Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Знайшоўся бос клуба з Жыткавічаў, да якога было шмат пытанняў па фінансах: жыве ў Польшчы, будуе кар'еру 9-гадоваму сыну (паказваў яго ў ПСВ і «Барусіі»)

Знайшоўся бос клуба з Жыткавічаў, да якога было шмат пытанняў па фінансах: жыве ў Польшчы, будуе кар'еру 9-гадоваму сыну (паказваў яго ў ПСВ і «Барусіі»)

Падыходы ў Беларусі лічыць саўковымі.

Аўтар — bytribuna com
23 чэрвеня, 12:43
6
Знайшоўся бос клуба з Жыткавічаў, да якога было шмат пытанняў па фінансах: жыве ў Польшчы, будуе кар'еру 9-гадоваму сыну (паказваў яго ў ПСВ і «Барусіі»)

На Youtube-канале "Футмол", аўтарам і вядоўцам якога з'яўляецца кіраўнік прыватнай футбольнай школы ФШМ Мікалай Мурашка, выйшла паўтарагадзіннае інтэрв'ю з Андрэем Мінчуком - бацькам 9-гадовага футбаліста Данііла. Нягледзячы на ўзрост, футбольны шлях дзіцяці ўжо выглядае вельмі каларытным. Ён вучыўся ў найлепшай акадэміі Беларусі, найлепшай акадэміі Польшчы, заслугоўваў станоўчыя водгукі ў акадэміях ПСВ і Дортмунда - так гаворыць яго бацька, які і сам з'яўляецца футбольным персанажам.

Футболам Данііл Мінчук пачаў займацца ў школе "Мінска", дзе правёў год. Потым, паводле слоў бацькі юнага футбаліста, сям'я "з пэўных прычын" была вымушаная пераехаць у Польшчу.

Данііл быў залічаны ў акадэмію гданьскай "Лехіі", дзе, зноў жа па словах бацькі, ад самага пачатку вылучаўся сярод аднагодкаў. Далей сям'я пераехала ў Шчэцын, які знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Нямеччынай. Нагодай для пераезду стала тое, што Даніілу прынялі ў акадэмію мясцовай «Погані», якая мае вышэйшы рэйтынг, чым акадэмія «Лехіі», і ўвогуле лічыцца найлепшай у Польшчы. Але і там хлопец не затрымаўся, хаця зноў жа, на думку бацькі, быў адным з лідараў. Прычым растанне ініцыявала сама акадэмія, якая паведаміла пра сваё рашэнне праз смс. Мінчук-старэйшы расказаў, што сына не вельмі добра прынялі ў калектыве.

Пасля Шчэцына Данііл пабываў у акадэміях двух топ-клубаў: ПСВ і дортмундскай «Барусіі». І калі ў ПСВ ездзіў на «дзень адчыненых дзвярэй», куды мог патрапіць любы ахвочы за невялікую плату, то ў «Барусіі» са слоў апавядальніка адбыўся паўнавартасны тыднёвы прагляд, па выніках якога хлопчыка нібы гатовыя былі прыняць, але толькі ў выпадку пераезду ўсёй сям'і. у Нямеччыну. Але пераязджаць у Дортмунд Мінчукі не збіралася. Бацька сямейства патлумачыў такую пазіцыю сярод іншага вялікай колькасцю мігрантаў на вуліцах горада (старэйшая дачка наадрэз адмовілася жыць там) і складанай працэдурай легалізацыі з беларускімі пашпартамі ў Нямеччыне.

Пасля "Барусіі" Мінчукі вярнулася ў Гданьск, дзе Данііл ізноў пачаў выступаць за "Лехію".

Таксама ў перадачы абмяркоўваўся перыяд сына Мінчука ў "Мінску" і розніца ў падыходах да выхавання юных футбалістаў у Беларусі і ў еўрапейскіх краінах.

Беларускія практыкі Мінчук-страшы назваў "саўковымі" і ў якасці прыкладу прывёў гісторыю прагляду свайго сына ў сталічным клубе. Трэнер, які праводзіў адбор, быў гатовы пакінуць Данііла ў камандзе, а вось бацьку іншага дзіцяці ў грубай форме паведаміў пра адмову:

- Калі я размаўляў з трэнерам і ён свой вердыкт агучваў, паралельна падышоў бацька іншага хлопчыка і спытаў, што па іх. І тут я ад трэнера чую такую фразу: «Вам футболам увогуле займацца нельга, лепш няхай на фартэпіяна грае. З яго футбаліста не будзе», - распавёў Мінчук-страшы.

Пасля такіх слоў ён вырашыў не аддаваць сына гэтаму трэнеру, а знайшоў у той жа акадэміі іншага спецыяліста, які трэніраваў дзяцей 2014 года нараджэння (у многіх клубах ёсць некалькі каманд аднаго ўзросту). Вось выпуск з поўнай размовай.

Зрэшты, нават калі дзіця таленавітае так, як пра гэта гаворыць ягоны бацька, да прафесійнага футбола яшчэ вельмі далёка. А вось Мінчук-старэйшы менавіта ў беларускім футболе – персанаж вядомы, хаця і ў лакальных маштабах. У свой час ён быў кіраўніком клуба, чыя гісторыя скончылася не вельмі добра.

Бацька юнага футбаліста - экс-дырэктар клуба Д2, які разваліўся праз даўгі

Андрэй Мінчук з 2014-га па 2019-ы кіраваў клубам ЮАС з Жыткавічаў, які адзін сезон нават правёў у Д2, але неўзабаве спыніў існаванне праз даўгі.

У часы выступаў у другой лізе Мінчук нават сам выходзіў на поле (у дзяцінстве ён займаўся ў Жыткавіцкай ДЮСШ), праўда, рабіў гэта выключна праз вартае жалю становішча каманды. Першыя тры сезоны ЮАС гібеў і знаходзіўся ў самым нізе табліцы Д3. Сезон-2016 быў завершаны на апошнім радку з адным ачком (адна нічыя ў 24 матчах) і розніцай мячоў 8-124. Мінчук прызнаваўся, што некалькі разоў парываўся расфармаваць каманду, але кіраўніцтва АБФФ на чале з Сяргеем Румасам штораз пераконвала гэтага не рабіць і нават аказвала праекту падтрымку.

Перад сезонам-2017 ЮАС змяніўся. У каманду запрасілі некалькіх дасведчаных па мерках мінорных ліг выканаўцаў, што дало магчымасць узляцець з апошняга радка на першы па выніках чэмпіянату. Ад пуцёўкі ў першую лігу было вырашана не адмаўляцца.

Мінчук запрашаў на пасаду галоўнага трэнера Юрыя Пунтуса, але той хацеў працаваць бліжэй да Мінска. У выніку ў Д2 клуб павёў экс-трэнер мінскага «Дынама» Уладзімір Гольмак. Там каманда не згубілася і фінішавала 10-й з 15, апярэдзіўшы "Смаргонь", "Хвалю", "Баранавічы", "Оршу" і "Чысць". Але зноў пачаліся праблемы з фінансамі: гульцы ЮАС па паўгода не бачылі заробку, а па стане на канец сезона даўгі склалі каля 70 тысяч долараў. Прычым, даўгі не толькі перад футбалістамі і трэнерскім штабам, але і перад раённым спажывецкім таварыствам, камунальнікамі і мясцовым гатэлем.

Хоць ЮАС і захаваў прапіску ў Д2 па спартыўным прынцыпе, але сезон-2019 ізноў пачаў у Д3 - АБФФ праз даўгі не выдала клубу ліцэнзію, хоць Мінчук ізноў прасіў аб дапамозе федэрацыю (тады ёй ужо кіраваў Уладзімір Базанаў), запэўніваючы, што ніколі не быў да яе ў апазіцыі. Па выніку ў Доме футбола нічым не дапамаглі, а клуб, пагуляўшы паўсезона ў другой лізе, зняўся з першынства.

Праблемы з даўгамі ў Мінчука былі і па-за футболам

З фінансавымі праблемамі Мінчук сутыкаўся і ў іншых сваіх праектах. У 2011-м ён разам з партнёрамі стварыў кампанію "ЮА-Буд", якая займалася будаўніцтвам і продажам піламатэрыялаў. Неўзабаве "ЮА-Буд" узяўся за мантаж газаправодаў. Гэта і прывяло да праблем: Мінчук закупіў неабходнае для гэтага абсталяванне, аднак не здолеў разлічыцца за яго ў тэрмін. Пазыкі збіраліся, а фірма пагашала іх з вялікімі затрымкамі.

У пачатку 2014-га даўгі кампаніі Мінчука складалі каля 400 тысяч долараў. Кіраўніцтва брэсцкай канторы "Белбуд", якой "ЮА-Буд" быў вінен каля 100 тысяч долараў, звярталася ў так званыя праваахоўныя органы, што прывяло да судовых разбіральніцтваў.

- Няхай Мінчук назаве хоць адно прадпрыемства, якое пайшло яму насустрач і з якім ён у выніку разлічыўся. Я вам таксама іх назаву. Гэта "Нефрыт", "Нефрыт-М" і жыткавіцкі леспрамгас. Гэта ўсё падкантрольныя і афіляваныя Мінчуку фірмы. Заснавальнікамі ў іх з'яўляюцца альбо ён, альбо ягоная жонка, альбо сваякі. Сітуацыя вельмі простая: спадар Мінчук кінуў усіх, - казаў кіраўнік «Белбуд» Генадзь Бяззубенка.

У профілі выпускніка Акадэміі МУС у LinkedIn паведамляецца, што з лістапада 2015 года ён з'яўляецца кіруючым дырэктарам літоўскай фірмы UAB Beloga. Якую дзейнасць вядзе гэтая фірма, па адкрытых крыніцах знайсці так і не атрымалася.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты