Усе навіны

Экс-дырэктар «Арсенала» Князюк аб стыках з «Макслайнам»: «Клаўнада. У прыватнікаў не было шанцаў у двубоі з АБФФ. Наяўнасць любой 16-й каманды ў Д1 немагчыма зразумець»

1 снежня 2022, 11:19

Экс-дырэктар дзяржынскага «Арсенала» Васіль Князюк пракаментаваў сітуацыю з пераходнымі матчамі за права згуляць у вышэйшай лізе. Нагадаем, што «Арсенал» па суме двух матчаў саступіў «Макслайну» і апусціўся ў першую лігу, аднак Выканкам адмовіў клубу з Рагачова ў ліцэнзаванні ў вышэйшую лігу.

«Арсенал» не меў шанцаў на перамогу ў гэтым двубоі. Інакш не было б таго пенальці на 89-й хвіліне ў Гарадзеі. Ад «лепшага» рэферы 2022 года (маецца на ўвазе Віктар Шымусік – заўв. Tribuna.com).

У прыватнікаў былі шанцы ў двубоі паміж сабой, але не з АБФФ. Калі нельга падвышацца ў класе [«Шахцёру» з] Петрыкава, то ён і не гуляў у пераходных матчах.

Потым, «раптам», высвятляецца, што падвышацца ў класе нельга і [«Макслайну» з] Рагачова. Аб гэтым ведалі ў АБФФ? Абсалютна ведалі. Моцна загадзя. Значыць і Рагачову нельга было гуляць пераходныя. Далей «Астравец». Але і ім нельга! Далей «Лакаматыў» – ім таксама нельга! А па рэгламенце пераходзіць у вышэйшую лігу могуць клубы да 6 месца ўключна, калі тыя, хто мае права па нейкіх матывах адмовіўся ці не змог. Па логіцы, раз «Арсеналу» няма з кім гуляць (а нікому нельга з 3 па 6 месца першай лігі ўключна), то «Арсенал» застаецца ў вышэйшай лізе? Не.

І рандомна выбіраецца «Макслайн», які разам з дзяржынцамі прымусілі гуляць у гэтай клаўнадзе.

Дзяржынск не выйграў бы ні пры якіх умовах, інакш чаму іх не пакідаюць у лізе, раз ніхто не мае права туды паднімацца? І Дзяржынску кажуць што «вы ж па спартыўным прынцыпе прайгралі, значыць, не маеце права». А што супернік са старту не меў права на выхад у вышку – “вы не разумееце, гэта іншае».

«Макслайн» выйграў сумленна! Але яго і не збіраліся пускаць. Але раз так, то няхай «Арсенал» згуляе пераходны з тым, хто заслужыў: з [«Шахцёрам» з] Петрыкава! І няхай там прайграе.

Логіку АБФФ зразумець немагчыма, як і наяўнасць любой 16-й каманды ў вышэйшай лізе. З першай можна браць да 6 месца. А «Віцебск» і «Дняпро» па спартовым прынцыпе вылецелі яшчэ раней за «Арсенал».

Подла ўсё гэта. Подла ў адносінах да Дзяржынска. Тым больш подла ў адносінах да Рагачова. Асабліва подла ў адносінах да тых, хто ўсю ноч чысціў газон. Хто ўсім горадам святкаваў выйсце ў вышэйшую лігу. Хто марыў пра гэта - такога ніколі ў гісторыі Рагачова не было.

Але, як сказалі старажытныя: сумленне – велічыня сталая, а федэрацыя расце...» – напісаў Князюк.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com