Усе навіны

Фіналістка КМ Сафронава: «Парыж тэарэтычна стаў для мяне бліжэй. І гэты год – самы важны, самы напружаны»

1 лютага 2023, 20:20

Чэмпіёнка Беларусі 2020 і 2021 гадоў па конным спорце і фіналістка Кубка свету-2019 Вольга Сафронава ў інтэрв'ю «Трыбуне» распавяла пра тое, што жадае выступіць на Алімпіядзе-2024 у Парыжы.

Адзначым, у лістападзе 2022 года спартсменка атрымала грамадзянства Польшчы, дзе жыве з чэрвеня 2021-га.

- Алімпіяда стала бліжэй?

- Скажам так, я пачынаю новы этап спартыўнай карʼеры, новую кваліфікацыю. На працягу 2023 года будзе праходзіць адбор на гульні – з 1 студзеня да 31 снежня. Калі ў некаторых відах спорту адбор заканчваецца ледзь не перад Алімпіядай, то ў нас даецца толькі папярэдні спаборніцтваў год. У сакавіку планую прыняць удзел у зімовым чэмпіянаце Польшчы, потым будзе летні, у верасні пройдзе чэмпіянат Еўропы, плюс будуць іншыя міжнародныя спаборніцтвы. Так што год у мяне насычаны і напружаны.

Парыж тэарэтычна стаў для мяне бліжэй. І гэты год – самы важны, самы напружаны. Усе планы, сілы, думкі і сродкі накіраваны на тое, каб трапіць на Алімпіяду яшчэ раз.

- Што для гэтага трэба?

- Паспяхова выступаць на спаборніцтвах, атрымліваць балы, набіраць алімпійскі рэйтынг. У чэрвені будзе камандны турнір, на якім усе краіны з Цэнтральнаеўрапейскай зоны будуць змагацца за адзіную камандную ліцэнзію, у камандзе – тры чалавекі. Польшча, вядома, плануе прыняць удзел у гэтым турніры, пазмагацца за ліцэнзію. Калі там дамагчыся поспеху не атрымаецца, то трэба будзе змагацца за асабістую ліцэнзію. Іх усяго дзве, і яны дастануцца двум лепшым спартсменам у алімпійскім рэйтынгу ў Цэнтральнаеўрапейскай зоне па выніках года.

- Якія краіны ўваходзяць у гэта геаграфічную зону?

- Усе былыя краіны СССР, плюс Чэхія, Венгрыя, Ізраіль, Грэцыя, Славенія, Славакія. Увогуле, дзяржаў дастаткова.

- Для вас будзе асаблівым суперніцтва з Беларуссю?

- Калі выходжу на арэну, не гляджу, прадстаўнік якой краіны мне супрацьстаіць. Так што суперніцтва з Беларуссю наўрад ці будзе для мяне чымсьці асаблівым. Тым больш у нас няма прамога суперніцтва, як, напрыклад, у лёгкаатлетаў, якія бягуць побач з апанентамі па дарожцы. У конным спорце, у выездцы, ты на арэне зусім адзін са сваім канём, ты нават можаш не ведаць, як выступілі супернікі да цябе ці пасля. Ты цалкам сканцэнтраваны на сабе. Так што для мяне галоўнае – гэта наладзіць кантакт з канём, паказваць свой максімум на кожным турніры.

- І ўсё ж жаданне даказаць беларускім функцыянерам, што яны выпусцілі высакакласнага спартсмена, прысутнічае?

- Мне здаецца, што ўся сітуацыя, якая са мной адбылася і, галоўнае, як яна скончылася, ужо і так усім усё даказала і паказала, – сказала Сафронава.