Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Беларусы за мяжой раззабіваліся: давершаныя разгромы, першы гол за 1,5 гады, выклік «танца труны» (з «пахаваннем» на 90+10-й)

Беларусы за мяжой раззабіваліся: давершаныя разгромы, першы гол за 1,5 гады, выклік «танца труны» (з «пахаваннем» на 90+10-й)

Насычаны тыдзень.

Аўтар — bytribuna com
12 сакавіка 2023, 15:09
Беларусы за мяжой раззабіваліся: давершаныя разгромы, першы гол за 1,5 гады, выклік «танца труны» (з «пахаваннем» на 90+10-й)

У чэмпіянаце Казахстана, дзе ў гэтым сезоне выступае рэкордная колькасць беларускіх футбалістаў, у пятніцу адбылося іх невялікае вочнае галявое спаборніцтва: у матчы «Атырау» і «Кайсара» (2:1) на забіты ў дэбюце сустрэчы мяч хаўбека гасцей Васіля Соўпеля капітан гаспадароў Ігар Стасевіч адказаў асістам і пераможным узяццем варот.

На тыдні беларускія гульцы ў замежных першынствах увогуле раззабіваліся – нават калi «маўчанне» доўжылася больш за год, – так што хапіла на цэлы пост пра іх дасягненнi.

Яўген Шыкаўка, «Карона» (Польшча)

Клуб беларускага форварда вядзе барацьбу за выжыванне ў элітным дывізіёне Польшчы. За першы круг каманда набрала 13 балаў і ішла на дне турнірнай табліцы, але пасля зімовай паўзы справы ў прадстаўнікоў Кельцэ ідуць куды лепш: у сямі матчах каманда атрымала чатыры перамогі (плюс нічыя – тыя ж 13 ачкоў) і пакінула зону вылету, хаця і адышла ад яе толькі на адзін бал.

Палепшылася статыстыка і ў самога Шыкаўкі: у першым крузе на яго рахунку была толькі адна галявая перадача, але пасля аднаўлення чэмпіянату 30-гадовы гулец вызначыўся ўжо трыма галамі. У канцы студзеня ён аформіў дубль у вароты «Легіі» (праўда, «Карона» ўсё роўна саступіла 2:3). А 11 сакавіка ў матчы супраць «Радамяка» Шыкаўка забіў мяч, які зраўняў лік, – а «Карона» ў выніку перамагла 2:1 (адзнака 2:42).

Глеб Жэрдзеў, «Бней Іегуда» (Ізраіль, Д2)

Экс-форвард «Славіі», які ў студзені пераехаў у тэль-авіўскую «Бней Іегуду» з другога ізраільскага дывізіёна, на новым месцы пяць матчаў не меў вынiковых дзеянняў, але ў апошніх двух гульнях не сыходзіць з поля без гола. 3 сакавіка 22-гадовы нападаючы адзначыўся ў матчы супраць «Ірані» Тыберыяс, але не выратаваў ад паражэння 2:4 (адзнака 1:01).

Праз тыдзень «Бней Іегуда» адыгралася на аўтсайдары «Хапаэле» Ноф-ха-Галіль, забіўшы пяць мячоў без адказу. Жэрдзеў, які выйшаў на поле на 70-й хвіліне, давяршыў разгром у самым канцы сустрэчы.

«Бнэй Іегуда» ідзе на сёмым месцы і пакуль трапляе ў першую васьмёрку, якая вызначыцца па выніках наступнага тура і працягне барацьбу за верхнія пазіцыі. На першым радку, дарэчы, размясціўся «Макабі» Петах-Тыква, за якi выступае Ілля Шкурын. У яго ў 23 гульнях чэмпіянату 10 забітых мячоў і чатыры асісты, але апошнія дзве сустрэчы ён заканчвае без вынiковых дзеянняў.

Кірыл Капленка і Юрый Кавалёў, «Арэнбург» (Расія)

Самы беларускі клуб РПЛ (чатыры беларускія футбалісты выступаюць пад кіраўніцтвам экс-трэнера брэсцкага «Дынама» Марцэла Лічкі) пасля зімовай паўзы правёў ужо два матчы, абодва супраць суседзяў па сярэдзіне турнірнай табліцы. Склаліся яны па-рознаму. 4 сакавіка «Арэнбург» саступіў «Ахмату» (1:3).

А вось 10 сакавіка здарылася пераканаўчая перамога над «Сочы» ў гасцях – 4:0. Пачатак разгрому паклаў 23-гадовы паўабаронца зборнай Беларусі Кірыл Капленка: у канцы першага тайма ён апынуўся на падборы недалёка ад штрафной і гарматным ударам з 23-х метраў паразiў верхні кут варот саперніка.

Кропку ў матчы паставіў 30-гадовы вінгер Юрый Кавалёў, які скарыстаўся адскокам ад саперніка.

Для абодвух гульцоў гэта першыя галы за доўгі час: Кавалёў у папярэдні раз забіваў 10 красавіка мінулага года – у матчы расійскага Д2 супраць «Кубані», Капленка – дык наогул 10 ліпеня 2021-га, таксама ў Д2, але «Валгару». Больш за тое, цяперашні гол для Кірыла – першы ў РПЛ.

«Арэнбург» пасля 19 тураў ідзе на восьмым радку, усяго на адзін пункт адстаючы ад пятага месца, якое займае ЦСКА.

Андрэй Варанкоў, ДПММ (Бруней)

34-гадовы экс-форвард зборнай ужо пяты год выступае за клуб ДПММ, які належыць наследнаму прынцу Брунея. Пасля трохгадовай адсутнасці каманда вярнулася ў чэмпіянат Сінгапура, які ў 2019-м, перад сыходам, выйграла. Далей адбылася пандэмія каранавіруса, з-за якой ДПММ абмяжоўваўся ўдзелам у турнірах унутры Брунея, дзе за гэты час не быў дайграны ні адзін чэмпіянат краіны. Пры гэтым клуб выйграў некалькі іншых мясцовых трафеяў.

Вяртанне ў Сінгапур пакуль атрымліваецца няўдалым: у першым туры 3 сакавіка брунейцы саступілі «Лаян Сіці» з лікам 1:3 (Варанкоў аформіў асіст), у другім – «Балесцьеру» з лікам 3:4. Прычым матч 10 сакавіка складаўся для ДПММ выдатна: ужо на пятай хвіліне беларускі форвард «парашутам» адкрыў лік, да перапынку каманда вяла 3:1, але выдаленне ў пачатку другога тайма пераламiла ход сустрэчы, а чацвёрты мяч гаспадары прапусцілі ажно на сотай хвіліне (суддзя дадаў 11). Цікава, што пасля галоў гаспадароў на хатняй арэне ДПММ зараз уключаюць мелодыю, вядомую як «танец труны» – гучала яна і пасля мяча Варанкова, але, як аказалася, марна (адзнака 0:31).

Віталь Лісаковіч, «Рубін» (Расія, Д2)

12 сакавiка форвард забіў свой дзявяты мяч у сезоне – ён найлепшы па гэтым паказчыку ў «Рубіне» і другі ў лізе (больш толькі ў баснійскага форварда «Балтыкі» Гедэона Гузіны – 11 галоў). 25-гадовы гулец адкрыў лік на другой хвіліне матчу супраць ульянаўскай «Волгі»: пасля яго ўдару з-за межаў штрафной мяч рыкашэтам ад абаронцы гасцей заляцеў за спіну беларускаму галкіперу Андрэю Клімовічу.

Гол Лісаковіча застаўся адзіным у матчы – «Рубін» працягвае ісці на другім месцы расійскага Д2 з адставаннем ад лідара «Балтыкі» на чатыры ачкі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты