Tribuna/Іншыя/Блогі/Пинта-Шминта/Школа, якую заснавала жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі, ахвяравала буйную суму анкахворым – і закрылася

Школа, якую заснавала жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі, ахвяравала буйную суму анкахворым – і закрылася

Развiтальны жэст.

Аўтар — KentYara98
28 снежня, 03:24
Школа, якую заснавала жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі, ахвяравала буйную суму анкахворым – і закрылася

На днях у сацсетках аднаго з праектаў беларускага фонду «КіндэрВіта» з'явіўся пост пра тое, што ў падтрымку арганізацыі паступіў буйны дабрачынны перавод – 31 тысяча беларускіх рублёў.

Гэтую суму ахвяравала анлайн-школа маркетынгу MIRA SCHOOL, адной з заснавальніц якой была жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі. Надзея Мялешка стала вядомай дзясяткам тысяч людзей не толькі праз свой праект, у якім, як было заяўлена на старонцы, навучаюць дыстанцыйным прафесіям з нуля. У пачатку 2020-га жанчына распавяла, што ў яе дыягнаставалі рак грудзей. У сваіх сацсетках яна дэтальна расказвала пра сваё лячэнне і тыя цяжкасці, якія пераадольвала.

23 сакавіка 2023 года стала вядома, што Надзеі не стала – пост з трагічнай весткай ад яе імя апублікавалі ейныя калегі.

MIRA SCHOOL як праект працягнуў існаваць пасля смерці Надзеі, аднак пратрымаўся ўсяго некалькі месяцаў. 20 кастрычніка ў сацсетках зʼявілася інфармацыя аб тым, што школа ліквідуецца, а акаўнт «апускаецца ў цішыню».

У снежні гэтую інфармацыю пацвердзіла і сузаснавальніца школы Міла Літвінская:

«Пасля сыходу Надзеі мы далі ўсім жадаючым апошнюю магчымасць атрымаць анлайн-прафесію і выпусцілі яшчэ пару курсаў. Але ўсё ж без Надзі Мялешкі школу цяжка ўявіць. Яна была яе душой, таму прынялі такое няпростае рашэнне».

Дабрачынны перавод – гэта ўчынак, якім каманда школы хацела завяршыць праект і які, па меркаванні калег, ўзрадаваў бы Надзею Мялешка, бо і яна падтрымлівала людзей з анказахворваннямі (нават заснавала спецыяльны фонд «Надзея», але не паспела яго зарэгістраваць афіцыйна).

Паводле Літвінскай, падтрымаць праект «КіндэрВіты» прапанавалі родныя Надзеі і вучні анлайн-школы. Гэтая рэкамендацыя была не выпадковай. Кіраўніца дабрачыннай арганізацыі Надзея Манцэвіч была асабіста знаёмая з Надзеяй Мялешкай і дапамагала ёй з арганізацыяй працы фонду «Надзея».

«Я шчыра спадзяюся, што пералічаныя грошы дапамогуць адным перамагчы хваробу, а іншым – не адчуць той боль страты, што перажылі родныя, каманда і сябры Надзі Мялешкі, – кажа Літвінская.

Гэтая навіна засмуціла шматлікіх выпускнікоў школы.

Пасля паведамлення аб ліквідацыі Літвінская правяла прамы эфір на інстаграм-старонцы школы, у якім абмеркавала, «чаму мары не спраўджваюцца».

У баку ад гэтых падзей застаўся муж Надзеі. Былы хакеіст не вядзе актыўнае жыццё ў сацыяльных сетках, але, мяркуючы па ўсім, у ліпені разам з сынамі прыязджаў у Мінск.

На фота Мялешка - з былымі партнёрамі па «Кераміну» Яраславам Чупрысам (крайни злева) і Андрэем Міхалёвым (трэці справа), абодва з'яўляюцца падпісантамі за дыктатуру. Таксама ім кампанію склаў капітан зборнай Беларусі Андрэй Міхалёў.

Затым Мялешка пабываў з сынамі ў харвацкім Дуброўніку.

Апошні пост, у якім ёсць згадка пра Дзмітрыя Мялешку, зроблены Віталём Кімам, які сам сябе называе «экспертам па інвестыцыях і партнёрам кампаніі Darwin Enterprise» (хоць на сайце кампаніі ён значыцца як эксперт па нерухомасці). У пасце Кім анансуе прамы эфір па пытаннях арбітражу.

Старэйшы сын Надзеі Ілья працягвае займацца хакеем у Нямеччыне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты