Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Пасля ЧБ можна патрапіць у моцны чэмпіянат (але ж трапляюць не беларусы): як афрыканец, які правёў сезон за Брэст, апынуўся ў Бельгіі

Пасля ЧБ можна патрапіць у моцны чэмпіянат (але ж трапляюць не беларусы): як афрыканец, які правёў сезон за Брэст, апынуўся ў Бельгіі

У 21 год пачаў у Беларусі прафесійную кар’еру, у 23 стаў гульцом «Мехелена».

Аўтар — Pam-pam
4 лютага, 13:00
Пасля ЧБ можна патрапіць у моцны чэмпіянат (але ж трапляюць не беларусы): як афрыканец, які правёў сезон за Брэст, апынуўся ў Бельгіі

2 лютага стала вядома, што экс-абаронца брэсцкага «Дынама» Мунашэ Гарананга падпісаў кантракт з бельгійскім «Мехеленам», які ідзе дзявятым у чэмпіянаце краіны. Партал Transfermarkt сцвярджае, што былы клуб гульца – малдаўскі «Шэрыф» – зарабіў на пераходзе 500 тысяч еўра. Новы кантракт зімбабвійца разлічаны на тры з паловай гады.

«Гэты хлопец хоча інвеставаць у сваю спартыўную кар'еру. Нам пашанцавала, таму што ў адваротным выпадку ён стаў бы пустым марнаваннем грошай. Ім цікавіліся некалькі буйных клубаў. Я з нецярпеннем чакаю, як ён будзе развівацца разам з намі», – сказаў спартыўны дырэктар «Мехелена» Цім Мэціс.

Магчыма, пад буйнымі клубамі менеджар мае на ўвазе казахстанскі «Актобе», пра цікавасць з боку якога пісалі ў студзені.

Наогул, хто ведае, як бы склалася карʼера Гаранангі, калі б аднойчы ён не патрапіў на прагляд у тбіліскае «Дынама». Там яго і заўважыў агент, які здолеў дамовіцца з паўднёваафрыканскай акадэміяй «Убунту Кейптаўн», дзе гуляў зімбабвіец, і прывезці яго на прагляд ужо ў брэсцкае «Дынама». Сяргей Кавальчук упадабаў цэнтральнага абаронцу, якому толькі споўніўся 21 год.

Абаронца да гэтага не выступаў на прафесійным узроўні (але правёў пару матчаў у зборнай Зімбабве U-20), але ў Брэсце яго падпісалі на два сезоны.

Дэбют у Беларусі адбыўся ў сакавіку 2022-га ў чвэрцьфінале Кубка супраць «Віцебска», дзе «Дынама» саступіла з лікам 0:2. А свой першы гол за брэсцкую каманду Гарананга забіў 2 красавіка 2022 года ў матчы чэмпіяната супраць «Іслачы». Дзякуючы таму мячу яго каманда змагла вырваць нічыю.

У наступнай сустрэчы, супраць «Нёмана», зімбабвіец вызначыўся зноў – такі бадзёры старт прадстаўніка абароны ўражваў. Але то быў яго апошні мяч у Беларусі.

Гарананга адразу замацаваўся ў асноўнай камандзе і стаў адным з ключавых абаронцаў калектыва. У Беларусі ён паспеў правесці 24 матчы чэмпіянату і трапіць у топ лігі па колькасці перахопаў. Пры гэтым легіянер дзейнічаў даволі карэктна. Зарабіў у ЧБ усяго чатыры жоўтыя карткі, праўда, дзве з іх - у матчы з «Арсеналам». Пакуль што гэта яго адзінае выдаленне ў кар'еры. Фінальнай кропкай за пяць хвілін да сканчэння матчу стаў удар локцем у твар Арцёму Кійко.

Ужо ў зімовае міжсезонне гулец атрымаў прапанову ад «Шэрыфа», дзе на той момант выступаў яшчэ адзін былы гулец Брэста Габі Кікі. Кантракт, які дзейнічаў з «Дынама», перашкодай не стаў.

Дэбют за малдаўскі клуб здарыўся ў лютым 2023-га года ў матчы Лігі канферэнцый супраць «Партызана». Тады па выніках двух сустрэч (першую Гарананга адгуляў цалкам, у другой атрымаў 20 хвілін) каманда здолела прабіцца ў 1/8 турніру.

Улетку таго ж года пасля вылету з кваліфікацыі ЛЧ ад ізраільскага «Макабі» абаронца разам з «Шэрыфам» адправіўся ў Лігу Еўропы (вы мусіце помніць тое прыніжэнне 1:5, 2:2). Малдаване тады дайшлі да групы ЛЕ, але занялі ў ёй апошні радок. Супернікамі там былі «Рома», «Славія» і «Сервет», і толькі супраць швейцарцаў абаронца правёў няпоўныя матчы. У Італіі «Шэрыф» атрымаў тры мячы без адказу, а ў Чэхіі шэсць. Трэці гол залятаў у браму тыраспальцаў ад нагі Гаранангі і ўвогуле дзякуючы фрызуры ён быў заўважным удзельнікам разгрому.

Усяго за малдаўскі клуб гулец правёў 38 матчаў і вызначыўся двума мячамі. Разам з «Шэрыфам» ён таксама станавіўся пераможцам малдаўскай Суперлігі і ўладальнікам Кубка Малдовы.

У мінулым годзе Гарананга паспеў дэбютаваць за зборную сваёй краіны ў матчы супраць Нігерыі.

Бельгія - гэта зусім іншы ўзровень, аднак адаптацыі ў «Мехелене» можа паспрыяць тое, што ў камандзе ёсць яшчэ адзін зімбабвіец - 21-гадовы вінгер Біл Антоніа. Афіцыйнаму сайту бельгійскага клуба Гарананга заявіў, што разам з Антоніа хадзіў у сярэднюю школу.

Экс-брэстаўчанін так пракаментаваў падвышэнне ў сваіх сацсетках :

«Вы павінны былі ведаць мяне два гады таму, каб зразумець, як Бог змяніў маё жыццё.

Вялікі паклон майму хлопцу Ларэнцу, Кірылу @lupus.sports за тое, што дазволіў гэтаму здарыцца».

Lupus Sports - гэта скаўцкае агенцтва, якое займаецца працаўладкаваннем футбалістаў у Бельгіі. На Linkedin яго заснавальнікам значыцца Лорэнц Слееуваерт.

У сацсетках новага клуба шмат радасных рэакцый з нагоды перахода, але ў асноўным ад землякоў зімбабвійца:

Заляцеў у каменты і беларускі клуб:

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты