Tribuna/Тэніс/Блогі/Пинта-Шминта/Cабаленка або Швёнтэк? Хто скончыць сезон на вяршыні рэйтынгу WTA

Cабаленка або Швёнтэк? Хто скончыць сезон на вяршыні рэйтынгу WTA

Расклады на выніковы турнір.

Аўтар — KentYara98
28 кастрычніка, 15:28
Cабаленка або Швёнтэк? Хто скончыць сезон на вяршыні рэйтынгу WTA

Выніковы тэнісны турнір WTA Finals, які збірае лепшых тэнісістак свету, пройдзе з 29 кастрычніка па 6 лістапада ў Канкуне. Мексіканскі курорт даволі нечакана абышоў заяўкі Чэхіі і Саудаўскай Аравіі.

Цікава, што з 2019 года Выніковы турнір павінен быў на працягу дзесяці гадоў праходзіць у кітайскім Шэньчжэне. Карэктывы ўнесла гісторыя з кітайскай тэнісісткай Пэн Шуай. У лістападзе 2021-га спартсменка абвінаваціла віцэ-прэм'ера краіны Чжана Гаалі ў сексуальным гвалце. Але паведамленне з абвінавачваннямі было выдалена праз некалькі хвілін пасля публікацыі, а дзяўчына заявіла, што яе не так зразумелі. А затым перастала выходзіць на сувязь – яна літаральна знікла.

Тады WTA заявіла, што больш не будзе арганізоўваць турніры ў Кітаі. І трымала слова да апошняга, пакуль у красавіку 2023-га не адмяніла сваё рашэнне. Як заявіў выканаўчы дырэктар WTA Стыў Сайман, Пэн Шуай у бяспецы і прадстаўнікі арганізацыі «ведаюць, дзе яна знаходзіцца». Але Выніковы турнір у Кітай пакуль не вярнулі.

У Канкуне-2023 гарантавана будзе новая чэмпіёнка Выніковага турніру. У мінулым сезоне пераможцай стала Каралін Гарсія, якая абгуляла ў фінале Сабаленку. Але калі беларуска зараз займае першае месца ў рэйтынгу, то Гарсія вылецела з топ-10 і абараніць свой тытул не зможа.

Акрамя барацьбы за тытул Сабаленка будзе змагацца і за званне першай ракеткі свету з Швёнтэк. Пакуль беларуска апярэджвае канкурэнтку на 630 ачкоў, але за выйгрыш трафея ў Канкуне можна зарабіць 1500 балаў.

WTA прадставіла расклады, пры якіх на вяршыню падымецца тая ці іншая тэнісістка па выніках мексіканскага турніру. Так, Сабаленка застанецца першай ракеткай свету, калі:

- выйграе два з трох матчаў на групавым этапе і выйдзе ў фінал;

- выйграе ўсе матчы на групавым этапе або выйдзе ў фінал, а Швёнтэк пры гэтым прайграе хоць адзін паядынак у групе;

- выйграе два з трох матчаў у групе, а Швёнтэк прайграе два матчы на групавым этапе.

Швёнтэк верне сабе першы радок, калі:

- заваюе тытул або дойдзе да фіналу без паражэнняў у групе, а Сабаленка пры гэтым прайграе ўсе тры паядынкі на групавым этапе;

- заваюе тытул, а Сабаленка выйграе адзін матч у групе;

- заваюе тытул і выйграе не менш за два матчы ў групе, а Сабаленка выйграе два матчы з трох на групавым этапе;

- заваюе тытул без паражэнняў на групавым этапе, калі Сабаленка выйграе тры матчы ў групе.

Па выніках лёсавання Сабаленка ўзначаліла групу «Бакалар», у якую таксама ўвайшлі Алена Рыбакіна, Джэсіка Пегула і Марыя Сакары.

У групе «Чэтумаль» галоўнай інтрыгай стане матч Ігі Швёнтэк і 19-гадовай чэмпіёнкі US Open Кары Гаўф. У гэтым квартэце таксама выступяць Онс Жабер і Маркета Вандроўшава.

Ні адна з сёлетніх удзельніц яшчэ не перамагала на WTA Finals.

Агульны прызавы фонд турніру складзе 9 млн. долараў. Для параўнання: леташні сумарны фонд у амерыканскім Форт-Уэрце быў амаль у 2 разы сціплей – 5 млн. даляраў.

Пераможца можа зарабіць 3 024 000 долараў, калі не прайграе ніводнага матча па ходу спаборніцтваў.

За ўдзел кожная спартсменка атрымае 198 000 долараў плюс столькі ж долараў за кожную перамогу на групавым этапе. Калі дзяўчына выходзіць у паўфінал, яна атрымлівае дадатковыя 54 000 долараў. Перамога ў паўфінале прыносіць дадатковыя 756 000 долараў. Перамога ў фінале дадае ў скарбонку дадатковыя 1 476 000 долараў.

Нядрэнная матывацыя.

Іншыя пасты блога

Усе пасты