Усе навіны

Андрэй Шаўчэнка: «Здацца - апошні выбар для ўкраінцаў»

17 снежня 2022, 11:58

Былы галоўны трэнер зборнай Украіны Андрэй Шаўчэнка расказаў аб візіце ва Украіну і сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім.

«Настрой ва ўкраінцаў неверагодны, нават у такой складанай сітуацыі. Людзі супрацоўнічаюць. У Украіны ёсць сіла і нязломны дух. У нас няма іншага выбару.

Апошні выбар для нас — проста здацца. Тады для Украіны ўсё скончыцца. У нас вельмі дакладная мэта — мы змагаемся за сваю зямлю, за нашу будучыню. У нас сапраўды адзіны народ.

У Кіеве я быў блізкі да аднаго з удараў РФ беспілотнікамі. Я знаходзіўся прыблізна за 2 км ад удару. Адзін з цэнтральных электрычных генератараў быў уражаны. Расіяне спрабуюць паразіць крытычную інфраструктуру. Гук ад выбуху быў вельмі магутным.

Калі я прыязджаю ў зону баявых дзеянняў, я ведаю, што тамака можа здарыцца. Гэта неверагоднае пачуццё, калі ты туды едзеш. Людзі пакутуюць, але яны вельмі згуртаваны. Мы ведаем, што рабіць, мы ведаем, як выжыць, мы ведаем, што мы мусім быць разам.

Калі ў некаторых месцах вяртаецца святло, ты тэлефануеш сябрам і запрашаеш іх дадому, прапануеш ім прыняць душ, дзелішся ежай. Гэта тое, што людзі робяць — проста супрацоўнічаюць, спрабуючы дапамагчы адзін аднаму.

Пакуль я быў ва Украіне, адбыўся званок у Zoom з амбасадарам ЗША. Аляксандр Усік таксама быў там, мы абмяркоўвалі, як у гэтай сітуацыі мы можам дапамагчы ўкраінскаму народу.

Мы пачынаем новы праект, каб сабраць сродкі для людзей, якія маюць патрэбу ў генератарах. Найважнейшая крытычная інфраструктура: больніцы, палявыя шпіталі, месцы, дзе праводзяць аперацыі дзецям і салдатам. Гэта трэба для таго, каб даць ім усім шанец ратаваць жыццё людзей», — сказаў Шаўчэнка.

Нагадаем, з 24 лютага Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.