Tribuna/Футбол/Блогі/Virus Spartovy/А вы ведалі, што ў галоўным серыяле пра футбол апошняга часу знялася беларуска?

А вы ведалі, што ў галоўным серыяле пра футбол апошняга часу знялася беларуска?

Вау!

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Бэзавы Кіт
14 ліпеня, 14:47
А вы ведалі, што ў галоўным серыяле пра футбол апошняга часу знялася беларуска?

Акторка Элі Нова (гэта псеўданім) расказала «Еўрарадыё» пра ролю ў знакамітым серыяле «Тэд Ласа», а таксама сваё жыццё да і пасля выхаду карціны пра англійскі футбол.

Магчыма, вы ўжо ведаеце, што гэта за фільм, бо тры сезоны папулярнага амерыканскага серыяла сабралі вельмі шмат добрых водгукаў сярод кінаманаў і футбольных заўзятараў.

Карціна распавядае пра амерыканца Тэда Ласа, які стаў трэнерам англійскай футбольнай каманды «Рычманд», праз жаданне ўладальніцы клуба дапячы свайму былому мужу. Справа ў тым, што Ласа, не мае вопыту ў еўрапейскім футболе - ён працаваў толькі з камандамі па футболе амерыканскаму…

Сярод іншых узнагарод, ён быў намінаваны на 20 прэмій «Эмі», стаўшы самай намінаванай новай камедыяй у гісторыі прэміі.

А цяпер мы даведаліся, што тут ёсць і беларускі ўклад!

«Маёй гераіняй была мадэлька Анастэйша. Гэта тыповая мадэлька, якіх я бачыла шмат, калі жыла ў Дубаі. Я жыла там 9 гадоў, таму ў мяне было досыць часу, каб за імі паназіраць — за дзяўчатамі, чыя ўвага сканцэнтраваная на матэрыяльных рэчах ці статусе. Гэтыя назіранні складваю ў своеасаблівы ўласны архіў. Калі я працавала над роляй Анастэйшы, гэты архіў мне спатрэбіўся. Яшчэ некалькі фізічных асаблівасцяў я пазычыла ў дзвюх сваіх сябровак. І атрымалася Анастэйша», - распавядане Элі, якая шмат гадоў не жыве ў Беларусі. Алена ўжо даўно прадстаўляецца Элі, таму яе блытаюць з францужанкамі.

Актрыса прызналася, што да апошняга не ведала, у якім серыяле яна будзе здымацца:

«Калі мяне запрасілі на пробы, я папрасіла сябра: пачытай са мной сцэну, дапамажы запісаць кастынг. А ён кажа: «Ваў! «Тэд Ласа!»! Рыалі?» І запэўніў: калі атрымаеш такую ролю, гэта будзе вялікі крок у кар’еры. А пасля агент патэлефанаваў і сказаў: «Elee, you’ve got it». Да таго ж, можа, гэта і нядрэнна. Калі я буду думаць пра серыял, у мяне не будзе фокусу на гераіні. А мне было важна зрабіць, вылепіць «Анастэйшу». І вось цяпер я ўжо магу паглядзець, што атрымалася», – кажа Элі.

Гераіня беларускі - мадэль, якая амаль што стала дзяўчынай аднаго з галоўных персанажаў - «Вундэркінда» Нэйтана Шэлі, экіпіроўшчыка каманды, які нечакана для сябе і ўсіх дарос да трэнерства ў «Рычмандзе», а пасля і… Тут не будзем спойлерыць вам другі сезон!

«Яна – поўная супрацьлегласць мне. Яна не сентыментальная, яна не ўмее слухаць, яна ідзе да мэты праз галовы. А я? Я зусім іншая, таму адразу вырашыла, што ў ёй не будзе нічога ад мяне. І так патроху я і зрабіла гэтую дзяўчыну. Здаецца, атрымалася?», - дзеліцца падрабязнасцямі Элі.

Пра Беларусь

Падчас здымак ніхто не пытаў, адкуль ты. О не! Там усе занятыя сваімі справамі, бо кожная хвіліна на здымках каштуе грошай. Калі праца зробленая — трэба пераключацца на іншую. Усе ў фокусе, усе думаюць толькі пра тое, як зрабіць праект лепшым.

А ты робіш тое, што лічыш патрэбным для сваёй гераіні. Рэжысёр можа падказаць, але ж гераіня — гэта цалкам твая творчасць. Ніхто не будзе сядзець побач з табою і абмяркоўваць тваю працу. Працуеш над роляй як скульптар працуе са скульптурай.

Яшчэ нядаўна ніхто не ведаў, хто мы і што мы. А ў 2020 годзе ўсё змянілася. Мне пашанцавала, што ў Лондане я знайшла шмат людзей, якія размаўляюць па-беларуску.

Я вырасла ў рускамоўным асяроддзі, але цяпер стараюся выкарыстоўваць магчымасць пагаварыць па-беларуску. Вось, напрыклад, з вамі. Калі я магу дапамагчы нашай мове заставацца і быць, дык буду гэта рабіць.

Пасля 2020 года аформілася беларуская дыяспара ў Лондане, пра якую я нічога раней не ведала. Было шмат украінцаў, было шмат рускіх — а беларусы былі раскіданыя і жылі паасобку. Цяпер беларусы аб’ядналіся, ладзяць сумесныя івэнты — ды такія, на якіх усім камфортна. Там ніколі не бывае ніякай агрэсіі. Хочаш патрошачку пачынаць размаўляць па-беларуску — як, напрыклад, я — калі ласка! Гэта вельмі… nice. Вельмі найс”, - расказвае Элі.

Эмацыйна было няпроста ў Беларусі. Я пайшла ў мадэльную школу ў 12 гадоў. І ў гэты ж час пачаліся ўсе гэтыя кастынгі ў бікіні: еўрапейскія мадэльныя агенцтвы прыязджаюць у Мінск і адбіраюць дзяўчынак для мадэльнай працы ў такім узросце.

І ты стаіш у гэтым купальніку, дарослыя ў цябе пытаюць, ці размаўляеш ты па-англійску. Я ўвогуле не разумела, што адбываецца. Бацькі таксама не маглі нешта падказаць у гэтай сферы — і ў тыя гады я не падпісала ніводнага кантракта”, - успамінае Элі.

У 16 год яе запрасілі ў поп-групу “Лакі” на бэк-вакал, пачалося супрацоўніцтва з прадзюсарам Кірылам Слукой і Іванам Луцэнкам. А затым - паездка ў Дубай, каб працаваць “мадэлькай і паралельна рабіць сольны музычны праект”. Мадэльная кар’ера ў дзяўчыны пайшла ўгару, і яна проста пачала жыць у Дубаі.

“Вяртацца ў Беларусь? Не, гэтага мне не хацелася, бо я не бачыла, дзе магу рэалізавацца, дзе ў Беларусі магу знайсці тое, пра што мару. А я так мару! Я мару пра вялікія праекты і веру, што ўсё магчыма, калі ёсць унутраны баец, унутраны воін і вера ў тое, што ўсё магчыма”, - марыць беларуска.

Крыніца: “Еўрарадыё”

Іншыя пасты блога

Усе пасты