Tribuna/Валейбол/Блогі/Virus Spartovy/Больш за 92 тысячы заўзятараў на жаночым спартыўным матчы – і гэта не пра фінал ЧС па футболе, гэта студэнцкі валейбол!

Больш за 92 тысячы заўзятараў на жаночым спартыўным матчы – і гэта не пра фінал ЧС па футболе, гэта студэнцкі валейбол!

Рэкорд, які ўражвае 🤩

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Замір Закіеў
31 жніўня, 18:42
Больш за 92 тысячы заўзятараў на жаночым спартыўным матчы – і гэта не пра фінал ЧС па футболе, гэта студэнцкі валейбол!

Студэнцкі спорт у ЗША штогод дэмаструе вялікія паказчыкі па наведвальнасці матчаў. На гульні па баскетболе і амерыканскім футболе прыходзяць дзясяткі і нават сотні тысяч заўзятараў. Але ў гэтым сезоне нас вырашыў здзівіць жаночы валейбол.

Матч пяціразовага чэмпіёна Нацыянальнай асацыацыі студэнцкага спорту «Небраска Карнхаскерс» з камандай «Амаха Мэвэрыкс» арганізавалі на стадыёне «Мемарыял» ў Лінкальне (на ім звычайна праводзяць матчы па амерыканскім футболе). Умяшчальнасць стадыёна – 85 тысяч, але арганізатары ведалі, што на каманду Небраскі прыйдзе паглядзець больш людзей, таму і ўмяшчальнасць павялічылі. У выніку на арэне сабраліся 92 003 заўзятары.

Так «Небраска» ўстанавіла новы рэкорд наведвальнасці жаночага спартовага матча (а яшчэ здабыла ўпэўненую перамогу над саперніцамі – 3:0). Мінулы рэкорд належыў паўфінальнаму матчу жаночай Лігі чэмпіёнаў, які прайшоў на стадыёне «Камп Ноу» паміж «Барселонай» і «Вольфсбургам» (91 648 гледачоў).

Адзначым, што для валейбольнай каманды Небраскі гэта ўжо 306-ы матч запар пры аншлагу. Звычайна дзяўчыны гуляюць на арэне Bob Devaney Sports Center, якая ўмяшчае 8300 заўзятараў, але цяпер яны даказалі, што могуць збіраць і большыя аўдыторыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты