртае месца.

Сярод прадстаўнікоў катэгорыі WRC2 на партугальскім этапе хутчэйшым за ўсіх стаў расіянін Мікалай Гразін, які праз злачынствы звар’яцелага збіральніка рускіх зямель выступае пад сцягам Балгарыі. На сваім Citröen C3 Rally2 ён на чатыры з паловай секунды апярэдзіў іспанца Яна Соланса на Toyota GR Yaris Rally2, які… перамог, бо Гразін выступаў па-за залікам!

Асноўным канкурэнтам Соланса быў паўночнаірландзец Джошуа МакЭрлін на Škoda Fabia RS Rally2 – на фінішы ралі іх раздзяліла 3,2 секунды. На перамогу прэтэндаваў таксама швед Олівер Сольберг, які, нягледзячы на праблемы з рухавіком сваёй Фабіі, нават захапіў быў лідарства ў пятніцу. Але ў суботу сын Петэра Сольберга патрапіў у аварыю паблізу ад таго месца, дзе непрыемнасць здарылася з Равапэрай.

Не меней шчыльная барацьба вялася і за ніжнюю ступень подыуму, на якую доўгі час прэтэндаваў Йохан Русэль. Але француз на Сітраэне па ходу гонкі сутыкнуўся з праколам, а ў нядзелю атрымаў яшчэ і два хвілінных штрафы за парушэнне пратаколу бяспекі і за ранняе пакіданне закрытага парку. Таму трэцім у выніку стаў фін Лаўры Йоона, які выступае на Шкодзе.

У WRC3, дзе амаль ва ўсіх аднолькавыя Ford Fiesta Rally3, перамогу ў Партугаліі атрымаў Дыега Дамінгес. Парагваец праводзіў ралі ў дамінуючым стылі, па выніках суботы ён меў перавагу перад бліжэйшым супернікам, Матэа Шаціёнам на адзіным Renault Clio Rally3, больш за дзве хвіліны.

Таму ў апошні дзень Дамінгес расслабіўся і дазволіў французу, які заняў другое месца, скараціць адрыў болей чым удвая, да 48,5 секунды. Пры гэтым Шаціён у сваю чаргу амаль на дзве хвіліны адарваўся ад балівійца Бруна Буласіі, які замкнуў першую тройку.

Наступным этапам WRC стане Ралі Італія, якое пройдзе на выспе Сардынія 30 мая – 2 чэрвеня. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja прасочаць і за ўсім астатнім важным у сусветных гонках. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Другие посты блога

Все посты