Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Праклён зняты! Шарль Леклер нарэшце выйграў хатні Гран Пры Манака

Праклён зняты! Шарль Леклер нарэшце выйграў хатні Гран Пры Манака

Праклён зняты! Шарль Леклер нарэшце выйграў хатні Гран Пры Манака

Фота: formula1.com

Перамога на радзіме заўсёды ўдвая саладзейшая, але пазітыву поспеху пілота Ferrari дадае не толькі сам факт гэтага поспеху. Нават важней тое, што самыя змрочныя варыянты прагнозаў адносна сезона-2024 не збываюцца, і Макса Ферстапена з Red Bull, аказваецца, магчыма апярэджваць.

Не будзем улічваць перыяд Sauber/Alfa Romeo, бо тады Шарль на многае не разлічваў наогул, а не толькі ў Манака. А вось перыяд у Ferrari… Сход на этапе ў Княстве ў 2019 годзе, няўдзел у гонцы пры заваяваным поўле ў 2021-м, чацвёртае месца пры старце з поўлу ў 2022-м і шостае пры старце з трэцяй пазіцыі летась. Ну натуральна ж праклён!

Таму не ведаю, як вам, а па мне, дык любы вынік Леклера акрамя яго перамогі ўчора быў бы проста несправядлівым. Тым больш што моцна стараецца і Шарль, і ўся Скудэрыя. Канечне, у каманды з Маранэла атрымліваецца не ўсё і не адразу, і ў Імале ад яе напэўна чакалі большага. Аднак у Манака Леклер са сваім калектывам паказалі лепшыя версіі сябе.

А вось дзейныя чэмпіён свету і ўладальнікі Кубку канструктараў неяк раптоўна адкаціліся назад. Мне гэтая сітуацыя збольшага нагадала таксама Гран Пры Манака 2021 года, калі такія хуткія сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан і Mercedes літаральна на роўным месцы згубілі спрыт. І мы памятаем, чым у выніку скончыўся той сезон. Ці варта чакаць нечага падобнага цяпер?

Самым шчырым адказам тут, бадай, будзе такі: трэба паглядзець, як сітуацыя будзе развівацца на некалькіх наступных Гран Пры. Але відавочна, што канкурэнты Red Bull дабіваюцца значнага прагрэсу, тады як балід RB20 аказваецца не такім ужо ўніверсальным. І выціснуць з яго ўсё можа толькі Макс Ферстапен, дый яго патэнцыялу гэтым разам хапіла толькі на шосты вынік у кваліфікацыі – наперадзе апынуліся Ferrari і McLaren у поўных складах, а таксама пілот Mercedes Джордж Расэл. Напарнік жа нідэрландца Серхіа Перэс гэтым разам не прайшоў нават у другі сегмент, што, як выявілася на наступны дзень, адыграла ці не вырашальную ролю ў гонцы.

Кваліфікацыя ў Манака наогул мае крытычнае значэнне, таму Леклер, які ізноў парадаваў сваіх суайчыннікаў поўлам, палову справы выканаў у суботу. Канечне, клаўстрафабічная вулічная траса патрабуе асаблівага падыходу да сябе, але Шарлю аб гэтым нагадваць залішне. Перашкодзіць яму ўчора маглі толькі яго ўласныя памылкі, але іх ліміт, відаць, вычарпалі іншыя ўдзельнікі.

Леклер на старце ўдала абараніўся ад спробы атакі з боку канкурэнта з McLaren Оскара Піастры, які дзяліў з ім першы шэраг, зрабіўшы яшчэ адзін важны крок да перамогі. А вось яго напарнік Карлас Сайнс патрапіў у калатнечу – спрабуючы атакаваць напарніка Піастры Ланда Норыса ў барацьбе за трэцюю пазіцыю, з якой стартаваў пераможца Гран Пры Маямі, іспанец атрымаў пракол, які фактычна руйнаваў яму гонку ўжо на першым кругу. Але выратаванне прыйшло адтуль, адкуль яго ніхто не чакаў.

Тут сваю ролю адыграла і дыскваліфікацыя па выніках суботы абодвух прадстаўнікоў Haas. Заднія антыкрылы на машынах Ніка Хюлькенберга і Кэвіна Магнусэна не адпавядалі рэгламенту – планка DRS адхілялася мацней, чым было дазволена, чым, верагодна, і была абумоўленая хуткасць немца і датчаніна ў суботу. За гэта іх з дванаццатай і пятнаццатай пазіцый адпаведна адправілі на дзевятнаццатую і дваццатую, на суседства з Перэсам, які яшчэ і стартаваў не лепшым чынам.

Магнусэн на выхадзе з Sainte Devote здолеў атакаваць Чэка, які, відаць, проста гэтага не заўважыў і пачаў ссоўвацца ўправа, дзе і знаходзіўся Кэвін. У выніку паміж іх балідамі адбыўся кантакт, які прывёў да сур’ёзнай аварыі, мімавольнай ахвярай якой стаў і Хюлькенберг. Ніка спрабаваў праскочыць месца інцыдэнту, але на яго адкінула машыну Серхіа, якая была разбітая наогул ушчэнт. Дый абодва баліды Haas у выніку былі разбітыя пад спісанне.

