Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Але ёсць і добрыя навіны! Не сумуем пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Эміліі-Раманьі

Але ёсць і добрыя навіны! Не сумуем пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Эміліі-Раманьі

Але ёсць і добрыя навіны! Не сумуем пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Эміліі-Раманьі

Фота: formula1.com

Канкурэнтам трохразовага і дзейнага чэмпіёна Формулы 1 і каманды Red Bull пакуль што дакладна рана займацца шапказакідальніцтвам. Аднак тэндэнцыя сканчэння дамінавання Ферстапена ўжо вымалёўваецца, і ўчора ў Імале яна была добра бачная.

Ужо пасля першых кругоў гонкі Гран Пры Эміліі-Раманьі я пачаў зайздросціць гледачам на трыбунах Аўтадрома імя Энца і Дзіна Ферары. Атмасфера там у любым выпадку была такой, што тое, што там адбываецца на трасе, хто лідзіруе і з якім адрывам, наўрад ці было для некага істотным.

Так, пілоты McLaren і ў Імале парадавалі прагрэсам, але герой папярэдняга Гран Пры Маямі Ланда Норыс яшчэ тады папярэдзіў, што не трэба чакаць, што цяпер ён будзе змагацца з Ферстапенам за тытул. Маўляў, мы па-ранейшаму далёкія ад Red Bull і пашанцаваць на можа хіба што ў асобных гонках.

Што, зрэшты, само па сабе ўжо нядрэнна, бо летась апроч Макса Ферстапена і Серхіа Перэса адзін раз перамагчы здолеў толькі пілот Ferrari Карлас Сайнс. А сёлета, вун, і іспанец на развітанне са Скудэрыяй бліснуў у Аўстраліі, хай і дзякуючы сходу Ферстапена, а потым і Норыс парадаваў усіх сваёй першай перамогай, і дзякуючы ўжо чыстай хуткасці. А ўчора выявілася, што ў шасціразовых і дзейных уладальнікаў Кубку канструктараў можна знайсці і новыя слабыя месцы.

Цікава пры гэтым, што ў Імалу Red Bull, як і многія іншыя, у тым ліку McLaren, прывезлі чарговы пакет абнаўленняў баліда RB20. Але разабрацца з іх працай адразу не атрымалася нават у Ферстапена, які ў пятніцу саступаў далёка не толькі канкурэнту з Ferrari Шарлю Леклеру, які ўзначаліў пратаколы абедзвюх свабодных практык, але і шэрагу іншых супернікаў, паказаўшы вынікі ў сярэдзіне першай дзясяткі.

Дый у суботу Макс прымусіў ехаць сваю машыну належным чынам не з першай спробы. У фінальнай сесіі свабодных заездаў, пратакол якой узначаліў напарнік Ланда Норыса Оскар Піастры, нідэрландзец быў шостым, і толькі па выніках кваліфікацыі ён стаў найхутчэйшым і заваяваў поўл.

На першым шэрагу з Максам мусіў быў быць той жа Піастры, але немаведама навошта каманда выпусціла яго на трасу ў канцы першага сегмента кваліфікацыі, калі праход у другі быў гарантаваны. У выніку Оскар апынуўся перад пілотам Haas Кэвінам Магнусэнам і перашкодзіў яму, верагодна, таксама прайсці далей, за што потым быў пакараны пазбаўленнем трох пазіцый на стартавай рашотцы.

Так што побач з Ферстапенам гонку пачынаў Норыс. І ўсім было зразумела, што калі Ланда не адбярэ ў Макса першую пазіцыю да ўваходу ў Tamburello, то наўрад ці адбярэ наогул. Імала, пры ўсёй да яе павазе і любові з боку фанатаў і гоншчыкаў, па-ранейшаму абгонам не спрыяе, і атрымліваюцца яны толькі ў тых, хто мае значную перавагу ў хуткасці.

Атака пілота McLaren, як і трэба было чакаць, не атрымалася, і гонка неўзабаве стала крыху паравознай. З заўважных падзей першай паловы дыстанцыі вызначыць можна было хіба што размен пазіцыямі паміж Сайнсам і Піястры, калі аўстраліец апынуўся наперадзе Карлса, і тое за кошт падрэзкі ранейшым піт-стопам (дарэчы, так яны і фінішавалі: пілот McLaren чацвёртым, пілот Ferrari – пятым). Барацьбы за перамогу ніхто не чакаў, але, як паказалі апошнія кругі, дарэмна.

Стратэгія ў Імале ва ўсіх была прыблізна аднолькавая – старт на Medium з пераходам на Hard (або наадварот у рэдкіх выпадках). Норыс на сваім камплекце дацягнуў да дваццаць трэцяга круга, а Ферстапен на сваім да дваццаць пятага. Пры гэтым Ланда атрымаў ужываны «хард», а Макс – новы, але на апошніх кругах гума стала працаваць горш якраз у нідэрландца, ды яшчэ і батарэя сістэмы рэкуперацыі перастала зараджацца належным чынам.

Вось тут у Норыса і адкрыўся другі подых, ён за некалькі кругоў скараціў адставанне ад Ферстапена з некалькіх секунд да меней чым адной і ўжо ўвайшоў быў у зону DRS. Але ізноў жа, абганяць у Імале цяжка, тым больш што на прамых Макс усё ж такі захоўваў пэўную перавагу, таму захаваў лідарства і перамог. Праўда, з перавагай над Ланда ўсяго ў 0,725 секунды – пра ранейшыя пятнаццаць-дваццаць гаворкі ўжо няма.

І не толькі гэта ёсць трывожным сігналам для Red Bull. Канкрэтна на Гран Пры Эміліі-Раманьі каманду выцягнуў менавіта Ферстапен, тады як яго напарнік Серхіа Перэс выступіў, мякка кажучы, сярэдне. Чэка ізноў не бліснуў у кваліфікацыі, нават не прайшоўшы ў фінал, стартаваў адзінаццатым і адным з нямногіх на жорсткіх шынах. Дацягнуў на іх мексіканец ажно да трыццаць сёмага круга, але пад канец першага адрэзку яго абганялі ўсе, хто не ленаваўся.

У выніку пасля піт-стопу ўжо на «медыуме» Серхіа ізноў прыйшлося адыгрывацца. Ён здолеў прарвацца на восьмую пазіцыю і на ёй фінішаваць, што можна было б лічыць поспехам, але не на фоне перамогі суседа па боксах. І гэта дакладна не тое, да чаго імкнецца сам мексіканец, у якога, нагадваю, кантракту на наступны год пакуль няма. Часткова недахоп тэмпу Чэка можна патлумачыць складанасцямі з адаптацыяй да абнаўленняў, але менавіта што толькі часткова.

І ў чэмпіянаце Серхіа, у якога 107 ачкоў, апусціўся на другую пазіцыю, прапусціўшы наперад Леклера, які ў Імале на радасць мясцовым фанатам падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Пілот Ferrari на гэтай трасе, дарэчы, заняў месца ў першай тройцы упершыню з 2006 года. У турнірнай табліцы ў Шарля 113 балаў, і Ферстапен, у якога 161, ад яго далёка. А вось Перэс хутка рызыкуе прапусціць яшчэ і Норыса, які са 101-м балам ідзе чацвёртым.

Становішча ў Кубку канструктараў пасля ўчарашняга Гран Пры не змянілася. Red Bull захоўвае лідарства і салідную перавагу перад Ferrari, якая займае другую пазіцыю – у іх 268 і 212 балаў адпаведна. McLaren са 154-ма ачкамі пакуль адстае сур’ёзна, але, здаецца, пакуль, і мае шанцы адыграцца на бліжэйшых этапах.

Асабліва на наступным, які пройдзе на гэтым жа тыдні – Гран Пры Манака. Абсалютная хуткасць на вузкіх вулачках Княства значнай ролі не адыгрывае, а што ў чорна-аранжавых балідаў хуткаць гэтая ў прынцыпе ёсць, заўважна ўжо добра. Таму не губляем надзею, сочым за аўта- і мотаспартыўнымі падзеямі ў тым ліку праз Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты