Усе навіны

Беларускі паўабаронца Васькоў пра уключэнне ў «чорны спіс»: «Іх справа. Я ад сваёй пазіцыі не адмаўляюся»

4 траўня 2023, 14:15

34-гадовы паўабаронца Арцём Васькоў распавёў пра тое, як ён патрапіў у «чорны спіс» лукашэнкаўскага міністэрства спорту.

Нагадаем, што ў «чорны спіс» Мінспорту ўвайшлі 50 футбалістаў, якім забаронена працаваць у Беларусі. Спіс складзены на падставе відэа супраць гвалту, якое беларускія футбалісты выпусцілі пасля выбараў-2020.

– Як даведаліся пра тое, што знаходзіцеся ў «чорным спісе» футбалістаў?

– У 2020 годзе зняўся ў відэа, у якім выказаўся супраць гвалту, і нічога дрэннага ў сваіх словах не бачу. Любы нармальны разважны чалавек супраць гвалту. А калі пазыцыя грамадзяніна, які выказаўся супраць гвалту, не дазваляе яму жыць і працаваць у Беларусі, то тут пытаньні трэба задаваць людзям наверсе. У клубе пазбаўляюць працы, калі ты выказаўся супраць гвалту… У мяне тады адно пытанне: а ці павінен я ўвогуле знаходзіцца ў гэтым клубе? Ці хачу я сам там працаваць? Тое, што мяне змясцілі ў «чорны спіс» – ну, прынялі такое рашэнне, іх справа. Я ад сваёй пазіцыі не адмаўляюся.

Калі буду бачыць, што праяўляецца гвалт да людзей у Беларусі, да грамадзян іншай краіны, я заўсёды выкажу, што гэта дрэнна. Мяне так выхоўвалі: чорнае павінна быць чорным, белае – белым. І калі ты баішся назваць рэчы сваімі імёнамі, выказацца прама, значыць, ты баязлівец. Калі мая пазіцыя мяшае камусьці, не дазваляе тым жа клубам прымаць мяне на працу, значыць, буду шукаць варыянты там, дзе за маё меркаванне не будуць прэсаваць. Гэтак жа і па сітуацыі з вайной. Я супраць вайны, як любы адэкватны чалавек, і вельмі спадзяюся, што хутка ўсё скончыцца.

– І ўсё ж як вы даведаліся, што патрапілі ў спіс?

– А ніхто мне не казаў, і я сам нікога не прасіў даведвацца. Як і ўсё, даведаўся з інтэрнэту. Паўтаруся: раз прынялі такое рашэнне – іх справа. Ад сваёй пазіцыі я адмаўляцца не буду, – сказаў Васькоў.