Гэты інцыдэнт прывёў да чырвоных сцягоў, але ён быў не адзіным. Яшчэ адзін адбыўся перад уездам у Тунэль, дзе сутыкнуліся пілоты Alpine. Эстэбан Акон у спрэчцы за дзясятую пазіцыю (сам ён займаў адзінаццатую) на выхадзе з Portier атакаваў П’ера Гаслі, што таксама прывяло да кантакту і нядоўгага, але эфектнага палёту машыны Акона, які наехаў на колы баліду напарніка і суайчынніка.

Пашкоджанні атрымалі абодва аўтамабілі, але фатальнымі яны аказаліся толькі для Эстэбана, які таксама сышоў з дыстанцыі. Ну і, канечне, атмасферу ў калектыве гэтае непаразуменне, мякка кажучы, не палепшыла, што таксама можа мець доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы, якія менавіта зараз пагражаюць разбуральнымі вынікамі – праблем у Alpine хапае і без гэтага. Прынамсі, дзеяннямі Акона незадаволены быў не толькі Гаслі.

Ліквідацыя ж наступстваў аварыі Перэса, Магнусэна і Хюлькенберга паміж Sainte Devote і Beau Rivage (трэба было і адломкі прыбраць, і адбойнікі адрамантаваць) запатрабавала даволі многа часу – перыяд чырвоных сцягоў працягваўся больш за сорак хвілін. Затое, паколькі гонка была спыненая да заканчэння першага круга, тыя, хто застаўся ў ладзе, рэстартаваць маглі з пазіцый, здабытых у кваліфікацыі.

Шкада толькі, што мы пазбаўляліся і магчымых тактычна-стратэгічных гульняў (і, скажам так, нечаканых рашэнняў каманднага мосціку Ferrari). Справа ў тым, што хоць і пад чырвоным сцягам, але першы круг гонкі быў скончаны, і тыя, хто вырашыў замяніць стартавы камплект, напрыклад, Medium, цвёрдай гумай (як уся першая чацвёрка), на ёй жа маглі і фінішаваць, бо фармальна правіла выкарыстання двух розных камплектаў было выкананае.

Вось пілоты Ferrari і перайшлі з ужыванага «медыума» на свежы «хард», а іх канкурэнты з McLaren – са свежага «медыума» на ўжываны «хард». Тэарэтычна, канечне, на піт-стопы маглі вырашыцца ў станах абедзвюх каманд, але ў Скудэрыі наўмысна заняліся стрымліваннем супернікаў, каб не даць ім магчымасці памяняць шыны і атрымаць перавагу, і папрасілі Леклера прытрымаць коней.

І гэта ў выніку спрацавала, тым больш што абганяць у Манака ўсё роўна практычна няма дзе. Леклер перамог, Піастры заняў другое месца, Сайнс фінішаваў трэцім, акурат перад Норысам. Ды наогул пазіцыі, з якіх яны стартавалі, да фінішу захавалі ўсе пілоты першай дзясяткі. Толькі эпізадычна па ходу гонкі ўзнікалі кропкі напружання, як у тройцы Расэл-Ферстапен-Хэмілтан, якія занялі месцы з пятага па сёмае. Пры гэтым Джордж здолеў на шынах сярэдняй цвёрдасці дацягнуць да фінішу без піт-стопу, а вось Макса і Льюіса на пяцьдзесят першым і пяцьдзесят другім кругах адпаведна перавялі такі перайсці на ўжываны «хард». Аднак ізноў жа, да перастановак гэтыя гульні не прывялі.

Так што я магу зразумець тых, хто не хоча бачыць Манака ў календары Формулы 1. Занадта ўжо спецыфічная гэтая траса, і ўчора адзінымі, бадай, яскравымі падзеямі толькі аварыі першага кругу і былі. Затое Леклер нарэшце зняў з сябе праклён і стаў першым манэгаскам, хто выйграў хатні Гран Пры Формулы 1. А заадно і моцна паправіў сваё становішча ў чэмпіянаце.

Лідзіруе там, маючы 169 ачкоў, па-ранейшаму Ферстапен, але паміж ім і Шарлем зусім не прорва – у манэгаска 138 балаў. А яго галоўным пераследнікам пасля няўдачы Перэса (Чэка апусціўся на пятую пазіцыю), цяпер з’яўляецца Норыс, у якога 113 ачкоў. Сітуацыя ў Кубку канструктараў яшчэ цікавейшая! Ад былой перавагі Red Bull, які з 276-цю ачкамі лідзіруе і зараз, не засталося і следу. Ferrari, якая застаецца на другой пазіцыі, мае 252 балы, дый McLaren, у сваю чаргу захоўваючы трэці радок, паступова набліжаецца і мае цяпер 184 ачкі. Наступныя этапы могуць таксама аказацца вельмі цікавымі!

Трасы там, канечне, будуць ужо іншыя і хуткія, як у Монрэалі, які 7-9 чэрвеня прыме наступны Гран Пры Канады, таму даць свой моцны адказ могуць і ў калектыве з Мілтан-Кінса. Аднак і яго канкурэнты дакладна не будуць спаць у шапку і не спыняць уласны прагрэс. Таму нас чакае шмат цікавага, паведамляць пра гэта і аналізаваць гэта будуць і нашы блог Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja, і нашы сябры і партнёры – аўтары Тэлеграм-канала Formuła Pieramohi | F1. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты