Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/«Калі заўзятары скінуцца, мы пакрыем усе даўгі». Бос «Шэфілд Уэнсдэй» спрабаваў арыгінальна вырашыць фінансавыя праблемы, але...

«Калі заўзятары скінуцца, мы пакрыем усе даўгі». Бос «Шэфілд Уэнсдэй» спрабаваў арыгінальна вырашыць фінансавыя праблемы, але...

Такі вось вынік.

Аўтар — KentYara98
7 лістапада, 11:39
«Калі заўзятары скінуцца, мы пакрыем усе даўгі». Бос «Шэфілд Уэнсдэй» спрабаваў арыгінальна вырашыць фінансавыя праблемы, але...

Тайскі бізнесмен і ўласнік англійскага футбольнага клуба «Шэфілд Уэнсдэй» Дэйфан Чансіры знайшоў арыгінальны спосаб вырашыць фінансавыя праблемы праекту. Ён прапанаваў фанатам скінуцца па 100 фунтаў (каля 390 беларускіх рублёў), а калі фінансавая сітуацыя палепшыцца - паабяцаў вярнуць грошы з працэнтамі.

«Калі б 20000 фанатаў далі нам па 100 фунтаў, то мы атрымалі б 2 млн. фунтаў. Гэтага хопіць, каб пакрыць даўгі. Гэта трэба зрабіць да 10 лістапада, інакш мы атрымаем бан на тры наступныя трансферныя акны», - сказаў Чансіры.

Даўгі клуба ўтварыліся праз нявыплату заробкаў гульцам і запазычанасцяў перад падатковай службай Вялікабрытаніі. За гэта на клуб наклалі трансферны бан. Сам уласнік «Шэфілда» перакананы, што дрэнны фінансавы стан клуба звязаны з сусветным эканамічным крызісам, які выкліканы наступствамі кавіда і ваенных канфліктаў.

Сваёй віны ў неэфектыўнай працы праекту бізнесмен не бачыць і лічыць, што папракаць і патрабаваць ягонага сыходу могуць толькі тыя, хто ўкладзецца ў клуб.

Вяртаючыся да ідэі Чансіры, варта адзначыць, што прэцэдэнты, калі фанаты ўдзельнічалі фінансава ў жыцці тых ці іншых клубаў, ужо здараліся. Заўзятары берлінскага «Уніяна» здавалі кроў, каб выратаваць каманду ад банкруцтва. Фанаты «Уімблдона» сабралі больш за 4 млн. фунтаў на будаўніцтва стадыёна. Але далей за ўсіх пайшлі фанаты «Лутана» - яны выкупілі акцыі афшорнай кампаніі-крэдытора, якой завінаваціўся іх клуб. Гэта дазволіла ўплываць на клубныя рашэнні і пасля нядоўгай барацьбы выправадзіць жахлівага ўласніка.

Сітуацыя ў «Шэфілдзе» падобная да «лутанскай»: фанаты вінавацяць ва ўсіх праблемах уласніка, наконт чаго нават ладзілі пратэсты, – так што ініцыятыва Чансіры не знайшла падтрымкі ў іх шэрагах.

У выніку бізнэсмэн самастойна знайшоў грошы і аплаціў даўгі «Шэфілда». Забарона на трансферы з каманды знятая.

Іншыя пасты блога

Усе пасты