Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Стары новы лідар. Пасля этапаў Формулы Е ў Берліне Нік Кэсідзі вярнуў сабе першую пазіцыю ў чэмпіянаце

Стары новы лідар. Пасля этапаў Формулы Е ў Берліне Нік Кэсідзі вярнуў сабе першую пазіцыю ў чэмпіянаце

Стары новы лідар. Пасля этапаў Формулы Е ў Берліне Нік Кэсідзі вярнуў сабе першую пазіцыю ў чэмпіянаце

Фота: Formula E

Мінулы ўік-энд для новазеландца з Jaguar TCS Racing атрымаўся ўдалым, і цяпер ён камфортна лідзіруе ў турнірнай табліцы электрычнай Формулы. Тэмп Кэсідзі падтрымлівае высокі ва ўсіх сэнсах, і ў мінулы ўік-энд ён таксама быў хуткім.

У гэтым годзе арганізатары крыху змянілі канфігурацыю берлінскай трасы, што, здаецца, пайшло толькі на карысць гонкам на ёй. Па напалу барацьбы яны не саступалі тым, што мы бачылі на стацыянарным аўтадроме ў Мізана. І пераможцы ўсялякі раз вызначаліся не ў кваліфікацыях.

У суботу, напрыклад, поўл заваяваў пілот Mahindra Racing Эдоарда Мартара, які захаваў быў лідарства і на старце гонкі, але затым адным з першых накіраваўся за дадатковай магутнасцю рэжыму атакі. Зона яго актывацыі знаходзілася ў такім месцы, што праехаць па ёй без страты пазіцыі было практычна нерэальна, тым больш што група лідараў была шчыльнай і шматлікай, таму перастановак у ёй, як і ў пелатоне ў цэлым, хапала.

Прыкладна на сярэдзіне запланаванай дыстанцыі пабыць лідарам паспеў нават напарнік Ніка Кэсідзі Мітчэл Эванс, прытым стартавалі два новазеландца дзявятым і дзясятым адпаведна. Асноўная ж барацьба за перамогу разгарнулася паміж пілотам DS Penske Жанам-Эрыкам Вернем і яго канкурэнтам з Nissan Оліверам Роўландам, хаця побач была і пара гоншчыкаў Tag Heuer Porsche – Паскаль Верляйн і Антоніу Фелікс да Кошта. Якія на пару апярэдзілі Роўланда, а Верляйн пачаў насядаць на Верня.

Першая спроба атакі немца на француза на дваццаць шостым кругу не прайшла, але Паскаль усё ж такі апярэдзіў Жана-Эрыка кругам пазней, узначаліўшы заезд. Але крыху пазней першая пазіцыя вярнулася да Эванса, які выбраў удалы момант для візіту ў зону актывацыі. Барацьба пры гэтым ішла на ўсіх паверхах пелатона, часам жорсткая і кантактная, таму аўтамабілю бяспекі на трасу прыйшлося выязджаць не адзін раз. А паколькі адна з нейтралізацый зацягнулася, таму дырэкцыя гонкі дадала шэсць кругоў, што абвастрыла для некаторых пытанне эканоміі энергіі.

Кэсідзі, зрэшты, у кола гэтых некаторых не ўваходзіў. Нік увесь час трымаўся ў сярэдзіне пелатона і якраз эканоміў энергію, а прыціснуў педаль акселератара толькі на апошніх кругах. І на сорак трэцім, калі лідзіраваў Вернь, пілот Jaguar абагнаў і яго, тут жа пачаўшы адрывацца, бо Жану-Эрыку якраз прыходзілася ўжо перайсці ў рэжым эканоміі. Ён фінішаваў другім, а замкнуў першую тройку Роўланд.

Па падобным жа сцэнарыі прайшоў і нядзельны этап. З поўлу стартаваў ужо дзейны чэмпіён з Andretti Джэйк Дэніс, але ён цягам ужо першага круга саступіў пазіцыю Кэсідзі, які стартаваў следам за ім. Ну а далей пачалося тое ж, што ўсе бачылі днём раней – масавыя заезды ў зону актывацыі і перастаноўкі. Прычым ізноў адным з першых па дадатковыя кілаваты паехаў менавіта лідар гонкі.

Пілоты Porsche таксама зноў былі ў ліку фаварытаў і актыўна прэтэндавалі на першую пазіцыю, перыядычна яе захопліваючы. Дый Роўланд таксама быў побач і спрабаваў прабіцца наперад, што на дваццатым кругу нават скончылася яго кантактам з Эвансам. Брытанец нават пабачыў за свае дзеянні чорна-белы сцяг, хаця на другую пазіцыю ўсё ж такі прабіўся. Хаця напарнік Дэніса Нарман Нато ў трэцім павароце сышоўся з напарнікам Роўланда Сашай Фенестразам яшчэ больш жорстка – абодва ў выніку сышлі з дыстанцыі.

Гэты інцыдэнт прывёў да чарговага выезду аўтамабіля бяспекі, а пасля аднаўлення гонкі ў баявым рэжыме ў атаку на супернікаў наперадзе пайшоў Эванс. Выйсці на першую пазіцыю ў новазеландца атрымалася, а вось замацавацца на ёй – не. Яго хутка апярэдзіў да Кошта, а потым Мітч у апошні раз адправіўся актываваць рэжым атакі, прапусціўшы наперад і Роўланда. А на апошніх кругах, ужо па камандзе з боксаў, і Кэсідзі.

І калі Эванс затым саступіў пазіцыі яшчэ і Верляйну з Дэнісам, фінішаваўшы шостым, то Кэсідзі, насупраць, пачаў насядаць на Роўланда, і абагнаў яго, заняўшы другое месца. Олівер ізноў задаволіўся трэцім, а перамога, фактычна, другі, а юрыдычна – першы раз у сезоне дасталася да Кошце, які быў дыскваліфікаваны пасля першай гонкі ў Мізана за неадпавядальнасць рэгламенту зваротнай спружыны педалі акселератара на яго балідзе.

Ад лідіраў чэмпіянату Антоніу Фелікс, праўда, далёка – на восьмай пазіцыі з 59-цю ачкамі. Першы ж цяпер ізноў Кэсідзі, які захопліваў ужо лідарства пасля этапаў у Ад-Дырыі. У яго 140 ачкоў супраць 124-х у Верляйна, які апусціўся на другую пазіцыю. Блізка да Паскаля і Роўланд, які са 118-цю баламі пакуль што замыкае першую тройку. У камандным заліку, маючы 237 ачкоў, лідзіруе Jaguar, Porsche на другой пазіцыі са 183-ма баламі, Nissan трэці, у яго 144 балы.

Наперадзе ў Формулы Е яшчэ тры ўік-энды з шасцю гонкамі. Наступныя пройдуць 25 і 26 мая ў Шанхаі, на тым жа Міжнародным аўтадроме, што прымае і Формулу 1, але, канечне, на мадыфікаванай для электрычных балідаў канфігурацыі. Хаця заезды, напэўна, усё роўна атрымаюцца цікавымі, і нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова пра іх распавядуць. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты