Усе навіны

Чэпа пра «дагаварнякі»: «У нас атрымліваюць 500 долараў за месяц. Дай тысячу – тры мячы заб'юць у свае вароты»

18 траўня 2023, 11:06
3

Экс-кіраўнік судзейскага дэпартамента і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа ў размове з «Еўрарадыё» распавёў пра тое, чаму беларускі чэмпіянат прывабны для дамоўных матчаў.

– Я і раней чуў, што вось як быццам былі падазрэнні на нейкія дагаворныя матчы, але асудзілі толькі цяпер. Гэта так цяжка даказаць. Ці ў чым прычына? Ці не было, а проста чуткі хадзілі раней?

– Не, усё гэта было. Я ў футболе даўно магу сказаць, што столькі ўсяго было, што калі ўсіх пакараць, то ў нас проста нікога б не засталося б, мусіць, у нашым футболе.

Гэта ўсё было, проста зараз прыйшоў, можна сказаць, такі загад. Заказ на канкрэтных людзей. Таму вырашылі ўзяцца зараз.

Гэта значыць, у нас можна ў любы дзень пачынаць гэтыя справы па выкрыцці дамоўных матчаў. І заўсёды можна нешта, як я называю, накапаць. Заўсёды. У любой лізе: вышэйшай, першай, другой.

Але зараз проста вось камусьці гэта спатрэбілася. Гэта сто працэнтаў. У нас заўсёды нешта ўзнікае па дамоўных матчах, калі камусьці нешта трэба. Вось чаму заказ прыйшоў на Галаватага, на «Шахцёр». Вось менавіта зараз. Чаму? Застаецца толькі здагадвацца.

– Добра, тады іншы момант. Я разумею, дамоўныя матчы ў якой-небудзь суперлізе, дзе круцяцца мільёны, калі не мільярды. А тут беларускі футбол. Асабліва, калі вы гаворыце першая ліга. Якія там грошы, які сэнс?

– Ну, я вам магу сказаць так. Калі гаворка ідзе пра букмекерскія канторы, то ім усё роўна, на якіх гульнях зарабляюцца грошы. І на Лізе чэмпіёнаў, і на першай лізе Беларусі тыя самыя грошы ходзяць. Вобразна кажучы.

Вось калі была другая хваля дамоўных матчаў, я стаяў ля вытокаў расследавання і разбіраўся ў самым пачатку. На адной гульні Кубка Беларусі, 1/16 фіналу, была гульня «Ліда» – «Мінск». Дык вось, зарабіла арганізаваная злачынная групоўка больш за 900 тысяч долараў. На гэтай гульні. Здавалася б «Ліда», каманда першай лігі, і футбольны клуб «Мінск»… 900 тысяч. «Орша» – «Віцебск» – каля 700 тысяч. Вось такія грошы там прыкладна круцяцца.

Але вось у трэцяй хвалі, пра якую мы зараз гаворым, тут букмекерскія канторы не задзейнічаны. Тут інтарэсы «Шахцёра» пераследаваліся. Гэта значыць «Шахцёру» трэба было стаць чэмпіёнам. Яны б, напэўна, і так абыгралі б гэтую «Белшыну» ў апошнім туры, калі параўнаць склад «Шахцёра» і «Белшыны». Але яны вырашылі падстрахавацца, даць 20 тысяч долараў і забяспечыць ужо жалезную перамогу.

Адкуль гэтыя 20 тысяч? Вось гэтае іншае пытанне. Тут размова ішла толькі пра 20 тысяч. Гэта значыць тут аб мільёнах не ішла гаворка.

Таму ў Беларусі чым прыцягальна для груповак гэтых злачынных, што ў нас лягчэй забясьпечыць вынік. Гэта значыць, у той жа Англіі, у той жа Іспаніі, уяўляеце, колькі трэба заплаціць гульцу, які і так атрымлівае мільёны даляраў у год, каб ён прайграў матч. Тамака таксама мільёны плаціць трэба.

А ў нас людзі атрымліваюць, груба кажучы, 500 долараў за месяц. Ім дай тысячу, і яны табе тры мячы заб'юць у свае вароты. Вось такая логіка. Таму наш чэмпіянат вельмі прывабны для тагасветных усялякіх гульняў.

Але вось гэтая трэцяя хваля «Шахцёра», гэта ўсё ж не букмекеры.

Але ўсё роўна, разумееце, прапанавалі 20 тысяч долараў Гомзе. Але вось прапануй 20 тысяч долараў, груба кажучы, Бускетсу. Што ён скажа? 20 мільёнаў ён яшчэ можа падумаць.

А Гомза ўзяў 20 тысяч долараў, і для яго гэта манна нябесная. Ён можа купіць у Бабруйску... Што ён там можа купіць? Пол-універсама, каўбасы.

А ў любым іншым цывілізаваным свеце з 20 тысячамі ты не падыдзеш да футбаліста, каб забяспечыць вынік. Таму тут я б не сказаў, што тут вялізныя грошы задзейнічаныя. 20, 15 тысяч, вось такія грошы.

На жаль, адна з прычын, чаму нашы футбалісты ідуць на дамоўныя матчы, з-за таго, што яны бедныя, – сказаў Чэпа.