Tribuna/Хакей/Блогі/Пинта-Шминта/74 тысячы цацак на лёдзе! Былы клуб Протаса зноў зладзіў рэкордны «мішкапад»

74 тысячы цацак на лёдзе! Былы клуб Протаса зноў зладзіў рэкордны «мішкапад»

Тое самае зрабілі ў Гомелі, але пра колькасць прамаўчалі.

Аўтар — KentYara98
11 студзеня, 17:20
1
74 тысячы цацак на лёдзе! Былы клуб Протаса зноў зладзіў рэкордны «мішкапад»

7 студзеня фарм «Вашынгтона» «Хершы», з якой беларус Аляксей Протас заваяваў у мінулым сезоне золата АХЛ, сустракалася з «Ліхай Вэлэй». На 5-й хвіліне другога перыяду лік сустрэчы адкрыў расійскі нападаючы «мядзведзяў» Багдан Трынееў. Ягоная шайба стала сігналам да пачатку Teddy Bear Toss або «кіданне плюшавага мядзведзя».

Teddy Bear Toss – папулярная калядная акцыя, падчас якой заўзятарам прапануецца прынесці на гульню плюшавых мядзведзяў або іншыя мяккія цацкі і кінуць іх на лёд, калі каманда гаспадароў заб'е першы гол. Цацкі збіраюць і перадаюць у падарунак лякарням і дабрачынным арганізацыям.

Канцэпцыя акцыі зарадзілася ў камандзе «Камлупс Блэйзерс» больш як 30 гадоў таму, а першы зарэгістраваны выпадак кідання плюшавых мішак адбыўся 5 снежня 1993-га , калі заўзятары адправілі на лёд больш за 2400 цацак.

Традыцыя хутка распаўсюдзілася не толькі ў Канадскай юнацкай лізе, але і за ейнымі межамі. «Хершы» стаў удзельнічаць у акцыі з 2001 года, а апошнія пару гадоў заняты тым, што абнаўляе ўласныя рэкорды. Спачатку было 34 тысячы мядзведзікаў, потым у снежні 2019-га – 45 тысяч, а пасля ўсіх пандэмій – у студзені 2022-га –  52 тысячы. У мінулым сезоне заўзятары прынеслі на арэну 67 тысяч цацак, а сёлета яны зноў зрабілі гэта – абнавілі дасягненне, даслаўшы на лёд 74599 цацкі!

Для заўзятараў гэта асаблівы момант - шмат хто прыходзіў на гульню з вялікімі пакетамі.

Прыносілі цацкі і самі гульцы.

Хоць акцыя і праходзіць штогод, кожны раз ейны маштаб здзіўляе.

Цацкі кідалі на лёд бесперапынна на працягу 10 хвілін, а збіралі іх у 5 разоў даўжэй.

Задавальненне ад працэсу атрымліваў нават маскот клуба, якога не адразу можна знайсці на фота.

Гульцы таксама не забывалі весяліцца, а што яшчэ застаецца рабіць, пакуль гульня стаіць на паўзе.

Некаторыя мядзведзі памерамі былі большымі за хакеістаў.

Сабраныя цацкі накіруюць 35 мясцовым дабрачынным арганізацыям у межах клубнай праграмы Hershey Bears Cares. А фонд Sweigart Family дадаў да гэтага 55 тысяч долараў для арганізацыі Childrenʼs Miracle Network Hershey. Усяго за час правядзення акцыі «Хершы» сабраў 464107 мяккіх цацак.

А матч, дарэчы, «Хершы» выйграў у авертайме з лікам 3:2.

Цікава, што 6 студзеня такую ж акцыю правёў хакейны «Гомель». Праўда, тут не абышлося без сваёй спецыфікі – «мішкапад» пачаўся толькі пасля фінальнай сірэны. Пра колькасць сабраных цацак не нічога не паведамлялася.

Іншыя пасты блога

Усе пасты