Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Былы гулец зборнай Нідэрландаў дасылаў калегам па «Аяксе» дзікпікі – а беларусам калісьці паказаў шыкоўны гол на «Дынама»

Былы гулец зборнай Нідэрландаў дасылаў калегам па «Аяксе» дзікпікі – а беларусам калісьці паказаў шыкоўны гол на «Дынама»

Быў ён на полі, і калі забіваў Герасімец.

Аўтар — KentYara98
12 студзеня, 07:12
Былы гулец зборнай Нідэрландаў дасылаў калегам па «Аяксе» дзікпікі – а беларусам калісьці паказаў шыкоўны гол на «Дынама»

У лютым 2022-га ў Нідэрландах грымнуў скандал, звязаны з футболам, – мясцовая газета NRC атрымала звесткі, што на той момант дырэктар «Аякса» па футбольных пытаннях Марк Авермарс адпраўляў супрацоўніцам клуба фатаграфіі свайго чэлеса. Акрамя рассылання дзікпікаў адзначаліся і дзіўныя паводзіны функцыянера на адрас жанчын – ён часта адпускаў недарэчныя каментары, сталкерыў (то-бок праяўляў навязлівую ўвагу), дасылаў мноства паведамленняў у сацсетках. За такія паводзіны Авермарсу нават далі мянушку Geilneef – нідэрландскае слова, што абазначае мужчыну, які праяўляе сэксуальна дакучлівыя паводзіны.

Прадстаўнікі «Аяксу» звязваліся з NRC яшчэ да выхаду матэрыялу. Не вядома, чаго хацеў дабіцца клуб, але пасля публікацыі ён развітаўся з менеджарам. Сам Авермарс так пракаментаваў свой сыход:

«Мне сорамна. Мае паводзіны асудзілі, і я зразумеў, як яно ўплывала на іншых. На жаль, я не ўсведамляў, што перайшоў мяжу, але цяпер мне гэта зразумела. Я прашу прабачэння. Разумею, для чалавека майго статусу такія паводзіны непрымальна. Але занадта позна».

Адным звальненнем справа не абмежавалася – інстытут спартыўнай юрысдыкцыі, вывучыўшы больш за 300 старонак паведамленняў у месенджары, якія ахоплівалі перыяд больш як 3,5 гады, прыняў рашэнне адхіліць Авермарса на два гады (адзін – умоўна) ад любой футбольнай дзейнасці ў Нідэрландах.

Пакуль прымалася гэтае рашэнне, менеджар паспеў уладкавацца ў бельгійскім «Антвэрпэне» – усё ж акрамя «дзікпікаў» Авермарс запомніўся і якаснай трансфернай працай у «Аяксе». Праўда, 10 студзеня 2024 года стала зразумела, што і гэтую працу спецыялісту давядзецца пакінуць – дысцыплінарны камітэт ФІФА таксама наклаў санкцыі на нідэрландца і бліжэйшы год яму забаронена займаць якія-небудзь пасады ў прафесійным футболе.

Сёння Марк Авермарс мае вельмі кепскую славу, а калісьці меў славу выбітнага футбаліста. Ён запальваў у такіх топавых клубах як «Аякс», «Арсенал» і «Барселона». У чэрвені 1995-га 22-гадовы паўабаронца ў складзе зборнай Нідэрландаў прыязджаў у Мінск. Тады ў матчы адборачнага турніру да Еўра-1996 беларусы пры 37 тысячах заўзятараў сенсацыйна перамаглі 1:0. Адзіны гол на свой рахунак запісаў Сяргей Герасімец. Напэўна, усе помняць тую гульню.

За два тыдні да таго Авермарс разам з «Аяксам» стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

Ён і пазней прыязджаў у Беларусь у складзе зборнай. 7 чэрвеня 2003-га 30-гадовы нідэрландзец прадэманстраваў на «Дынама» свае найлепшыя якасці: выйшаў на замену на 60-й хвіліне, а ўжо праз хвіліну сышоў па чарзе ад Сяргея Гурэнкі, Валянціна Бялькевіча і Андрэя Астроўскага і выканаў па варотах Генадзя Туміловіча шыкоўны дальні удар. Гэта было і балюча, і вельмі прыгожа.

Яшчэ праз сем хвілін адзначыўся Патрык Клюйверт. Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Эдурада Малафеева не здолела нічым адказаць на тыя мячы і саступіла 0:2.

Лепей бы мы ведалі пра Авермарса толкі з гэтага боку.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты