Tribuna/Іншыя/Блогі/Пинта-Шминта/Белспорт зганяюць слухаць пра «выбары»: «Тарпеда-БелАЗ» з кутком для Молаша, «партыец» Цiхан у акрузе памагатага Ярмошынай з АБФФ

Белспорт зганяюць слухаць пра «выбары»: «Тарпеда-БелАЗ» з кутком для Молаша, «партыец» Цiхан у акрузе памагатага Ярмошынай з АБФФ

Расказчык-лукашыст з гандбола сам працэс не адолеў.

Аўтар — Pam-pam
3 лютага, 23:00
Белспорт зганяюць слухаць пра «выбары»: «Тарпеда-БелАЗ» з кутком для Молаша, «партыец» Цiхан у акрузе памагатага Ярмошынай з АБФФ

25 лютага ў Беларусі пройдзе «адзiны дзень галасавання» – «выбары» адразу ў «парламент» Лукашэнкі i ў яго «саветы» розных узроўняў. Пры гэтым насамрэч тое, хто стане рэжымнымi «дэпутатамi» сiстэма распiсвае загадзя – «Наша Нiва» нядаўна расказала падрабязнасцi «працэдуры». Цяпер сiстэма з цяжкасцю намалявала нават бачнасць «канкурэнцыi» – калi ў «парламент» хаця б фармальна iдзе 2,4 чалавека на месца, то на рэгiянальным узроўнi паказчык склаў усяго 1,5 чалавека.

Але ж чынушы як могуць намагаюцца паказаць, што iх «галасаванне» нiбыта нешта вырашае. Даводзяць гэта традыцыйнымi метадамi – прымусовымi сустрэчамi з «працоўнымi калектывамi». Тычыцца гэта i белспорта. Не ўпершыню – напрыклад, два гады таму тузалi на «сходы» па зменах у рэжымную «канстытуцыю».

Цяпер жа «мерапрыемствы» прысвечаныя «выбарам». У прыватнасцi, «размова пра актуальнае», як назвала гэта клубная прэс-служба «Тарпеда-БелАЗ», прайшла ў Жодзіне. Па фота з мерапрыемства цяжка западозрыць, што ў гульцоў гэтая гутарка выклікала шмат энтузіязму.

Галоўны трэнер каманды Дзмітрый Молаш, які заняў месца ў «кутку выбаршчыка», здаецца, таксама думаў пра нешта сваё.

Пра прадказальнасць «выбараў» у Жодзiне кажа просты факт: на 42 з 44 «участках» розных узроўняў ёсць роўна па два «кандыдата», яшчэ на двух – па аднаму. Членам «парламента» Лукашэнкi тут стане месны ваенкам Юрый Марэцкi. На яго месца, як i на тры месцы ў «савеце дэпутатаў» Лукашэнкi па Мiнскай вобласцi, людзi з завода БелАЗ не прэтэндуюць. А вось на 40 месцаў у «савет» па Жодзiне прэтэндэнтаў з прадпрыемства шмат – на некаторых участках яны нават канкуруюць адзiн з адным.

Сярод iншых, iдуць у «дэпутаты» начальнiк упраўлення спартыўна-аздараўленчай працы Уладзiмiр Трацюк (ад прарэжымнай «Белай Русi») i яго намеснiк Сяргей Цюльманкоў. Таксама хоча ў «савет» галоўная па спорце ў выканкаме Лукашэнкi па Жодзiне Вольга Галабародава. А яшчэ ў вочы кiдаецца, што «партыя» вядомага лукашыста Алега Гайдукевiча (таго, у канале якога быў дзiкпiк) на адну з «акругаў» вылучыла «кандыдата», якi ў 2003 годзе быў судзiмы за катаванне – атрымаў два года папраўчых работ па нейкiх змягчальных абставiнах.

Яшчэ адна «сустрэча» адбылася ў Доме гандбола з гульцамі «СКА-Мінск» і «БДУФК-СКА». Тут пра «выбары» расказвалі намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму выканкама Лукашэнкі па Мінску Вольга Бараноўская і былы гандбалiст Андрэй Барбашынскі, якi ў 2020-м быў «даверанай асобай» Лукашэнкi i працягвае падтрымлiваць дыктатара.

На сустрэчу нават выкацілі спецыяльны экран – відаць, толькі для таго, каб вывесці на яго адну карцінку. Гандбалiстаў жа пасадзiлi на трыбуну.

СКА сцвярджае, што ў аўдыторыi нават былi нейкiя пытаннi пра «галасаванне», на якiя адказваў Барбашынскi. Але ж у тэме «выбараў» намкiраўнiка БФГ пацярпеў няўдачу. Лукашыст «вылучаўся» ў «савет» Лукашэнкi па Гродзенскай вобласцi ў родных Ашмянах, дзе нават мясцовая ДЮСШ названая ў яго гонар. Але ж – у сiстэмы ўсё распiсана, i, вiдавочна, гэтым разам Барбашынскi ў планы не ўваходзiў. У канчатковым спiсе кандыдатаў у Ашмянах – адно прозвiшча, «камунiсткi» i супрацоўнiцы мясцовага выканкаму Лукашэнкi Вольгi Барысенка-Рабко.

Дом гандбола знаходзiцца там, дзе ў «парламент» будзе «пераабiрацца» тыповая рэжымнiца Марына Лянчэўская – падтрымка «сiлавiкоў» i «пужалкi» пра Украiну ў камплекце. У «савет» Лукашэнкi па Мiнску на той тэрыторыi iдзе БРСМавец з «Белай Русi» Раман Бандарук. Таксама СКА гуляе ў дварцы спорту «Уручча» – на той тэрыторыi месца ў «парламенце» захавае аднадумец Лянчэўскай, рэжымны «генерал-маёр» запаса Iван Гардзейчык, а ў мiнскi «савет» пойдзе прэс-сакратар «МВД» Лукашэнкi Наталля Сахарчук.

Прайшла сустрэча i ў футбольным «Мінску». Там, праўда, абышліся без прыцягнення спартсменаў – слухаць пра «выбары» прыйшлося іншым супрацоўнікам клуба.

Прыехалi выступаць туды начальніка упраўлення спорту і турызму выканкама Лукашэнкі па Мінску Максiм Варапай і старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан – ён жа па сумяшчальнiцтве член вышэйшага палiтычнага савета «Белай Русi», тут нават не надта намагалiся рабiць выгляд «роўнаснага падыходу».

База «Мiнска» месцiцца па суседству з АБФФ – i па iх акрузе ў «парламент» iдзе старшыня федэрацыйнага кантрольна-дысцыплiнарнага камiтэту Вадзiм Iпатаў. Дзеля гэтага ён сышоў з пасады намкiраўнiка «ЦВК» Лукашэнкi, на якой з 2010 года дапамагаў Лiдзii Ярмошынай з фальсiфiкацыямi розных «выбараў» (пасля яе сыходу захаваў пасаду, але ж «выбараў» з той пары дагэтуль не было). У мiнскi ж «савет» iдзе ад размешчанага недалёка РНПЦ спорту яго кiраўнiца, член «Белай Русi» i выканкама алiмпiйскага камiтэту Лукашэнкi Iрына Малёваная.

Пакуль не паведамлялася пра «сустрэчы» з валейбольнага і баскетбольнага «Мінскаў»,. Аднак на іх сайтах можна знайсці «эксклюзіўнае інтэрв’ю» кіраўніцы верхняй «палаты» «парламента» Лукашэнкi Наталлі Качанавай пра рэжымную iнтэграцыю з Расiяй.

Іншыя пасты блога

Усе пасты