Tribuna/Іншыя/Блогі/Пинта-Шминта/Гэты беларус – проста монстр: за год наведаў 201 футбольны матч на 69 арэнах, а яшчэ – 122 матчы з іншых відаў спорту

Гэты беларус – проста монстр: за год наведаў 201 футбольны матч на 69 арэнах, а яшчэ – 122 матчы з іншых відаў спорту

А якую статыстыку маеце вы?

Аўтар — KentYara98
25 снежня, 15:32
1
Гэты беларус – проста монстр: за год наведаў 201 футбольны матч на 69 арэнах, а яшчэ – 122 матчы з іншых відаў спорту

Былы прэс-сакратар мінскага «Дынама» Раман Шаўцоў у сацсетцы Х (былы Twitter) распавёў, што за 2023 год наведаў 201 футбольны матч на 69 стадыёнах у 9 краінах. Акрамя футбола ён паспеў наведаць 122 матчы ў іншых відах спорту, з якіх 100 – баскетбольныя.

Словы падмацаваныя фотаздымкамі і ўспамінамі. Атрымаўся грунтоўны трэд, які ў прыхільнікаў спорту можа выклікаць толькі зайздрасць.

«Студзень - час хакея і баскетбола. Шмат разоў выкладваў прыгажосць з баскетбольнага Каўнаса і Вільні, але не паказваў, якая класная хакейная арэна знаходзіцца ў 50 км ад Вільні. Там гуляе «Энергія» з Эляктрэная. На фота мала людзей, бо будні, але ў выходныя прыходзяць 1-2 тысячы».

«Люты - гэты плэй-оф еўракубкаў (Шахтар - Рэн).

Пасля мы паехалі на поўнач Італіі. Там я патрапіў на турынскае дэрбі (дзіўна, але солд-аўту не было), паглядзеў Мілан - Аталанта разам з 72 тысячамі і мамай Маска, а яшчэ наведаў старажытную Верону і іх старэнькі стадыён Бентэгодзі».

«Сакавік. Наступны прыпынак - Эль Класіка і поўнач Іспаніі. У кубкавым Класіка я патрапіў не на той матч (Рэал прайграў 0:1, але ў другім матчы разграміў Барсу 4:0).

На адным фота [таварыш] паказвае сцюарду сцяг, бо той вырашыў праверыць, ці не нейкія мы баскскія сепаратысты)».

«Анаэта» пасля рэканструкцыі цудоўная, стадыён «Бургаса» і «Асасуны» парадаваў, а заўзеннем фанаў «Вальядаліда» я быў шчыра ўражаны. І іх фіялетавым колерам! Коштам таксама быў уражаны, але 40-50 еўра за квіток у Іспаніі падобна на норму, бо такое ледзь не паўсюль».

«Яшчэ сакавік - гэта час 1/8 Лігі Канферэнцый. «Шахтар» у Варшаве згуляў унічыю супраць свайго будучага трэнера, «Жальгірыс» прайграў будучаму фіналісту Еўралігі «Алімпіякосу», а яшчэ ў Літве стартаваў мясцовы футбольны чэмпіянат».

«Красавік. Тут я раптоўна вырашыў ехаць на Лех - Фіярэнціна. Калі ў цябе няма абанемента на «Лех», набыць квіток на гэты матч 1/4 ЛК амаль немагчыма. У мяне атрымалася цудам, бо ў першую хвіліну продажу я быў на сайце і забраў 2 з прыкладна 400 вольных квіткоў у продажы».

«Але ж ехаць так далёка толькі дзеля аднаго матча дзіўна, так?

Таму далей былі «Варта» ў Гродзіску-Велькапольскім з яе драўлянай трыбунай 1920-х, «Карона» з Кельцаў, дзе ўвесь стадыён скандаваў «Шы-каў-ка!» пасля голу Жэні на 95-й хвіліне, і матч Легія - Лех з Сашам Івуліным».

«Наступны прыпыначак зноў атмасферны. Капец як люблю дэрбі Осла, большай прыгажосці ў гэтым годзе, напэўна, не бачыў. На трыбунах спалілі кілаграмаў 20 піратэхнікі. І матч што трэба - Валярэнга і Лілёстром скончылі з лікам 3:4».

«Другі піратэхнічны прыпынак - гэта фінал кубка Польшчы. Ну, тут усё зразумела, тым больш, што ў варшаўскім фінале была Легія».

«На наступны дзень, 3 траўня, у Каўнасе быў чвэрцьфінал Еўралігі. 2023 - самы мой Еўраліжны год!

Каўнас і баскетбол гэта ўвогуле як сінонімы, а калі ў Каўнас на плэй-оф прыязджае «Барселона» з каўнаскай легендай - ну, тут проста закрывай вушы, накрывайся лапухом».

«А праз тыдзень пачаўся чэмпіянат свету па хакеі ў Рызе. Не даехаць на хакей, калі ён так блізка - проста злачынства!

Яшчэ ў студзені я набыў квіткі на 4 матчы, але, як гэта заўсёды бывае, я так кайфануў, што яшчэ на месцы набыў на пяты».

«Я быў на матчы, дзе латышы прайгралі канадцам 0:6. Перад Славакія - Латвія таксоўшчык даказваў, што трэнера трэба звальняць, бо няма ні гульні, ні атакі. А я абараняў Вітоліньша, бо ўсё ёсць, а згуляць смела супраць Канады важней за разгром.

Латышы выйгралі бронзу на тым ЧС».

«18-21 траўня - самыя баскетбольныя дні ў маім жыцці.

У Каўнасе праходзіў Фінал чатырох Еўралігі + фінал юнацкай Еўралігі. Я наведаў усе гульні, прычым 19 траўня матчаў было ажно 6. Хадзіў як на працу, карацей :)

Рэал перамог у абодвух турнірах, і, божа, які ж я быў шчаслівы».

«Ф4 крыху не хапіла турэцкіх ці ізраільскіх фанаў, бо з Іспаніі прыехала зусім мала, ну а з Манака ўсё зразумела. Атмасферу ратавалі толькі грэкі.

Але за атмасферу тытул не даюць, а вось за вырашальны пераможны кідок Луля за 3 секунды да канца - даюць!»

«Канец траўня-першая палова чэрвеня - гэта час плэй-оф у літоўскім баскетболе. Няма нічога лепшага за плэй-оф, гэта я вам дакладна кажу.

У гэтым годзе быў класічны фінал Жальгірыс - Рытас (галоўнае літоўскае дэрбі), але ж якая там была драма, які накал!»

«Серыя да 3 перамог скончылася з лікам 3:2, а ў пятым матчы натуральна да апошняй хвіліны не было зразумела, хто стане чэмпіёнам.

На вырашальны матч прадалі 15 тысяч квіткоў (солд-аўт), а з Вільні прыехалі 1500-2000 фанаў Рытас.

Жальгірыс перамог на апошняй хвіліне».

«У чэрвені я вандраваў па Літве і заглянуў на адзін дзень у Талін на Эстонія - Бельгія.

А ў Літве патрапіў на стадыён імя Вітаўта і на матч найстарэйшага літоўскага клуба, які гуляе ў Д3».

«Найлепшае, што можа быць у літоўскім футболе - гэта час еўракубкаў. Тады і больш людзей прыходзіць, і фанаты актывізуюцца, і атмасфера неверагодная.

У ліпені ў Літву прыязджалі македонскія Струга і Шкупі, а ў Вільню на Лігу чэмпіёнаў - Галатасарай».

«Яшчэ ў ліпені я праехаўся па Латвіі і Эстоніі ды наведаў там 5 стадыёнаў ў Таліне, Рызе, Валміеры, Тукумсе і Елгаве. Найбольш эпічна было ў Валміеры (па спасылцы відэа)».

«У жніўні ў Каўнас на Лігу канферэнцый прыехаў Лех, а ў Вільню на Лігу Еўропы шведскі Хэкен.

Перад баскетбольным ЧС зборная Літвы прывезла ў Вільню віца-чэмпіёнаў Еўропы - зборную Францыі.

А ў Осла мы яшчэ разок заглянулі на «Валярэнгу». Праўда, без дэрбі там не так цікава».

«У верасні катаўся па Літве - у невялікі горад Кайшадорыс на Д3, у Шаўляй на жаночую Лігу чэмпіёнаў, у Каўнас на зборную Літвы і хакей. Такое, карацей, па дробязях :)»

«Затое ў кастрычніку як адарваўся! Пакатаўся па Іспаніі: завітаў на Бернабеў, прыехаў на хатнія матчы Леганеса, Вільярэала, Эльчэ, баскетбольнай Валенсіі.

Стадыён Вільярэала вельмі ўразіў, такі ўжо цудоўна жоўценькі і керамічны, я не магу. А ў Эльчэ адчуваецца сапраўдны олдскул!»

«Але ледзь не ўпершыню я ехаў у вандроўку не дзеля футбола, а дзеля баскетбола. Бо ў Мадрыд прыехаў Далас з Дончычам.

Вось так пажывеш у Літве пару гадоў - і ўсё, такі ўжо баскетбольны фанат, я не магу!

Але матч класны і Дончыча зноў убачыць было вельмі прыемна».

«Яшчэ з класнага ў кастрычніку: пачаўся новы сезон Еўралігі, а ў Рызе зганяў на фінал кубка. Там было рыжскае дэрбі - той унікальны момант, калі сярэдняя наведвальнасць у Латвіі складае 300-400 чалавек, але дэрбі Рыгі перыядычна збірае 5 тысяч. Усё як мае быць: перф, піра, кубак!»

«У лістападзе футбол быў ад Лігі чэмпіёнаў у Гамбургу (Шахтар перамог Барселону) да рэгіянальнага ўзроўню ў літоўскай вёсцы. Але, слухайце, ну там сапраўды ж антуражна!

А, яшчэ зганяў у Трокі на футбол. І там таксама, божухна, ну які ж краявід футбольны!»

«Ну а снежань - гэта час пад дзень народзінаў паехаць кудысьці на футбол. У чацвер не ў тыдзень еўракубкаў мала дзе гуляюць, таму выбар быў не тое каб вялікім.

Але ратэрдамскі Феенорд - гэта класна. А пасля былі Аякс, Дэн Хааг і Вітэс, дзе арол перад матчам лётае. Проста агонь!»

«Футбольны год скончыў у Берліне матчам Уніон - Рэал.

Было чырвоненька. І вельмі прыгожа, атмасферна і гучна.

Хаця было б значна круцей, калі б матч праводзілі на Альтэн Фёрстэрай (там у выніку згулялі Юнацкую лігу УЕФА пры 20 тысячах заўзятараў)»

«Да канца года, напэўна, наведаю яшчэ пару баскетбольных матчаў. Агулам за год розных матчаў набралося больш за 320 (футбольных - 201, баскетбольных - 100+).

Буду глядзець гэты трэд пры першых думках пра тое, які няўдалы ў мяне быў 2023 год».

Іншыя пасты блога

Усе пасты